Гэтымі днямі вучням і гасцям Паўстынскай сярэдняй школы Слуцкага раёна Мінскай вобласці няма калі сумаваць. Менавіта адсюль пад кіраўніцтвам настаўніка рускай мовы і літаратуры Ігара Жыціна дзеці пракладуць маршрут па розных пунктах краіны, адкрываючы іх з нечаканага для сябе боку.
Праект пад назвай “Пілігрым” нарадзіўся ў 2010 годзе. Ён спалучае ў сабе экскурсію і навучанне арганізацыі маладзёжна-даследчых экспедыцый краязнаўчага характару. На працягу дзевяці дзён удзельнікі падарожнічаюць па пэўным маршруце, які распрацоўваюць самі. Ён падзелены на 2 часткі — экскурсійную і вучэбную. У першай дзеці адпрацоўваюць зацверджаны маршрут, а ў другой іх вучаць выходзіць з розных сітуацый.
Як адзначае куратар праекта Ігар Жыцін, перад удзельнікамі ставіцца звышзадача: ім прапаноўваецца расказаць пра Беларусь сваякам, якія прыехалі з-за мяжы. Задача дзяцей на гэтым этапе — з любога пункта краіны зрабіць цікавы, пазнавальны маршрут, паказваючы пры гэтым розныя гістарычныя аспекты і не абмяжоўваючыся буйнымі аб’ектамі: Белавежскай пушчай, Мірам, Нясвіжам і Брэсцкай крэпасцю. Ім ёсць з чаго выбіраць — у Беларусі некалькі тысяч помнікаў.
У якасці галоўнай перашкоды для правядзення мерапрыемства Ігар Жыцін, смеючыся, называе толькі пагаршэнне надвор’я — ніколі не ўзнікала цяжкасцей ні з наборам людзей, ні з фінансаваннем, ні з транспартам. Да таго ж, адзначае куратар, ёсць людзі і арганізацыі, якія кожны раз прыходзяць на дапамогу.
Для распрацоўкі маршруту запрашаюцца ўдзельнікі з розных рэгіёнаў. Адметна, што месцы для наведвання прапаноўваюцца не настаўнікамі, а самімі вучнямі. Затым вызначаецца маршрут, які абяцае быць цікавейшым за астатнія. Даведацца аб правядзенні экскурсіі можна на сайце Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА, а каб прыняць удзел у ёй, неабходна запоўніць анкету, размешчаную там жа. Пры адборы дзяцей улічваецца іх матываванасць.
Сёлета ў лік дваццаці чатырох удзельнікаў увайшлі прадстаўнікі Слуцка, Салігорска, Мінска, Гродна, Брэста, Жлобіна і Маладзечна. Падарожнікі вырашылі наведаць Віцебскую вобласць. На шляху яны адкрылі для сябе Барысаў, Чарэю, Сянно, Бешанковічы, Ушачы і іншыя населеныя пункты. У Мёрах падарожжа ненадоўга спынілася, бо менавіта тут праходзіць вучэбная частка. Пасля праз Шаркаўшчыну і Глыбокае ўдзельнікі паедуць на Вілейскае вадасховішча, дзе адбудзецца адна з самых цікавых падзей маршруту — пасвячэнне ў пілігрымы.
Пасвячэнне праводзіцца з 2011 года і ўжо стала неад’емнай часткай падарожжа. Кожны ўдзельнік дасць адмысловую клятву. “Матываванасць праглядаецца ў вачах кожнага дзіцяці, і гэтаму немагчыма нарадавацца”, — заўважыў Ігар Жыцін.
Ірына ІВАШКА.
Фота з архіва Ігара ЖЫЦІНА.