Падарожжа па Слуцку: прэзентацыя віртуальнай экскурсіі

- 13:05Образование

Ці можам мы трапіць у любы пункт свету адразу ж, як толькі гэтага захочам? У выхаванцаў дзіцячага сада № 19 Слуцка ёсць такая магчымасць.

Ва ўмовах укаранення сучасных тэхналогій у адукацыйны працэс перад педагогамі стаіць задача пошуку новых форм і метадаў работы. Адной з эфектыўных форм работы па фарміраванні ў дзяцей дашкольнага ўзросту ўяўленняў пра сваю малую радзіму, а таксама пра нашу краіну з’яўляецца віртуальная экскурсія.

Віртуальная экскурсія дапамагае рэалізоўваць прынцып развіццёвага навучання, дазваляючы дзецям атрымліваць наглядную і дакладную інфармацыю аб месцах, якія немагчыма наведаць тут і зараз. Такая форма работы дапамагае павысіць узровень інфармацыйна-камунікацыйнай кампетэнтнасці выхаванцаў.

У віртуальных экскурсій няма меж. Дзеткі мо­гуць наведаць любую краіну, азнаёміцца з яе славутасцямі, нягледзячы на адлег­ласць і ўмовы надвор’я. У віртуальным падарожжы малышы могуць наблізіць або аддаліць які-небудзь аб’ект, агледзецца па баках, падрабязна разгледзець асобныя дэталі інтэр’ера, абысці ўвесь музей, у які яны трапілі.

Падчас рэалізацыі абласнога педагагічнага праекта “Укараненне методыкі фарміравання ў дзяцей да­школьнага ўзросту ўяўленняў аб нацыянальнай спецыфіцы краін свету” выхаванцы нашай установы выкарыстоўвалі віртуальныя экскурсіі для знаёмства са славутасцямі і сацыяльнымі аб’ектамі роднага горада. Дзеткі захацелі даведацца, якія знакамітыя мясціны ёсць у Слуцку і якое гістарычнае значэнне яны маюць, каб потым расказаць гэта выхаванцам іншых груп, сваім бацькам і ўсім, каго зацікавіць такое пытанне.

Пра тое, як умеюць падарожнічаць выхаванцы і педагогі нашай дашкольнай установы, раскажам на прыкладзе экскурсіі да помніка Настассі Слуцкай. Яе распрацавалі выхаванцы спецыяльнай групы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. Чаму менавіта гэтая тэма зацікавіла іх? Дзеці сказалі, што помнік Настассі Слуцкай лічаць галоўнай славутасцю Слуцка.

Мэта і задачы экскурсіі: даведацца больш пра гісторыю помніка і адка­заць на пытанне, чаму жыхары горада называюць Настассю жанчынай-легендай. На кожным з этапаў дзеці знаходзяцца ў цесным супрацоўніцтве з педагогам. Вельмі важна, каб настаўнік быў побач з выхаванцамі і дапамагаў ім, калі ўзнікаюць цяжкасці, аднак не выконваў усё за іх.

На этапе адбору літаратуры, работы над зместам экскурсіі, напісання тэксту да работы далучаюцца
іншыя ўдзельнікі адукацыйнага працэсу. Педагог складае тэкст. Бацькі з дзецьмі чытаюць яго некалькі разоў, задаюць пытанні. Пасля дзеці расказваюць, пра што гэты тэкст, што больш за ўсё ім запомнілася, спрабуюць пераказаць. Пераказ бацькі запісваюць на дыктафон, а пасля на паперу. Гэты этап вельмі важны, бо дапамагае дзецям успрымаць інфармацыю. Педагог у сваю чаргу звяртае ўвагу на новыя словы і прыгожыя маўленчыя звароты, тлумачыць іх значэнне.

У якасці экскурсаводаў могуць выступаць як педагогі, так і выхаванцы. Гэта не толькі падагравае ціка­васць да пазнавальнай дзейнасці, але і спрыяе развіццю ў дзяцей навыкаў маўленчых зносін, дапытлівасці, пазнавальнай актыўнасці.

Падчас стварэння віртуальнай экскурсіі задзейнічаны розныя віды дзіцячай дзейнасці: пазнавальная, маўленчая, гульнявая, мастацкая.

Прэзентацыя віртуальнай экскурсіі

Віртуальная экскурсія даказала сваю эфектыўнасць як у рабоце са звычайнымі дзецьмі, так і з выхаванцамі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. За ўвесь час нашымі выхаванцамі былі распрацаваны віртуальныя экскурсіі да помнікаў Настассі Слуцкай, маршалу Жукаву, Слуцкай узбуйненай друкарні, а таксама экскурсія па Брэсце.

Стварэнне віртуальных экскурсій дазваляе разнастаіць і зрабіць больш эфектыўным адукацыйны пра­цэс не толькі для дзяцей, але і для іх бацькоў. Работа з дарослымі мае вялікае значэнне, бо спрыяе пазнанню, актыўнаму ўзаемадзеянню дзяцей з прадметамі, аб’ектамі і з’явамі прыроднага, сацыяльнага і культурнага значэння.

Любая новая форма работы з дзецьмі з’яўляецца педагагічным феноменам, які прадастаўляе магчымасц­ь вырашэння многіх задач. Але самае важнае — яна дапамагае ў асобасным удасканаленні педагога, развіцці ў яго крэатыўнасці.

Вікторыя ГЯЧ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
дзіцячага сада № 19 Слуцка