Падарожжа пад гукі цымбалаў

- 11:02Навіны рэгіёнаў

Убачыць Гродзеншчыну з вышыні птушынага палёту змогуць навучэнцы і настаўнікі Рыжскай асноўнай беларускай школы. Маляўнічае выданне з такой назвай падарылі гасцям з Латвіі на сустрэчы ў гродзенскай гімназіі № 4.

Паездкі на гістарычную радзіму для рыжскіх школьнікаў арганізоўваюцца пастаянна. У Гродне дэлегацыя пабывала другі раз. Для гасцей упраўленнем адукацыі Гродзенскага аблвыканкама і абласным Цэнтрам турызму і краязнаўства была арганізавана багатая экскурсійная праграма: яны пабывалі ў Каложскай царкве і Фарным касцёле, музеі гісторыі рэлігіі і гісторыка-краязнаўчым музеі, на спектаклі ў тэатры лялек. У Гудзевіцкім літаратурна-краязнаўчым музеі рыжскія школьнікі сталі ўдзельнікамі анімацыйнай праграмы “Калі ласка, у хату!”. Яны спявалі беларускія песні і прыпеўкі, танцавалі народныя танцы і паспрабавалі свае сілы ў традыцыйнай народнай творчасці: селі за старадаўнія кросны, убачылі калекцыю ўнікальных вырабаў у тэхніцы падвойнага ткацтва, мастацтва якога дагэтуль існуе на Мастоўшчыне.
Госці з Латвіі азнаёміліся і з умовамі навучання гродзенскіх равеснікаў у гімназіі № 4 і сярэдняй школе № 39.
— Вельмі спадабаліся навучальныя ўстановы, уразіла пазакласная работа з дзецьмі, музеі, якія тут створаны, — падзялілася ўражаннямі настаўніца беларускай мовы і літаратуры Рыжскай асноўнай беларускай школы Святлана Главацкая.
А вось вучаніц Рыжскай школы Алісу Савіну і Дар’ю Лявыкіну, якія з’яўляюцца ўдзельніцамі этнаграфічнага калектыву “Вавёрачка”, зацікавіла выступленне вучняў 39-й школы аб гісторыі Гродна, знакамітых дзеячах асветы і культуры Беларусі і канцэртныя нумары, дзе гучалі беларускія цымбалы.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.