Педагагічны калектыў сярэдняй школы № 34 Магілёва працягвае развіваць супрацоўніцтва з установамі адукацыі Тулы.
Напярэдадні бягучага навучальнага года кіраўніцтва школы падпісала пагадненне аб узаемадзеянні з тульскім цэнтрам адукацыі № 40 імя І.А.Дзяменцьева. За непрацяглы час установы ўжо знайшлі шмат напрамкаў для агульнай работы па ўдасканаленні якасці навучання.
— Пакуль працуем у дыстанцыйнай форме. Калі дакладней, арганізоўваем сумесныя педагагічныя саветы па актуальных тэмах. Разам з расійскімі калегамі мы ўжо дэталёва абмеркавалі прынцыпы работы па прафарыентацыі і профільным навучанні. Педсавет у рэжыме анлайн дазволіў абмяняцца меркаваннямі, станоўчым вопытам у гэтым кірунку. У найбліжэйшы час плануем пагутарыць такім чынам ужо наконт папулярызацыі сярод падрастаючага пакалення здаровага ладу жыцця, — расказаў дырэктар установы Ігар Якіменка.
Добрыя сяброўскія ўзаемаадносіны 34-я школа наладзіла і з тульскім кадэцкім цэнтрам. Супрацоўніцтва з гэтай навучальнай установай вядзецца ў асноўным у плане патрыятычнага выхавання моладзі. Надоечы тульскія кадэты зноў завіталі ў магілёўскую школу. Тут для расійскіх і беларускіх падлеткаў былі праведзены інтэрактыўныя мерапрыемствы, якія далі ім магчымасць пазнаёміцца, пагутарыць адно з адным, расказаць пра свае краіны. Да таго ж госці з Тулы ў гэты свой візіт прыехалі ў школу за асаблівым падарункам.
— Калі былі ў 34-й школе мінулы раз, нас вельмі ўразіў музей баявой славы. Тады мы паабяцалі, што ўласнымі рукамі зробім для адной з экспазіцый макет подзвігу чырвонаармейца-артылерыста М.У.Сірацініна. Сваё абяцанне мы выканалі і мяркуем, што макет зробіць музейную экспазіцыю больш нагляднай і інфармацыйнай, — адзначыў дырэктар кадэцкага цэнтра Аляксей Дзярабін.
Пасля заканчэння візіту двума бакамі была падкрэслена асаблівая важнасць такіх сустрэч, якія спрыяюць павышэнню сацыяльнай адказнасці і патрыятычных пачуццяў моладзі.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.