Падлеткавы мобінг у школе: гэта нас не датычыцца?

- 14:50Сацыяльны ракурс

Словы “булінг”, “мобінг” не ўсім знаёмы, хаця яны азначаюць вядомую многім з’яву — цкаванне. Гаворка ідзе пра наўмысныя агрэсіўныя паводзіны, якія сістэматычна паўтараюцца і дэманструюць варожыя адносіны аднаго чалавека або групы асоб у дачыненні да іншага чалавека або групы.

Больш за 30 гадоў маю зносіны з падлеткамі, назіраю за імі, спрабую зразумець, чаму для многіх з іх мобінг (кібермобінг) стаў нормай у адносінах. Канечне, гэтая праблема не новая: яна заўсёды існавала ў арганізаваных калектывах. Але адносіны да мобераў былі іншыя: іх паводзіны асуджаліся, яны не станавіліся ўзорам для пераймання. Зараз пра іх гавораць, яны мільгаюць на экране ТБ, іх брудныя “вырабы” тыражуюцца ў сацыяльных сетках — моберы папулярныя.

На жаль, нават некаторымі дарослымі цкаванне ўспрымаецца як частка нармальнага шляху сталення, як своеасаблівы элемент выхаваўчага працэсу. “Усё само сабой вырашыцца, такая школа жыцця нават карысная”, — такія выказванні прыходзіцца чуць часам ад нядаўніх выпускнікоў.

Не магу з гэтым пагадзіцца. Падлетку, які падпаў пад цкаванне ў любой форме, здаецца, што супраць яго паўстаў увесь свет, але ён лічыць за лепшае пераносіць усё моўчкі, не дзяліцца з дарослымі праблемай узаемаадносін з равеснікамі. Аб тым, што адбываецца ў падлеткавым асяроддзі, мы, дарослыя, можам толькі здагадвацца. І наша ўмяшанне не заўсёды бывае дзейсным. Я сутыкнулася з гэтай праблемай, перажыла яе разам з бацькамі падлетка, які падпаў пад мобінг у класе, і магу падзяліцца сваімі назіраннямі і вопытам.

Паколькі мобінг — гэта сацыяльная з’ява, уласцівая арганізаваным калектывам, то ў школе мы пастаянна назіраем яго праявы ў той ці іншай ступені. Асабліва абвостраная форма цкавання — кібермобінг. Матэрыялы, якія няславяць гонар і годнасць, публікуюцца ў сетках і становяцца даступнымі для ўсеагульнага аглядання, робіцца гэта часта бяздумна, дзеля жарту. А наступствы гэтых так званых “прыколаў” могуць быць вельмі сур’ёзнымі. Меркаванне равеснікаў для падлеткаў асабліва значнае. Для іх важны ўласны вобраз у вачах сяброў, аднакласнікаў, знаёмых. Варожыя дзеянні, якія сістэматычна паўтараюцца і прыніжаюць асобу падлетка, могуць стаць прычынай трагедыі, нават суіцыду.

“Усе на новенькага!” — так можна ахарактарызаваць тое, што адбывалася ў маім 9 “Б”. Псіхалагічнае і маральнае непрыманне навічка вызначалася па-рознаму: з ім адмаўляліся сядзець за адной партай, не хавалі задавальнення, калі ў яго нешта не атрымлівалася, амаль не мелі зносін з ім, жэстамі і мімікай паказвалі сваю пагарду. Звычайнага ў такіх выпадках ярлыка (тупы, зубрыла, шасцёрка, выскачка і г.д.) не было. Можна выказаць здагадку, што спрацавала супрацьстаянне “свой — чужы”. Згуртаваны, арганізаваны калектыў са сваімі традыцыямі і правіламі, які сфарміраваўся яшчэ ў пачатковай школе і здаваўся цалкам добрым, “захварэў” на мобінг.

Падлетак стараўся наладзіць нармальныя адносіны з аднакласнікамі, спрабаваў атрымаць адказ на пытанне аб прычынах непрыязных да сябе адносін, але глухую сцяну неразумення разбурыць не ўдалося. Мае гутаркі з крыўдзіцелямі, з іх бацькамі таксама не далі чаканага выніку. Вастрыню праблемы зняць не ўдалося: не такімі відавочнымі сталі знешнія праявы мобінгу, але ўнутранае супрацьстаянне толькі ўзмацнілася.

Пісьмовы зварот бацькоў падлетка, якога прыгнятаюць, да яго аднакласнікаў стаў яшчэ адной спробай прымусіць усіх задумацца аб тым, што адбываецца, да якіх наступстваў прыводзіць цкаванне і што адчувае той, каго прыгнятаюць.

Звычайныя меры ўздзеяння не дапамагалі. Вывучаючы праблему, якая ўзнікла ў класе, я была здзіўлена: навучэнцы прызнаюць, што цкаванне ў класе ёсць, ведаюць арганізатараў, але ніхто не змог растлумачыць, навошта і з якой мэтай гэта робіцца. Для таго, каго прыгняталі, самымі балючымі былі два пытанні: што з ім не так і за што да яго так адносяцца, бо нічога дрэннага нікому ён не зрабіў. Але ніхто з яго аднакласнікаў не мог адказаць на гэтыя пытанні.

Нематываваная агрэсія ў адносінах да добразычлівага, міралюбівага падлетка: адзін пакутуе ад пытанняў пра ўласную непаўнацэннасць, другія зневажаюць, абражаюць, ігнаруюць яго без яўнай прычыны, а трэція проста назіраюць за тым, што адбываецца. У калектыве, атручаным мобінгам, ніхто не адчуваў сябе камфортна.

Выснова напрошвалася сама сабой: праблему трэба абмяркоўваць адкрыта; трэба стварыць такія ўмовы, каб усе зразумелі, у чым яны ўдзельнічаюць, усвядомілі сваю ролю і ўбачылі сябе збоку.

Інтэрактыўная гульня з элементамі трэнінгу “Мобінг — гэта нас не датычыцца?”, якая была выклікана неабходнасцю — абвастрэннем сітуацыі прыгнёту ў класе, спрыяла вырашэнню праблемы. Матэрыялы размешчаны ў блогу настаўніка ФІЛАЛАГІЧНЫ ЛІКБЕЗ / укладка “КРУГАГЛЯД”, рэжым доступу: http://flikbez.blogspot.com.by.

На падрыхтоўчым этапе было праведзена апытанне бацькоў, каб даведацца, што яны зробяць, калі іх дзіця стане ахвярай цкавання або прыгнятальнікам. Навучэнцы таксама адказвалі на такія пытанні. Дзякуючы гэтаму ўдалося папярэдне ацаніць сітуацыю. Далей бацькі былі азнаёмлены з ананімным апытаннем навучэнцаў, а апошнія настроіліся на прызнанне, што ў іх класе існуе праблема мобінгу. Бацькі атрымалі поўную інфармацыю пра паняцці мобінгу, булінгу, а дзеці вучыліся размяжоўваць гэтыя паняцці. Паглыбляючыся ў праблему, бацькі звярнуліся да класікі, прагледзеўшы фрагменты мастацкага фільма “Пудзіла” і мультфільма “Гадкае качаня”. Дзеці ж стваралі кластар “Формы праявы мобінгу”. Такім чынам бацькі і дзеці праявілі гатоўнасць да актыўнага супрацоўніцтва.

Дарослыя і дзеці ў выніку ўсвядомілі сур’ёзнасць сітуацыі прыгнёту: аказалася, што яна закранае не толькі падлеткаў, але і дарослых. Выснова: ніхто з бацькоў не адобрыў мобінг, але іх умяшанне ў сітуацыю не заўсёды дарэчы.

Пісьмо бацькоў А. да яго аднакласнікаў

Калі наша дзіця ў сувязі з пераездам пайшло ў іншую школу, мы яго папярэдзілі, што аднакласнікі не адразу прызнаюць яго сваім, будуць вывучаць, прыглядацца. Але вось ужо прайшла 1-я чвэрць, а сын нічога не расказвае пра новых сяброў, пра аднакласнікаў. Ён пачаў шукаць прычыну, каб не пайсці ў школу, стаў нервовым, зласлівым, замкнутым. Мы спрабавалі з ім пагаварыць, высветліць, што адбываецца, але ён доўга маўчаў. Аднойчы ўсё ж такі не вытрымаў і расказаў, што з ім ніхто не размаўляе, абыходзяць яго бокам, хаця ён быў бы рады мець зносіны; штурхаюць быццам выпадкова. Ён сам, першы, пасля таго як яго крыўдзілі, на наступны дзень ішоў на кантакт. Думаў, што калі ўбачаць, што ён не крыўдзіцца, не абураецца і не скардзіцца, ім не захочацца яго дражніць. Але гэта не дапамагло.

Аднойчы ён заявіў, што будзе даваць здачы крыўдзіцелям і сіл пастаяць за сябе ў яго хопіць. Мы вырашылі дзейнічаць самі: звярнуліся да крыўдзіцеляў, іх бацькоў, да класнага кіраўніка. Як і трэба было чакаць, кожны з бацькоў абараняе сваё дзіця. Класны кіраўнік зрабіў усё магчымае, каб наставіць на розум крыўдзіцеляў. Сын ужо без боязі ходзіць у школу, але па-сапраўднаму адносіны з аднакласнікамі так і не наладзіліся. Мы хочам зразумець, што адбываецца, што з ім не так…

У час гульні бацькі працавалі з плакатам “Удзельнікі мобінгу”, дзе абмяркоўвалі ахвяру, прыгнятальніка, назіральнікаў мобінгу. Навошта моберы прыгнятаюць ахвяру? Ці будуць яны здзекавацца з ахвяры, калі не будзе сведак, назіральніка? Чаму сведкі, назіральнікі, нават тыя, хто спачувае ахвяры, маўчаць? Ці можна быць упэўненым у тым, што вы аднойчы не будзеце ў ролі ахвяры? Ці можа мобінг быць справядлівым? Дарослыя шукалі адказы на ўсе гэтыя пытанні. Дзеці ж прыйшлі да высноў, што моберы самасцвярджаюцца за кошт ахвяры, бо спектакль разыгрываецца для сведак, не будзе зацікаўленай публікі — не будзе і цкавання. Адбылося ўсведамленне непрывабнасці ролі мобера, значнасці сведак у сітуацыі прыгнёту. Усе зразумелі, што сведкі, якія нават спачуваюць ахвяры, заўсёды маўчаць на баку мобера. Бацькі паспрабавалі свае сілы ў мазгавым штурме “Што рабіць?”, склалі памятку “Калі цябе прыгнятаюць…”, а дзеці калектыўна спрабавалі знайсці вырашэнне праблемы. Адбылося ўсведамленне несправядлівасці цкавання, а таксама мысленнае прайграванне роляў, усведамленне пачуцця адказнасці за ўсё, што адбываецца.

Быў арганізаваны адкрыты мікрафон, і кожны з бацькоў мог выказаць свой пункт гледжання па тэме, якая абмяркоўвалася. Падлеткі далучыліся да акцыі “Мы супраць мобінгу!” (прышпілілі эмблемы-сімвалы), усвядоміўшы неабходнасць барацьбы з мобінгам.

Такім чынам, быў сабраны матэрыял для навукова-даследчай работы “Падлеткавы мобінг у школе: погляд знутры”, арганізавана вывучэнне праблемы ў маштабах школы з выкарыстаннем інтэрнэт-рэсурсу на сайце школы, праведзена акцыя “Скажам мобінгу не!”, створаны медыяпрадукт “Мобер небяспечны для ўсіх!” (мультфільм).

На мой погляд, былі цікавымі і значнымі ўсе 7 асноўных этапаў мерапрыемства: падрыхтоўчы (пісьмовае апытанне падлеткаў і іх бацькоў), паглыбленне ў тэму (прагляд фрагментаў фільмаў са сцэнамі цкавання) і выяўленне прымет мобінгу, ролевая гульня-імправізацыя “Маё дзіця крыўдзяць!”, мікрадаследаванне “Удзельнікі мобінгу”, мазгавы штурм “Што рабіць?”, стварэнне памяткі “Калі цябе прыгнятаюць”, адкрыты мікрафон “Не магу маўчаць!”, акцыя “Скажам мобінгу не!”. Паслядзеянне было сацыяльна значнае і актуальнае. Пачалася кампанія “Мы супраць мобінгу!” у маштабах школы. На VIII Абласным конкурсе работ даследчага характару (канферэнцыі) навучэнцаў па вучэбных прадметах “Крышталёвая Альфа” ў Гродне работа “Падлеткавы мобінг у школе: погляд знутры” ўдастоена дыплома ІІІ ступені.

І ў цяперашні час працягваецца кампанія па барацьбе з гэтай з’явай. Яна знайшла адлюстраванне ў школьным друку, у акцыях БРСМ, ахапіла ўсіх удзельнікаў вучэбна-выхаваўчага працэсу, выклікае жывую цікавасць — і таму работа над тэмай будзе працягвацца.

Без удзелу саміх падлеткаў гэтую праблему не вырашыць. Сумесны праект “Мы супраць мобінгу!” выніковы: паказчыкі распаўсюджанасці мобінгу ў школе знізіліся.

Я працягваю шукаць адказы на пытанні: як паводзіць сябе педагогу, калі праблема ўзнікла, як сфарміраваць унутраную матывацыю кожнага члена калектыву так, каб па-расткі праблемы, якая ўзнікла, не перараслі ў стыхійнае бедства, як можна паўплываць на атмасферу ў класным калектыве ў такой сітуацыі. Кожны педагог, які працуе з падлеткамі, павінен быць добрым псіхолагам і пастаянна папаўняць свае веды ў гэтай галіне.

Ніна ГІЛЬ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3 Шчучына.