Падлеткі і інтэрнэт

Якая небяспека падпільноўвае вучняў у глабальнай сетцы?

Не так даўно ўступілі ў сілу чарговыя змяненні і дапаўненні крымінальнага заканадаўства, якія адносяцца да ўзросту наступлення крымінальнай адказнасці непаўналетніх. За крадзеж з дапамогай камп’ютарнай тэхнікі і ўхіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі караць цяпер будуць з 14 гадоў, а не з 16, як раней.

Віртуальныя зносіны з’яўляюцца неад’емнай часткай баўлення часу сучасных навучэнцаў. Праўда, моладзь выкарыстоўвае набытыя магчымасці па-рознаму: некаторыя знаёмяцца з асновамі камп’ютарнай графікі або вывучаюць адукацыйныя праграмы, іншымі ж кіруе жаданне самасцвердзіцца, нелегальна разбагацець або проста стварыць віртуальны вобраз супергероя — вельмі далёкі ад рэальнага.

Між тым, як кажуць спецыялісты, пяць хвілін інтэрнэт-перапіскі дазваляюць даведацца пра дамашні адрас школьніка і прызначыць яму сустрэчу, пры гэтым на месцы віртуальнага знаёмага можа апынуцца махляр, кватэрны злодзей ці педафіл.

Школьнікаў у інтэрнэце неабходна абавязкова кантраляваць. Трэба растлумачыць дзіцяці, што ў сацыяльных сетках не варта размяшчаць інфармацыю асабістага характару, мець зносіны з незнаёмымі людзьмі гэтак жа небяспечна, як і ў рэальным жыцці. Так, прымушае задумацца нядаўні выпадак у Прыўраллі: адзінаццацігадовы школьнік падчас віртуальнай гульні заплаціў 30 тысяч сапраўдных рублёў за пераход на наступны ўзровень.

У апошні час набірае абароты такая небяспечная з’ява, як кібербулінг. Гэта адна з форм праследавання, ганення або запалохвання дзяцей пры дапамозе інфармацыйных тэхналогій. Часцей за ўсё гэтым займаюцца падлеткі. З’ява праяўляецца ў тым, што на старонкі дзяцей ад імя іншых карыстальнікаў прыходзяць абразлівыя фразы, пагрозы. Дзеці ўспрымаюць іх сур’ёзна, таму бацькі звяртаюцца ў праваахоўныя органы для правядзення праверкі.

Сацыяльныя сеткі — адзін з самых запатрабаваных рэсурсаў інтэрнэту. Гэта сапраўдны падарунак для аматараў інтэрактыўных зносін. Аднак не ўсё так добра, як здаецца на першы погляд. Усё часцей даводзіцца сутыкацца з выпадкамі злачыннага выкарыстання віртуальнай прасторы. Здавалася б, чым можна нашкодзіць чалавеку, седзячы за маніторам? Аказваецца, камп’ютарны злачынец, свядома ці не, цалкам можа паламаць сваёй нябачнай ахвяры лёс — нават давесці да самагубства.

Для тых, хто стаў ахвярай віртуальных злачынцаў, існуе шэраг рэкамендацый. Такім чынам, калі ў інтэрнэце створана нібыта ваша старонка з абразлівым зместам або паклёпам, захавайце копію (зрабіце скрыншот) на выпадак, калі крыўдзіцель паспрабуе яе выдаліць. Ёсць магчымасць — раздрукуйце; звярніцеся з заявай у райаддзел міліцыі; звяжыцеся з адміністратарам сайта, дзе размешчана інфармацыя, папрасіце заблакіраваць, але не выдаляць старонку.

Блукаючы па бясконцых прасторах сацыяльных сетак, падлеткі нярэдка сустракаюць тэматычныя групы з гаваркімі назвамі: “Каноплі — не наркотык”, “Лепшыя дзяўчынкі краіны”. Зарэгістраваўшыся ў падобнай групе, школьнікі мімаволі аказваюцца сярод людзей, чые інтарэсы і захапленні заснаваны на злачынных дзеяннях. Не сакрэт, што сацсеткі сёння — сапраўдны “кландайк” для крымінальных элементаў, якія вярбуюць сабе замену. Так, супрацоўнікі Фрунзенскага РУУС сталіцы затрымалі прадаўца сінтэтычных наркотыкаў, які збываў “тавар” праз “УКантакце”. Прычым рэалізатар зусім не канспіраваўся і пакідаў патэнцыяльным пакупнікам нумар свайго мабільнага тэлефона.

Камп’ютарная злачыннасць у апошні час прыкметна памаладзела, канстатуюць спецыялісты. У праваахоўныя органы Мінска звярнуўся першы намеснік генеральнага дырэктара аднаго з вядучых інфармацыйных агенцтваў. У сваёй заяве ён указаў, што невядомы махляр сем месяцаў незаконна карыстаўся рэквізітамі для доступу ў інтэрнэт, якія належаць іх філіялу ў Віцебскай вобласці. Супрацоўнікі карэспандэнцкага пункта ў гэты час карыстацца глабальнай сеткай не маглі. Як высветлілася пасля, павісець у сетцы бясплатна вырашыў 19-гадовы жыхар Мазыра. Ён атрымліваў ідэнтыфікатары з мадэмаў карыстальнікаў пры наведванні іх асабістых кабінетаў на адным з інтэрнэт-рэсурсаў.

Крымінальная справа ўзбуджана па заявах грамадзян, якія, выбраўшы сабе вопратку ў адной з груп сацыяльнай сеткі і пералічыўшы грошы ў якасці перадаплаты, тавар так і не атрымалі, грошы таксама зніклі. Падчас папярэдняга расследавання ўстаноўлена, што пацярпеўшыя сталі ахвярамі ашуканскіх дзеянняў жыхаркі Пухавіцкага раёна 1997 нараджэння. Дзяўчына падманула каля 30 чалавек, якія пражываюць у розных раёнах вобласці.

Бяспека дзяцей — прамая адказнасць дарослых. І, напэўна, варта знайсці час для ўласнага дзіцяці і прапанаваць яму куды больш карысныя і цікавыя заняткі, чым заваяванне глабальнай сеткі.

Алена ХАРЛАМАВА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *