Падтрымаць матываваных вучняў і іх настаўнікаў

- 11:05Планёрка ў рэгіёне

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Краснапольскага райвыканкама Магілёўскай вобласці Сяргей Аляксандравіч СЫРАНКОЎ у пачатку нашай з ім размовы падзяліўся добрай навіной. На гэтым тыдні ў Краснапольскім раёне завяршылася Адкрытае першынство Магілёўскай вобласці па спартыўным скалалажанні на штучным рэльефе. Спаборніцтвы праходзілі ў Янаўскім яслях-садзе — базавай школе. Сярод 9 каманд-удзельніц па шчаслівым супадзенні 1-е месца заняла каманда школы, якая прымала спаборніцтвы. Падрыхтаваў пераможцаў настаўнік фізічнай культуры Сяргей Леанідавіч Васільеў.

— Падчас канікул нашы юныя аматары актыўнага адпачынку заўсёды знойдуць для сябе карысны занятак, — гаворыць Сяргей Аляксандравіч. — Ва ўстановах адукацыі раёна на гэты момант дзейнічае 5 лагераў з дзённым наведваннем, дзе аздараўленне праходзяць 70 навучэнцаў. На базе фізкультурна-аздараўленчага комплексу, які размешчаны ў Краснаполлі, арганізавана работа спартыўных секцый. У Цэнтры дзіцячай творчасці раёна працуе 45 аб’яднанняў па інтарэсах.

— Раскажыце, якія меры прымаюцца ў раёне для павышэння якасці адукацыі навучэнцаў, выніковасці іх удзелу ў ЦТ, алімпіядах.

— У раёне праводзяцца міжшкольныя факультатыўныя заняткі, арганізавана работа раённай вочна-завочнай школы, а таксама профільнага лагера для матываваных вучняў. У бягучым навучальным годзе ў Краснапольскай раённай дзяржаўнай гімназіі сумесна з Магілёўскім дзяржаўным універсітэтам імя А.А.Куляшова пачата рэалізацыя праекта “STEM-адукацыя для развіцця сістэмы дадатковай прыродазнаўчай адукацыі і фарміравання экалагічнага імператыва ў дзяцей і моладзі”. Задачы праекта заключаюцца ў павышэнні цікавасці вучняў да прыродазнаўчых дысцыплін, фарміраванні матывацыі ў старшакласнікаў да прадаўжэння адукацыі ў навукова-тэхнічным кірунку, падрыхтоўцы навучэнцаў да вывучэння дысцыплін, якія адносяцца да навукі, тэхналогіі, інжынерыі і матэматыкі ў профільных універсітэтах. У рамках рэалізацыі ініцыятывы гімназія абсталявана лічбавай лабараторыяй, якая, упэўнены, дасць магчымасць павысіць узровень даследчай работы са школьнікамі, асвоіць асновы робататэхнікі і стане раённым цэнтрам навукова-даследчай дзейнасці.

У 2017 годзе на трэцім (абласным) этапе рэспубліканскай алімпіяды навучэнка Краснапольскай раённай дзяржаўнай гімназіі Карына Крутаўцова атрымала дыплом ІІ ступені па матэматыцы. Па выніках удзелу ў міжнародным конкурсе па інфарматыцы і інфармацыйных тэхналогіях навучэнцамі раёна атрыманы 4 дыпломы І ступені, 5 дыпломаў II ступені і 9 ыпломаў III ступені. Штогод у міжнародных конкурсах, якія праводзяцца ГА “Беларуская асацыяцыя “Конкурс”, прымае ўдзел больш за 80 працэнтаў навучэнцаў, з якіх 48 працэнтаў з’яўляюцца пераможцамі.

— Якая кадравая палітыка праводзіцца ў раёне?

— Адукацыйны працэс ва ўстановах адукацыі забяспечваюць 340 педагогаў. З іх вышэйшую адукацыю маюць 80%, вышэйшую катэгорыю — 20,3%, першую — 57%. У перыяд з 2012 па 2017 гады ў раён прыехалі 48 маладых спецыялістаў, з іх 41 ураджэнец Краснапольскага раёна. Пасля абавязковай двухгадовай адпрацоўкі сваю дзейнасць працягнулі каля 83% з агульнай колькасці спецыялістаў, якія прыбылі ў раён. Мы праводзім работу па заключэнні дагавораў аб мэтавай падрыхтоўцы спецыялістаў. Зараз па мэтавых накіраваннях на педагагічных спецыяльнасцях ва ўстановах вышэйшай адукацыі краіны вучацца 8 чалавек. Але праблема недахопу педагагічных кадраў застаецца для нас актуальнай. Перш за ўсё мы маем патрэбу ў настаўніках замежнай мовы.

— Дзе праяўляюць сябе найбольш творчыя і ініцыятыўныя педагогі раёна?

— Нашы педагогі прымаюць актыўны ўд зел у абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах, трансліруюць свой педагагічны вопыт праз рэспубліканскія перыядычныя выданні. У бягучым годзе спецыялістамі нашых устаноў атрыманы дыпломы Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі падчас Адкрытага рэспубліканскага конкурсу распрацовак літаратурнага матэрыялу для дзіцячага тэатра, дыпломы ўпраўлення адукацыі Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта за выніковы ўдзел у Абласным завочным конкурсе відэаўрокаў “Культуралагічны аспект выкладання прадметаў сацыяльна-гуманітарнага напрамку”, Абласным конкурсе электронных буклетаў “Магілёўшчына праваслаўная”. Раённы вучэбна-метадычны кабінет адзначаны сертыфікатамі за выніковы ўдзел у III Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Навукова-метадычнае суправаджэнне павышэння кваліфікацыі педагогаў: вопыт, праблемы, перспектывы” і Абласным метадычным фестывалі “Інавацыйныя формы работы вучэбна-метадычных кабінетаў па павышэнні якасці адукацыі”.

— Як арганізавана профільнае навучанне ў вашым раёне?

— У бягучым навучальным годзе профільнае навучанне арганізавана ў Краснапольскай раённай дзяржаўнай гімназіі і сярэдняй школе Краснаполля, дзе функцыянуюць 8 профільных класаў, якія ахопліваюць 108 навучэнцаў 10—11 класаў. Працуе 4 групы педагагічнай накіраванасці, у якіх займаюцца 26 навучэнцаў. На павышаным узроўні праводзяцца заняткі ў профільных групах па прадметах: беларуская мова, англійская мова, руская мова, грамадазнаўства, гісторыя Беларусі, біялогія, матэматыка, фізіка.

Створаны неабходныя ўмовы для арганізацыі профільнага навучання: ва ўстановах абсталяваны кабінеты фізікі, хіміі, біялогіі, інфарматыкі, лінгафонныя кабінеты. Бібліятэчны фонд укамплектаваны неабходнай навуковай, вучэбнай, вучэбна-метадычнай, даведачнай і мастацкай літаратурай.

Залічэнне школьнікаў у профільныя класы праводзіцца на конкурснай аснове па выніках навучання на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Тым, хто плануе ў наступным навучальным годзе займацца ў профільных класах, нагадаю, што адзнакі па профільных прадметах павінны быць не ніжэйшыя за 7 балаў, сярэдні бал пасведчання аб агульнай базавай адукацыі — не ніжэйшы за 6. Без уліку сярэдняга бала і адзнак па профільных прадметах залічваюцца пераможцы трэцяга і заключнага этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па адпаведных (профільных) вучэбных прадметах.

— У якой ступені ў адукацыйным працэсе выкарыстоўваюцца ІКТ?

— Усе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі раёна маюць доступ у інтэрнэт, ва ўсіх ёсць свае сайты, таксама выкананы стандарт па забяспечанасці навучэнцаў камп’ютарнай тэхнікай. Сертыфікацыю ІТ-карыстальнікаў прайшлі больш за 80 працэнтаў педагагічных работнікаў. У адукацыйным працэсе настаўнікі актыўна выкарыстоўваюць інфармацыйныя тэхналогіі, мультымедыя, інтэрактыўныя дошкі. Задача сучаснага педагога — атрымаць максімум карысці для адукацыйнага працэсу ад усіх навінак камп’ютарнай тэхнікі і ў той жа час навучыць дзяцей асновам псіхалагічнай абароны ад дэструктыўнага ўплыву асобных масмедыя, выхаваць культуру карыстання рэсурсамі.

— Як у вашым раёне праходзіць аптымізацыя?

— У раёне на сёння функцыянуе 17 устаноў адукацыі. Мы праводзім паслядоўную аптымізацыю сеткі ўстаноў. Пачынаючы з 2015 года былі зачынены дзіцячы сацыяльны прытулак, 2 установы агульнай сярэдняй адукацыі з напаўняльнасцю да 25 навучэнцаў, а таксама рэарганізаваны 3 установы адукацыі. Для падвозу навучэнцаў, якія пражываюць у сельскай мясцовасці, да месцаў вучобы і назад выкарыстоўваюцца 8 школьных аўтобусаў. За перыяд з 2014 года да цяперашняга часу ў рамках рэалізацыі мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы ўстойлівага развіцця вёскі на 2011—2015 гады і Дзяржаўнай праграмы па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС на 2011—2015 гады і на перыяд да 2020 года набыты 4 аўтобусы на суму больш за 350 тысяч рублёў.

Надзея ЦЕРАХАВА.