Падтрымаць на пачатку працоўнай дзейнасці

- 10:27Адукацыйная прастора

Сустрэча з маладымі педагогамі вобласці ў рамках Дня настаўніка адбылася ў Магілёўскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. На актуальныя пытанні, якія хвалююць маладых спецыялістаў, адказалі намеснік старшыні аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч, начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі Уладзімір Рыжкоў, старшыня абкама Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Сяргей Вінаградаў.

Па словах Уладзіміра Рыжкова, такая маштабная сустрэча з учарашнімі студэнтамі ўстаноў вышэйшай адукацыі педагагічнай накіраванасці ў рамках прафесійнага свята праводзілася ўпершыню. Яе асноўная мэта — не столькі данесці да аўдыторыі апошнія тэндэнцыі ў развіцці нацыянальнай сістэмы адукацыі, колькі наладзіць канструктыўны дыялог паміж пакаленнямі, атрымаць жывы водгук па многіх пытаннях і падтрымаць маладых педагогаў у самым пачатку іх працоўнай дзейнасці.

— У кожнага маладога спецыяліста, які толькі прыйшоў у прафесію, ёсць страх нязведанага, і сёння наша задача — зняць напружанне, выкліканае гэтым пачуццём, — адзначыў Уладзімір Уладзіміравіч. — Важна, каб маладыя людзі адчувалі падтрымку і разумелі, што любое пытанне можна выра-шыць з дапамогай старэйшых калег. Таму нас цікавіць усё: з якім настроем малады спецыяліст прыйшоў працаваць у калектыў, з якімі цяжкасцямі сутыкнуўся, якія пытанні хоча вырашыць.

Падчас размовы прысутных цікавілі пытанні правамернасці прыёму на працу маладога спецыяліста на ўмовах папярэдняга выпрабавання, юрыдычныя аспекты працы па сумяшчальніцтве і адтэрміноўкі адпрацоўкі пасля ўніверсітэта ў сувязі з атрыманнем другой вышэйшай адукацыі. Таксама маладыя спецыялісты закранулі тэмы цэнтралізаванага тэсціравання і якасці адукацыі, выніковай атэстацыі навучэнцаў, стратэгіі павышэння эфектыўнасці працы сістэмы адукацыі.

— За час сустрэчы паступіла шмат цікавых пытанняў, — адзначыў начальнік упраўлення адукацыі. — Прыемна, што моладзь думае не толькі аб надзённых праблемах, але і зацікаўлена ў далейшых перспектывах, нацэлена на развіццё і самаадукацыю, выніковасць сваёй педагагічнай дзейнасці.

Забяспечанасць кадрамі ў галіне высокая: толькі ў гэтым навучальным годзе ў Магілёўскай вобласці да працы прыступіла больш як 500 маладых педагогаў. Аднак нават пры добрай матывацыі ў прафесіі застаюцца не ўсе, бо педагог у большай ступені працуе па прызванні. Менавіта таму ўдзельнікі сустрэчы жадалі маладым спецыялістам знайсці паразуменне з калегамі, дзецьмі і іх бацькамі, каб кожны працоўны дзень быў у радасць.

— Магілёўская вобласць мае вельмі багатыя педагагічныя традыцыі і велізарны патэнцыял, раскрыць які можна толькі з вашай дапамогай — дапамогай маладых людзей, якія ў найбліжэйшыя гады будуць вызначаць будучыню рэгіёна, — звярнуўся да моладзі Андрэй Кунцэвіч. — Тым больш што вы атрымалі прафесію, якая вымушае хутчэй аддаваць, чым атрымліваць, — аддаваць свой педагагічны талент, энергетыку, душэўную цеплыню. Дзяржава даверыла вам выхаванне юных грамадзян Беларусі. Па сутнасці, яна даверыла вам сваю будучыню. Таму, на маю думку, выхаванне чалавека-патрыёта, чалавека-грамадзяніна — адна з галоўных задач у працы настаўніка.

Акрамя таго, Андрэй Міхайлавіч падкрэсліў, што сёння педагогі складаюць аснову кадравага рэзерву ў розных кірунках сацыяльнай сферы, у тым ліку дзяржаўнай службы, і заклікаў маладых людзей не баяцца працы на перыферыі. На яго думку, перыяд адпрацоўкі ў сельскай мясцовасці трэба разглядаць як час шырокіх магчымасцей, які дазваляе атрымаць бясцэнны прафесійны вопыт, прыняць удзел у шырокім творчым эксперыменце, забяспечыць далейшае сталенне і хуткі кар’ерны рост.

Сустрэчу ў інстытуце развіцця адукацыі працягнула ўрачыстае ўшанаванне работнікаў сістэмы адукацыі Магілёўшчыны. У рамках мерапрыемства заслужаным педагогам вобласці былі ўручаны нагрудныя знакі “Выдатнік адукацыі”, а таксама граматы і падзякі ад Міністэрства адукацыі, Магілёўскага аблвыканкама, абласнога Савета дэпутатаў, абкама галіновага прафсаюза. Сярод тых, хто ў гэты вечар падняўся на сцэну абласнога цэнтра творчасці, быў і Уладзімір Уладзіміравіч Рыжкоў. Ён атрымаў з рук Андрэя Міхайлавіча Кунцэвіча Ганаровую грамату Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.