Падзяліліся творчымі знаходкамі

- 14:41Навіны рэгіёнаў

Шэраг заняткаў правялі педагогі дадатковай адукацыі Лідскага раёна падчас метадычнага тыдня адкрытых заняткаў аб’яднанняў па інтарэсах “Прафесіяналізм і творчасць”.

— Асноўнай мэтай гэтага мерапрыемства стала распаўсю­джванне і прапаганда перадавога педагагічнага вопыту, дэманстрацыя вынікаў інавацыйнай метадычнай работы педагогаў дадатковай адукацыі, — расказвае намеснік дырэктара Лідскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Святлана Мацута. — На адкрытых занятках педагогі  прадэманстравалі калегам цікавыя і нестандартныя формы і метады арганізацыі адукацыйнага працэсу ў аб’яднаннях па інтарэсах. Упершыню такі метадычны тыдзень правялі ў мінулым годзе. Тады свой вопыт прадстаўлялі толькі педагогі нашага цэнтра. У гэтым годзе да ўдзелу ў ім далучыліся ўсе ўстановы дадатковай адукацыі Ліды і Лідскага раёна. Удзельнічалі ў адкрытых занятках і педагогі лідскіх школ, а таксама з сярэдняй школы № 2 Бярозаўкі, Дзітвянскай сярэдняй школы, Ганчарскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, у якіх дзейнічаюць гурткі і творчыя аб’яднанні. Усяго каля 60 настаўнікаў прынялі ўдзел у метадычным тыдні адкрытых заняткаў.

Было праведзена 12 адкрытых заняткаў па 10 напрамках: спартыўны, грамадска-гуманітарны, эколага-біялагічны, харэаграфія, вакал, выяўленчае мастацтва, дэкаратыўна-прыкладная, мастацка-тэхнічная, інструментальная творчасць, турыстычна-краязнаўчая дзейнасць.

Педагогі Лідскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі правялі адкрытыя заняткі ў прэс-цэнтры “Бумеранг”, у студыі ArtDanceSTUDIO (па сучасных танцах), у аб’яднаннях па інтарэсах “Вясёлая палітра”,  “Эстрадныя спевы”, “Каратэ”, па камп’ютарнай графіцы і асновах дызайну, ігры на фартэпіяна; інтэграваныя заняткі аб’яднанняў па інтарэсах “Чарадзеі” і “Мяккая цацка”. Спецыялісты раённага Цэнтра тэхнічнай творчасці запрасілі на заняткі па паперапластыцы, а раённага Цэнтра турызму і краязнаў­ства вучнёўскай моладзі — па спартыўным арыентаванні.

У Лідскім раённым экалагічным цэнтры навучэнцы і госці пабывалі ў майстэрні прыродных цудаў. Падчас заняткаў аб’яднання па інтарэсах “Экаакварэлька” яны здзейснілі падарожжа на луг, дзе азнаёміліся з правіламі паводзін на прыродзе, даведаліся, як неабходна сябе паводзіць з жывёламі, што тут сустракаюцца. Практычная частка заняткаў была творчай — усе малявалі насякомых, вобраз якіх падказала фантазія.

У Лідскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і мола­дзі адзначылі эфектыўнасць распаўсюджвання такога вопыту і плануюць правядзенне тыдня адкрытых заняткаў аб’яднанняў па інтарэсах “Прафесіяналізм і творчасць” і ў далейшым.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.