Падзяляй і навучай

- 12:19Суразмоўца

Як можна ў сённяшніх умовах у звычайнай сярэдняй школе арганізаваць падрыхтоўку старшакласнікаў, арыентаваную на індывідуалізацыю навучання і прафесійнае самавызначэнне, расказвае намеснік дырэктара сярэдняй школы № 126 Мінска куратар рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі паглыбленай дыферэнцыяцыі навучання вучняў на другой і трэцяй ступенях агульнай сярэдняй адукацыі” Алена Арнольдаўна МЕЛЬНІКАВА.

— Чым вас зацікавіў гэты інавацыйны праект? Гэта тое, што патрэбна вашым навучэнцам, школе?
— Любая інавацыя — новы віток у развіцці, глыток свежага паветра. Калі я ўпершыню пачула аб праекце “Укараненне мадэлі паглыбленай дыферэнцыяцыі навучання вучняў на другой і трэцяй ступенях агульнай сярэдняй адукацыі”, то зразумела: гэта выдатная магчымасць для звычайнай школы, каб затрымаць у сябе моцных вучняў і даць ім у сценах установы за дзяржаўныя сродкі якасную адукацыю. Сутнасць праекта ў тым, што старшакласнікі могуць выбіраць прадметы для паглыбленага вывучэння не па чатырох традыцыйных устаноўленых кірунках (фізіка-матэматычны, хіміка-біялагічны, філалагічны, грамадазнаўчы), а значна шырэй. Нашы вучні выбіраюць матэматыку з рускай мовай, матэматыку з англійскай мовай, працоўнае навучанне з рускай мовай. Гэта дае магчымасць школьніку індывідуальна рэалізаваць свой запыт, а з другога боку, выбраць тыя прадметы, якія, магчыма, не сумежныя, але вельмі патрэбныя яму для будучага паступлення, для раскрыцця задаткаў.

— Якія вучні і педагогі сталі ўдзельнікамі праекта?
— Асноўная вучнёўская група — гэта дзесяцікласнікі і адзінаццацікласнікі. У нас іх па адным класе. У першы год работы па праекце мы з цяжкасцю набралі вучняў у 10 клас — толькі 18 чалавек. На другі год у новы 10 клас набралі ўжо 25 вучняў. Праект стаў прывабным для бацькоў і дзяцей, таму і колькасць вучняў павялічылася.
Педагогаў, якія сталі ўдзельнікамі праекта, выбіралі найперш старшакласнікі. Яны рабілі заяўку на прадметы, якія б хацелі вывучаць на паглыбленым узроўні, а мы, адміністрацыя, ужо глядзелі, хто б з педагогаў мог рэалізаваць іх запыт. На павышаным узроўні можа працаваць настаўнік, які мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, вялікі вопыт работы і валодае вялікім жаданнем займацца інавацыйнай дзейнасцю. Гэта ўсё павінна быць злучана, бо адно без другога эфекту не дасць. Паколькі ў першы год работы над праектам вучні выбралі тры прадметы — “Рускую мову”, “Працоўнае навучанне”, “Матэматыку”, то ў інавацыйнай дзейнасці былі задзейнічаны настаўнікі гэтых прадметаў. Рускую мову на павышаным узроўні выкладае Эма Чаславаўна Буглак, матэматыку — Таццяна Анатольеўна Клімава, працоўнае навучанне дзеці праходзяць у ВВК Фрунзенскага раёна. Эма Чаславаўна і Таццяна Анатольеўна — актыўныя педагогі, удзельнікі навукова-практычных канферэнцый розных узроўняў.
На другі год праекта мы набралі новую групу вучняў сярод дзесяцікласнікаў у профільныя падгрупы. Тут яшчэ да матэматыкі і рускай мовы дабавіўся новы прадмет — “Англійская мова”. Матэматыку выкладае Т.А.Клімава, а рускую мову ў дзесяцікласнікаў — я. Першы год я суправаджала праект, а на другі год паспрабавала ў ім удзельнічаць як настаўнік. Мне вельмі цікава навучанне паглыбленае, профільнае, у малых групах. Зараз я працую як настаўнік базавай падгрупы ў 11 класе і профільнай падгрупы ў 10 класе. Можна сказаць, што я прапусціла праз сябе гэты праект.

— Вашы старшакласнікі могуць пераходзіць з базавай падгрупы ў профільную і наадварот? Ці карыстаўся хто-небудзь з іх такой магчымасцю?
— Гэта сам па сабе выдатны праект. Як толькі клас дзеліцца на часткі, кожная аказваецца ў выйгрышы. Вучні профільных падгруп паглыбляюць веды, а вучні базавых маюць магчымасць не толькі атрымаць новыя веды, але і пераадолець праблемныя моманты, цяжкасці мінулага навучання і замацаваць тое, што вывучалі раней.
Старшакласнікі могуць пераходзіць з адной падгрупы ў другую. І ў мінулым годзе трое дзесяцікласнікаў з профільнай падгрупы перайшлі ў базавую. Прычына? У базавай падгрупе прасцей атрымаць больш высокую адзнаку па прадмеце. Некаторым вучням важней больш высокі сярэдні бал атэстата, чым паглыбленыя веды па пэўных прадметах, бо яны яшчэ вагаюцца, куды паступаць. Пераходы былі яшчэ і таму, што дзеці ў нечым не сувымералі свае сілы. Некаторыя палічылі, што паглыблены ўзровень — гэта падцягваць недахопы, якія ўтварыліся ў ведах, не асэнсоўваючы, што яго задача іншая: адштурхоўваючыся ад той базы, якая ёсць, паглыбляць і пашыраць свае веды. А наш праект дае магчымасць задаволіць вучэбныя патрэбы кожнага вучня.
Канечне, вучні могуць да канца 11 класа пераходзіць з профільнай падгрупы ў базавую і наадварот, але мы арыентуем іх на тое, каб апошні свой выбар яны рабілі ў трэцяй чвэрці. Хутка фінішная прамая, а ў падгрупах выкладаюць розныя настаўнікі, у іх не будзе часу на адаптацыю.
У гэтым годзе сярод адзінаццацікласнікаў не было пераходаў. Ніхто нават не засумняваўся.
Аснова праекта — выбар вучняў. Безумоўна, хацелася б, каб ён быў асэнсаваны. Калі дзіця не паспявае па нейкім прадмеце, мы не маем права сказаць яму, што ў профільную пагрупу ён не можа хадзіць. Любы вучань мае права вучыцца там, дзе ён хоча, — гэта вялікі плюс праекта.

— У 10 клас трэба праводзіць адбор вучняў?
— Думаю, што трэба. Будзе больш гуманна некаторым вучням своечасова пакінуць школу і пайсці атрымліваць прафесію. Калі дзеці атрымалі недастаткова ведаў для паглыблення, то іх чакае стрэс. Па-другое, на жаль, скончыўшы 11 клас, яны ўсё роўна пойдуць у сярэднюю спецыяльную ўстанову. Напэўна, мы хутка да гэтага прыйдзем, і будзе выпрацавана сістэма адбору вучняў у 10 клас. Хацелася, каб яна была дастаткова ашчадная. Магчыма, пропускам будзе сярэдні бал пасведчання аб базавай адукацыі. Гэта будзе аб’ектыўна без правядзення дадатковых дыягностык, замераў, кансультацый, субяседаванняў.

— Праект прадугледжвае дыферэнцыяцыю яшчэ і на другой ступені навучання. Што прапануецца вучням 5—9 класаў?
— На другой ступені адбываецца паглыбленая дапрафарыентацыйная работа, у асноўным праз прафесійныя пробы. Напрыклад, вучні выязджаюць у аграсядзібу для знаёмства з работай ганчара. За некалькі дзён да экскурсіі альбо літаральна ў аўтобусе адбываецца гутарка з імі: “Як вы лічыце, дзеці, што такое ганчарная справа, якімі навыкамі і ведамі павінен валодаць чалавек, каб вылепіць посуд з гліны, размаляваць яго?” Пасля вяртання дадому вучні робяць праекты, дзе распісваюць, хто такі ганчар, дзе можна вывучыцца на яго, што павінен ведаць майстар з такіх галін, як матэматыка, выяўленчае мастацтва. З розных бакоў ідзе збор інфармацыі, каб потым вучань мог сказаць: “Я ведаю, хто такі ганчар і што мне рабіць, каб стаць такім спецыялістам, і ці падыходзіць мне гэтая прафесія”.
Класныя кіраўнікі выбіраюць розныя падыходы: адзін пачынае з праектаў у школе, другі — з мазгавога штурму пры паездцы, а трэці спачатку звозіць на экскурсію, а потым пачынае разварочваць дзейнасць па зборы інфармацыі.
Прафесійныя пробы ў сваёй установе праводзім на самыя розныя прафесіі, у тым ліку і на настаўніцкую. Толькі праз самастойную падрыхтоўку да заняткаў, праз пошукавую дзейнасць, арганізацыю пазнавальнай работы на ўроку “вочы ў вочы”, “дзіця супраць дзіцяці” моладзь мае магчымасць пагрузіцца ў педагагічную дзейнасць, зразумець і прыняць педагога. А далей прыходзіць азарт і жаданне тварыць самім, атрымліваць задавальненне ад сумеснай працы.
Нашы васьмікласнікі пад кіраўніцтвам бацькоў і класнага кіраўніка на працягу пэўнага часу асвойвалі некаторыя прафесіі. Яны выпякалі розныя вырабы, вырошчвалі расліны, займаліся азеляненнем, будавалі з падручнага матэрыялу новыя будынкі.
Паралельна з пробамі праводзім дыягностыку.

— У свеце існуе больш за 50 тысяч прафесій. Вядома, што на ўсе пробы не правядзеш. Як тады іх дыферэнцыраваць: модныя і запатрабаваныя, самыя неабходныя для сталіцы?
— Безумоўна, мы вывучалі запыты рэгіёна, але не ўсе прафесіі, па якіх мае патрэбу сталіца, цікавыя дзецям. Вывучалі і рэйтынг прафесій. Пачыналі з высвятлення, якія прафесіі вучні ведаюць, а якія не, з якімі яны хацелі б пазнаёміцца. Зыходзячы з гэтага, кожны клас самастойна выбіраў свой кірунак.
Якія прафесіі будуць заўтра, мы не ведаем, таму лепш паспрабаваць сябе ў некалькіх. Галоўнае, каб вучні потым маглі супаставіць: я магу гэтую работу выканаць ці не, ці буду я ў гэтай прафесіі паспяховы і шчаслівы. Гэта вельмі няпроста. Дзеці будуць працаваць заўтра, а мы дакладна не ведаем, якое яно будзе. І таму нашы навучэнцы павінны ўмець рэалізаваць сябе ў любым “заўтра” — у гэтым сэнс сучаснай педагогікі.

— Вы абавязкова праводзіце пробы на педагагічную прафесію. А ці не знаёмы з ёй дзеці, яны ж кожны дзень сутыкаюцца ў школе з настаўнікамі, бачаць, што яны робяць?
— Настаўнікаў за работай яны, канечне, бачаць, але не ўяўляюць, што гэта за праца. Мы абавязкова праводзім педагагічныя пробы, таму што хочам, каб у якасці настаўнікаў у школу прыйшлі добрыя дзеці. Для таго каб яны прыйшлі да нас, трэба, каб яны скончылі педагагічную ВНУ і паступалі туды не па рэшткавым прынцыпе, а мэтанакіравана. Таму мы павінны паказаць нашым вучням, што цікавага ў настаўніцкай прафесіі, што на першы погляд не бачна ім. Педагагічная дзейнасць — гэта вялікая творчасць, палёт думкі і натхнення. Мы прапануем дзецям, у якіх бачым педагагічныя схільнасці, паспрабаваць падрыхтаваць і правесці ўрок. Урок вядуць вучні як па адным, так і парамі. Звычайна гэта дзесяцікласнікі. Яны праводзяць не ўвесь урок, а толькі некаторыя элементы — падача новага матэрыялу з актуалізацыяй тэмы і замацаванне новага матэрыялу. Пакуль на такім узроўні. Былі выпадкі, калі яны поўнасцю праводзілі заняткі. Гэта вельмі складана — выстаяць перад аднакласнікамі, глядзець ім у вочы і бачыць іх ацэнку. Я заўсёды сама вельмі баюся, бо іх поспех — гэта мой поспех, а іх няўдача — гэта мая няўдача, недапрацоўка. Важна, каб яны дакрануліся да настаўніцкай прафесіі і адчулі, чаго яна варта, што ў ёй ёсць прывабнага і складанага і ці змогуць яны гэтым займацца.
Дарэчы, самае любімае свята нашых навучэнцаў — дзень самакіравання. Гэта дзень, калі вучні сябе адчуваюць галоўнымі ў школе.

— Вучні якіх класаў праходзяць прафесійныя пробы?
— Мэтанакіравана і сістэмна — вучні 8-х і 9-х класаў, але можна лічыць, што ў праекце задзейнічана ўся школа. Першыя звесткі аб прафесіях атрымліваюць дзеці яшчэ ў пачатковай школе. У 5 класе праводзяцца класныя гадзіны, мерапрыемствы, прысвечаныя прафесіям. На ўзроўні 6—7 класаў адбываецца дыягностыка, падчас якой выяўляюцца схільнасці, патрэбы вучняў. Уся сістэма накіравана на выбар вучнямі профільных прадметаў, сваёй будучай прафесіі.

— Вы ўжо трэці, заключны, год працуеце ў праекце. Задаволены вынікамі?
— Па многіх крытэрыях мы дасягнулі значных вынікаў. Мы просім бацькоў напісаць свае водзывы пра праект, дзе яны адзначаюць, што стапрацэнтна задаволены такой дыферэнцыяцыяй, як і іх дзеці. Гэта асноўны паказчык. Другі паказчык — рост якасці адукацыі. Як ён можа не павялічвацца, бо вучні падзяляюцца на падгрупы, дзе больш увагі можна ўдзяліць кожнаму, незалежна ад базавага ці профільнага ўзроўню. Яшчэ адзін рэалізаваны крытэрый — актыўная пазіцыя настаўніка. Педагогі-наватары — людзі, якія працуюць незвычайнымі спосабамі. Развіццё настаўнікаў я хоць назвала не першым паказчыкам, але ён вельмі важны.
Праект заканчваецца, але мы хочам працаваць далей па гэтай сістэме.

— Ваш вопыт можна трансліраваць на іншыя навучальныя ўстановы?
— Не думаю, што ў нас унікальны вопыт, але мы ганарымся сваімі фішкамі, якія распрацаваны ў працэсе рэалізацыі інавацыйнай мадэлі. Калі акунешся ў мультыпрофіль, то адмовіцца ад яго ўжо немагчыма.
Было б выдатна, каб у кожнай школе былі мультыпрофільныя падгрупы, тады можна было б моцным вучням даць магчымасць раскрыць свае здольнасці ў школе, бо гімназій і ліцэяў на ўсіх не хопіць. Выдатна яшчэ і тое, што ў вучняў была б магчымасць выбару і змены профілю ў працэсе навучання ў сваёй школе, у сваім класным калектыве.
У кастрычніку мы праводзілі рэспубліканскі семінар, на якім нашы педагогі-наватары паказвалі сюжэты педагагічных проб. Мы дзелімся вопытам, не замыкаемся. Рады будзем дапамагчы сваім калегам асвоіць вельмі эфектыўную сістэму навучання дзяцей — мультыпрофіль.

Святлана КІРСАНАВА,
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.