Паглыбленне інтэграцыі ў мытнай сферы на карысць развіцця эканомік дзяржаў СНД

- 10:23Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Ад глыбіні інтэграцыі ў сферы мытнай справы залежыць далейшае развіццё эканомік дзяржаў СНД і ў канчатковым выніку павышэнне дабрабыту народаў. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з удзельнікамі 64-га пасяджэння Савета кіраўнікоў мытных службаў дзяржаў — удзельніц СНД.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што больш як чвэрць стагоддзя назад Беларусь стаяла ля вытокаў фарміравання Садружнасці Незалежных Дзяржаў, адной з першых інтэграцыйных структур на постсавецкай прасторы. У ліку яе важных задач было стварэнне спрыяльных умоў для развіцця гандлёва-эканамічных сувязей і перамяшчэння грамадзян паміж краінамі Садружнасці.

“Вялікая ўвага ўдзялялася дзейнасці мытных службаў новых суверэнных дзяржаў. За гэты час сфарміравана значная нарматыўная база мытнай справы, у чым асноўная роля належыць Савету кіраўнікоў мытных службаў, а таксама адпаведным нацыянальным органам, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Дастаткова назваць пагадненні аб стварэнні зоны свабоднага гандлю, аб супрацоўніцтве і ўзаемадапамозе ў мытных справах, Мадэльны мытны кодэкс і шэраг іншых дакументаў. Яны будуюцца на базавых прынцыпах Сусветнай гандлёвай арганізацыі, якія ўключаюць у тым ліку і свабоду транзіту на тэрыторыі дзяржаў”.

У рамках Савета кіраўнікоў мытных службаў сфарміраваны камітэт кіраўнікоў праваахоўных падраздзяленняў. Прэзідэнт лічыць гэтую ініцыятыву цалкам своечасовай, паколькі менавіта мытная служба павінна ў першую чаргу абараняць тэрыторыю краіны ад кантрабандных тавараў, увозу наркотыкаў, а гэта зло адчуваецца ў большай ступені з кожным годам.

Кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне, што гістарычна кожная з краін Садружнасці мае экспартны і імпартны складнік у знешнім гандлі, пэўныя рынкі. “Мытныя службы павінны аператыўна і якасна апрацоўваць таварныя патокі, садзейнічаць павелічэнню колькасці краін-партнёраў, нарошчванню аб’ёмаў гандлю”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама адзначыў: “Тэрытарыяльнае становішча Беларусі такое, што ў рамках Садружнасці значная частка нашай граніцы праходзіць з краінамі Еўрапейскага саюза. Сумесна з імі мы рэалізоўваем шэраг праграм па развіцці інфраструктуры на граніцы, захаванні бяспекі, бесперашкодным перамяшчэнні тавараў. Скажу шчыра, хацелася б большага ўдзелу ЕС у мытных справах. Як Расіі, так і Еўрасаюзу вельмі важна Беларусь, дзе тавары праходзілі б перш за ўсё транзітам, і па часе гэта было б мінімальна”.