Пакаленне з Усходу

- 16:18Сацыяльны ракурс

“Тое, што памерла як мінулае, жыве як павучанне”, — гаварыў Віктор Гюго. Сучасныя немцы, былыя грамадзяне Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі, захоўваюць у кнігах свае ўспаміны аб жыцці ў ГДР. Займаецца напісаннем і выданнем гэтых кніг берлінская кампанія Rohnstok-Biografien, якой кіруе прадпрымальніца Катрын Раншток, былая жыхарка Усходняй Германіі.

У салоне, дзе мы сустрэліся з фрау Раншток, часта збіраюцца госці, якія расказваюць свае гісторыі. “Для нас гэта вельмі важна, бо аснова дзейнасці фірмы — вусны аповед”, — гаворыць Катрын. У жыцці ўраджэнкі горада Ена адлюстравана нямала гістарычных падзей. Бацькі Катрын працавалі на буйным прамысловым прадпрыемстве, і галоўнае, пра што яны гаварылі, прыходзячы з работы, — гэта якраз аб праблемах і жыцці камбіната.

“Маё пакаленне, пакаленне людзей, якія нарадзіліся ў 60-х гадах, называюць “залатым” пакаленнем ГДР, — кажа цяперашняя паспяховая прадпрымальніца, — бо мы жылі ва ўмовах максімальнага дабрабыту. З дня заканчэння вайны прайшло не так шмат часу, але мы маглі карыстацца дасягненнямі сацыялізму ў поўным аб’ёме. Я была і піянеркай, і членам арганізацыі свабоднай нямецкай моладзі, нягледзячы на тое, што я атэістка, удзельнічала ў справах хрысціянскай суполкі. Але ў той жа час мы сустракаліся з людзьмі, якія выказвалі процілеглыя погляды, слухалі блюз, джаз — карацей, самавыяўляліся”.

Пасля заканчэння школы дзяўчына вывучала ў Енскім універсітэце літаратуру і мовазнаўства. У 1984 годзе здарылася ў яе жыцці выключэнне з ВНУ за пэўныя зносіны з людзьмі празаходніх настрояў. Праз некалькі гадоў жанчына аднавілася ўжо ва ўніверсітэце імя Гумбальта ў Берліне, дагэтуль працавала і ў бары, і на пошце, і на хлебазаводзе, і ў маладзёжным клубе, што займаўся “перавыхоўваннем”, сацыялізацыяй скінхэдаў, якія ўжо з’явіліся ў Германіі ў сярэдзіне 80-х.

“Можна сказаць, што такія перыпетыі далі мне пэўную загартоўку, не дазволілі патануць потым, калі перастала існаваць ГДР”, — кажа жанчына. Пасля гэтых самых перыпетый яна нават разглядала магчымасць выехаць у Заходнюю Германію, але перадумала, зразумела, што не зможа жыць далёка ад радзімы, ад бацькоў. “Ды і ідэя сацыялізму мяне сама па сабе прыцягвала, без гэтага мне не хацелася жыць таксама, я верыла, што можна нешта змяніць у ёй, каб людзям было лепей, тым больш што тых, хто забіраў заяву аб ад’ездзе на Захад, рэабілітавалі”, — прызнаецца Катрын Раншток.

Займаючыся літаратурай, Катрын спецыялізавалася на жаночым рамане Германіі, дыпломную работу прысвяціла разбору прозы вядомай усходнегерманскай пісьменніцы Брыгіты Райман. Такім чынам, лёс Катрын быў звязаны з літаратурнай работай з маладосці. Пасля заканчэння ўніверсітэта жанчына атрымала прафесію літаратуразнаўцы. Але пасля аб’яднання стала зразумела, што з гэтай прафесіяй вельмі цяжка зарабіць, і тады фрау Раншток арганізавала ўласную фірму.

“Аднойчы ў 1998 годзе на аўтазапраўцы нейкая жанчына пазнала мяне як пісьменніцу і журналіста і папрасіла напісаць гісторыю жыцця свайго бацькі, якая цікавей, чым гісторыя прынцэсы Дзіяны,— узгадвае Катрын. — Жанчына спытала, колькі гэта можа каштаваць, і я прыкінула, што 5—10 тысяч марак, але не адважылася зрабіць ёй такую прапанову”. Потым Катрын Раншток толькі аднойчы наведвала тую запраўку і даведалася, што жанчына была дачкой заможнага чалавека, які валодаў і гэтай, і іншымі запраўкамі, іншай маёмасцю, і хацела выдаць яго ўспаміны, каб памірыцца з бацькам. Кніга так і не была створана, але ідэя запала Катрын у душу, а сябар, які займаўся сацыя-лагічнымі даследаваннямі, пацвердзіў, што такая справа можа стаць паспяховай.

Зараз уладальніца кампаніі кажа, што на гэтым нельга зарабіць, толькі пакрыць расходы і выплаціць зарплату супрацоўнікам. Даход жа даюць іншыя праекты.

Сёння ў кампаніі Катрын Раншток працуе прыкладна 30 чалавек, якія пішуць ад імя кліентаў іх аўтабіяграфіі, гісторыі фірм, гарадоў, гісторыі сем’яў. Пры гэтым з самага пачатку заснавальніца кампаніі Rohnstok-Biografien разлічвала, што сюды часцей за ўсё будуць звяртацца жыхары былой Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі для таго, каб праз апісанне свайго мінулага даць вызначэнне цяперашняму часу, перакінуць масток з адной рэальнасці ў другую. Але на практыцы аказалася, што кліентамі кампаніі часцей становяцца заходнія немцы. Праўда, з цягам часу ў Rohnstok-Biografien з’явіўся праект, якім кампанія займаецца і зараз, — раскрыццё гісторыі ГДР, яе эканомікі праз гісторыі былых дырэктараў буйных заводаў і камбінатаў. Дарэчы, гэтых людзей не так проста адшукаць і ўгаварыць падзяліцца ўспамінамі. Даходаў новы праект таксама не абяцае, бо знайсці спонсараў наўрад ці атрымаецца, як і для ўсяго, што тычыцца ГДР.

“Калі гаварыць пра выйгрышы і страты пасля падзення Берлінскай сцяны, — заўважае мая суразмоўніца, — то трэба сказаць, што мы страцілі эканоміку, якая была арыентавана на ўсеагульны дабрабыт, не на тое, каб забяспечыць даходы невялікай групы грамадзян, а на прыбытак для ўсіх. У ГДР была ўпэўненасць, што ў кожнага заўсёды будзе работа і гарантыя спакойнага жыцця”.

Хаця фрау Раншток адзначае і станоўчыя змены пасля аб’яднання Германіі: тыя, каму ўдалося, выйгралі ў асабістым дабрабыце, большасць выйграла ў камфорце. “Аднак, калі я магла б выбіраць, то ўсё роўна выбрала б эканоміку, вынікі работы якой арыентаваны на ўсеагульную карысць”, — гаворыць паспяховая нямецкая прадпрымальніца. Яна таксама адзначае, што толькі 10% маёмасці ў сённяшняй Германіі належыць былым грамадзянам ГДР, дысбаланс у развіцці ўсходняй і заходняй частак краіны захоўваецца.

На мой журналісцкі погляд, самае галоўнае, што ўдалося не згубіць былым грамадзянам ГДР, супрацоўнікам кампаніі і тым, хто да іх звяртаецца, — гэта памяць аб тым, што і як было калісьці. Сучасная нямецкая моладзь, праўда, не вельмі цікавіцца гэтай гісторыяй, як з засмучэннем заўважае Катрын. Хаця супрацоўнікі яе кампаніі знаёмяць маладых людзей з былой рэчаіснасцю, у рэшце рэшт выдаюць кнігі, ладзяць у салоне сустрэчы, дзе свае гісторыі расказваюць сведкі падзей. “Зараз імідж ГДР у вачах звычайнага сярэднестатыстычнага немца вельмі бляклы, гэта не модна. Лічыцца, што нічога добрага там не было”, — заўважае жанчына. Хаця існуе і такая маладзёжная ініцыятыва ў Германіі, як “Трэцяе пакаленне з Усходу”, якая імкнецца захаваць сувязь паміж тымі, хто нарадзіўся і жыў у ГДР, і тымі, хто нарадзіўся ў новай Германіі.

У любым выпадку лічу і ўпэўнена, што Катрын Раншток са мной пагодзіцца: захаваная гісторыя, успаміны знойдуць сваё месца, прыйдзе час, калі да іх звернуцца многія і яны акажуцца вельмі запатрабаванымі.

Нездарма ж фрау Раншток кажа: “Кожная асабістая гісторыя — адлюстраванне гісторыі грамадства”.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота аўтара.