Паказаць усім, як трэба пераадольваць сябе і дабівацца поспехаў у вялікім спорце

- 10:30Інфармацыйная гадзіна

На ХII зімовых Параалімпійскіх гульнях у Пхёнчхане 15 беларускіх спартсменаў выступяць у двух відах спорту — біятлоне і лыжных гонках.

Аб гэтым расказаў старшыня Параалімпійскага камітэта Беларусі Алег Шэпель на цырымоніі провадаў каманды ў Мінскай гарадской ратушы.

Сцяганосцам Параалімпійскай зборнай Беларусі на цырымоніі адкрыцця 9 сакавіка будзе шматразовая чэмпіёнка і прызёр Параалімпіяд і чэмпіянатаў свету Людміла Волчак, капітанам каманды стане яшчэ адзін тытулаваны параалімпіец Дзмітрый Лобан. Акрамя вопытных атлетаў, якія будуць змагацца за ўзнагароды, у складзе беларускай дружыны — 6 дэбютантаў.

Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Максім Рыжанкоў пажадаў усім спартсменам поспехаў на спаборніцтвах у Пхёнчхане. Ён падкрэсліў, што беларускія параалімпійцы павінны паказаць усім, як трэба пераадольваць сябе і дабівацца поспехаў у спорце на самых прэстыжных міжнародных спаборніцтвах. Максім Рыжанкоў таксама адзначыў, што балець за нашых параалімпійцаў балельшчыкі будуць не менш, чым за спартсменаў, якія выступалі на нядаўніх зімовых Гульнях у Пхёнчхане.

Алег Шэпель таксама пажадаў удачы параалімпійцам і сказаў, што для падрыхтоўкі да галоўных стартаў дзяржава зрабіла ўсё магчымае і цяпер трэба пастарацца паказаць высокія рэзультаты. Першы намеснік міністра спорту і турызму Вячаслаў Дурноў лічыць, што параалімпійская каманда падышла да стартаў у Пхёнчхане ў поўным узбраенні, спартсмены гатовы змагацца за месцы на п’едэстале гонару.

Цырымоніі адкрыцця і закрыцця Параалімпіяды пройдуць на тым жа стадыёне, дзе адбыліся такія ж мерапрыемствы XXIII зімовых Алімпійскіх гульняў.

Цяперашнія Гульні пройдуць з 9 па 18 сакавіка на арэнах, дзе спаборнічалі ўдзельнікі Алімпіяды-2018. Параалімпійцы разыграюць 80 камплектаў узнагарод у шасці відах спорту. За медалі будуць весці барацьбу каля 700 прадстаўнікоў 48 параалімпійскіх каманд.