Пакуль вучымся — вучым

- 14:27Адукацыйная прастора

Актыўныя формы арганізацыі метадычнай работы

Найважнейшым сродкам павышэння педагагічнага майстэрства настаўнікаў, які звязвае ў адзінае цэлае ўсю сістэму работы школы, з’яўляецца метадычная работа. Яна накіравана на павышэнне кампетэнтнасці і прафесійнага майстэрства кожнага настаўніка, што ў канчатковым выніку ўплывае на павышэнне якасці і эфектыўнасці ўсяго адукацыйнага працэсу. Роля метадычнай работы ўзрастае ў сучасных умовах у сувязі з неабходнасцю рацыянальна і аператыўна выкарыстоўваць новыя методыкі, формы, прыёмы навучання і выхавання. Таму галоўнае ў метадычнай рабоце — гэта аказанне рэальнай, дзейснай дапамогі педагогу.

Галоўная праблема, з якой сутыкаецца любы намеснік дырэктара школы, які курыруе метадычную работу, з’яўляецца выбар дзейсных форм работы з педагагічным калектывам. Хачу падзяліцца вопытам выкарыстання актыўных форм арганізацыі метадычнай работы ў нашай установе адукацыі.

Пры арганізацыі метадычнай работы з педагагічным калектывам школы найбольшай папулярнасцю і эфектыўнасцю карыстаюцца наступныя актыўныя формы: круглы стол; метадычныя семінары; семінары-практыкумы; лекторыі; метадычныя тыдні і дэкады; метадычныя дні; майстар-класы; псіхолага-педагагічныя кансіліумы; псіхалагічныя практыкумы і трэнінгі; прадметныя тыдні; метадычны фестываль.

Сярод разнастайнасці форм работы з педагагічным калектывам у нашай установе адукацыі пры правядзенні педагагічных і метадычных нарад перавага аддаецца кругламу сталу. Такая форма арганізацыі абмену думкамі дазваляе ўсебакова разгледзець розныя пытанні, даць удзельнікам магчымасць выказаць свой пункт гледжання на праблему, якая абмяркоўваецца, выпрацаваць агульнае меркаванне і прыняць сумесныя рашэнні. Для падрыхтоўкі загадзя адбіраюцца важныя і цікавыя пытанні, літаратура, якія прапануюцца педагогам для вывучэння і наступнага абмеркавання. Педагогі знаёмяцца з рознымі падыходамі, абдумваюць свой пункт гледжання па гэтым пытанні (тэме), маюць магчымасць абмяняцца меркаваннямі з калегамі. Напрыклад, пры правядзенні педагагічнага савета “Педагогіка падтрымкі дзіцяці і працэс яго развіцця ў сістэме асобасна арыентаванага навучання” педагогам былі прапанаваны наступныя пытанні для абмеркавання:

— Для чаго патрэбна педагогіка падтрымкі?

— Якую пазіцыю займае настаўнік у сітуацыі падтрымкі?

— Якія метады педагагічнай падтрымкі, на ваш погляд, з’яўляюцца найбольш эфектыўнымі?

Выкарыстанне такой формы работы, як круглы стол, мае шэраг пераваг: удзельнікі маюць пэўную свабоду і магчымасць выказваць свае меркаванні; мерапрыемства праходзіць у даволі нефармальнай атмасферы, выказацца можна тады, калі хочацца, а не калі падыдзе чарга; няма жорсткага рэгламенту і парадку выступленняў.

Адной з папулярных форм з’яўляецца метадычны семінар, дзе разглядаюцца пытанні тэорыі і практыкі прымянення розных тэхналогій, азнаямлення настаўнікаў з найноўшымі дасягненнямі навукі і перадавога педагагічнага вопыту. У час правядзення семінара ў даступнай форме асвятляюцца актуальныя пытанні адукацыйнага працэсу, раскрываецца змест новых тэхналогій, метадаў, прыёмаў навучання. Дакладна заўважана ў кітайскай прыказцы: “Скажы мне — і я забуду. Пакажы мне — і я запомню. Уцягні мяне — і я навучуся”. Згодна з гэтай прыказкай праводзіліся метадычныя семінары для павышэння ўзроўню педагагічнага майстэрства і прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў па наступных тэмах: “Сучасны ўрок. Як стварыць сітуацыю поспеху?”, “Прымяненне інфармацыйных тэхналогій на ўроках і факультатывах”, “Арганізацыя адукацыйнага працэсу ў школе ва ўмовах пераходу да профільнага навучання”. Для педагогаў, якія праходзілі атэстацыю на вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, быў праведзены метадычны семінар па тэме “Самааналіз прафесійных дасягненняў педагога”.

Семінар-практыкум — яшчэ адна эфектыўная форма метадычнай работы з педагогамі, таму што дазваляе больш глыбока і сістэмна вывучыць праблему, якая разглядаецца, падмацаваць тэарэтычны матэрыял прыкладамі з практыкі, дэманстрацыяй асобных прыёмаў і спосабаў. Напрыклад, педагагічны савет па тэме “Нестандартны ўрок як сродак фарміравання пазнавальнай самастойнасці старшых дашкольнікаў” быў праведзены ў форме семінара-практыкуму. Ён складаўся з тэарэтычнага блока, работы ў групах “Станоўчыя і адмоўныя аспекты нетрадыцыйнага ўрока” і практыкуму па распрацоўцы плана-канспекта нетрадыцыйнага ўрока.

Для ўзбраення педагогаў ведамі пра новыя педагагічныя тэхналогіі з мэтай іх далейшага прымянення ў адукацыйным працэсе праводзяцца лекторыі. Так, у перыяд з 13 па 17 лютага мінулага года ў школе праходзіў метадычны тыдзень “Арганізацыя эфектыўнай вучэбна-пазнавальнай дзейнасці на вучэбных і факультатыўных занятках для забеспячэння якасці валодання навучэнцамі вучэбным прадметам”, у час якога для педагагічнага калектыву школы была прачытана лекцыя на тэму “Актыўная ацэнка як новая стратэгія навучання ў сучаснай школе”.

З мэтай удасканалення прафесійнага майстэрства педагогаў, абмену вопытам па падрыхтоўцы, арганізацыі, правядзенні і аналізе адкрытых вучэбных заняткаў у школе штогод праходзяць метадычныя дэкады і тыдні. Метадычная дэкада (тыдзень) праводзіцца па загадзя распрацаваным плане і мае чыста практычны характар. Яна прадугледжвае дэманстрацыю лепшага вопыту работы педагогаў установы. Метадычныя дэкады і тыдні прысвечаны актуальным тэмам: “Весткі з адкрытых факультатываў”, “Выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій у практыцы педагагічнай дзейнасці”, “Самаадукацыя — адна з форм павышэння прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў”, “Выкарыстанне сучасных спосабаў, прыёмаў і тэхналогій у выкладанні вучэбных прадметаў на базавым і павышаным узроўнях” і інш. Завяршаецца работа дэкады выданнем інфармацыйна-метадычнага бюлэтеня або метадычнага весніка.

Правядзенне псіхолага-педагагічнага кансіліуму з’яўляецца адным з дзейсных метадаў работы школы. Педагагічны кансіліум — арганізацыйная форма ўзаемадзеяння педагагічнага калектыву, у рамках якой адбываецца распрацоўка і планаванне псіхолага-педагагічнага суправаджэння навучэнца. Кансіліум праводзіцца з мэтай выяўлення характару і прычын адхіленняў у паводзінах і навучанні школьнікаў, кансультацыі ў вырашэнні складаных сітуацый для зніжэння дэзадаптацыі, узроўню трывожнасці навучэнцаў 5-х і 1-х класаў, захавання іх здароўя, прафілактыкі канфліктных сітуацый ва ўзаемаадносінах “настаўнік — вучань — бацькі”, пераемнасці ў навучанні і выхаванні. Кансіліум аб’ядноўвае інфармацыю пра асобнае дзіця, асобны клас, усе класы ў паралелі, якой валодаюць педагогі, класныя кіраўнікі, школьны медработнік, педагог-псіхолаг, сацыяльны педагог, і на аснове цэласнага бачання вучня (класа) распрацоўвае і рэалізоўвае агульную лінію яго далейшага навучання і развіцця. Мы звяртаемся да гэтай формы ўзаемадзеяння з педагагічным калектывам пры абмеркаванні праблем адаптацыі, звязаных з пераходам навучэнцаў з дзіцячага сада ў школу, з пачатковага — у сярэдняе звяно. Гэтыя перыяды традыцыйна лічацца аднымі з найбольш складаных педагагічных праблем, а перыяд адаптацыі — адным з цяжэйшых перыядаў школьнага навучання.

З мэтай актывізацыі пазакласнай работы па прадметах вучэбнага плана ў школе традыцыйна кожную чвэрць праходзяць прадметныя тыдні. Прадметны тыдзень — гэта сукупная форма метадычнай, вучэбнай і пазакласнай работы ў школе. Мерапрыемствы прадметнага тыдня дазваляюць і навучэнцам, і настаўнікам раскрыць свой творчы патэнцыял. Разнастайныя нетрадыцыйныя формы правядзення вучэбных заняткаў і пазакласных мерапрыемстваў выклікаюць вялікую цікавасць у навучэнцаў і спрыяюць развіццю цікавасці да вывучэння вучэбных прадметаў. Фотасправаздача аб правядзенні прадметнага тыдня размяшчаецца на сайце школы.

Асаблівую ролю ў метадычнай рабоце адыгрывае сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная служба школы. З мэтай псіхалагічнай асветы і павышэння псіхалагічнай культуры педагогаў праводзяцца псіхалагічныя трэнінгі, практыкумы, семінары, лекцыі, выступленні. Трэнінгі і практыкумы прыжыліся ў школе і сталі традыцыйнымі. Іх мэта — адпрацоўка прафесійных навыкаў і ўменняў. Педагог-псіхолаг школы праводзіць наступныя псіхалагічныя трэнінгі: “Развіццё эмацыянальнай устойлівасці да стрэсаў”, “Дзесяць крокаў да поспеху”, “Выпрацоўка пазітыўнай сістэмы адносін настаўніка і вучня”, “Трэнінг асобаснага росту педагога”. Практыкумы вызначаюцца актуальнасцю тэм: “Псіхалагічная прафілактыка эмацыянальнага і прафесійнага выгарання”, “Псіхалагічныя патрабаванні да ацэньвання дзейнасці навучэнцаў”. Псіхалагічныя трэнінгі і практыкумы праводзяцца з педагагічным калектывам у час правядзення метадычных дэкад і тыдняў.

У школе працуюць педагогі, якія валодаюць высокім педагагічным майстэрствам. Трансляцыя перадавога вопыту такіх педагогаў школы ажыццяўляецца праз выступленні на педагагічных нарадах школы, публікацыі ў сродках масавай інфармацыі, правядзенне майстар-класаў. Так, настаўнік хіміі С.У.Абярган правёў майстар-клас па выкарыстанні тэставай праграмы VOTUM. Маладыя педагогі А.А.Барташэвіч, настаўніца матэматыкі, і К.В.Іванова, настаўніца англійскай мовы, правялі майстар-клас па навучанні рабоце на інтэрактыўнай дошцы ў праграме SMART Notebook. Такім чынам, адбываецца ўзаеманавучанне вопытных і маладых педагогаў.

Традыцыйным стала правядзенне метадычнага дня “Дзень поспехаў маладога спецыяліста”, у час якога маладыя педагогі дэманструюць сваё педагагічнае майстэрства. Змест работы адзінага метадычнага дня ўключае правядзенне адкрытых вучэбных заняткаў маладымі спецыялістамі, іх самааналіз і абмеркаванне. Дзень поспехаў маладога спецыяліста — гэта своеасаблівая педагагічная справаздача маладых педагогаў аб прымяненні тэарэтычных ведаў у практыцы работы.

Педагогі школы актыўна ўдзельнічаюць у педагагічных нарадах, метадычных дэкадах і тыднях, конкурсах. Па выніках правядзення асабліва значных мерапрыемстваў наладжаны выпуск метадычных веснікаў і бюлетэняў, створаны фонд педагагічнага друку. У канцы навучальнага года на пасяджэнні метадычнага савета праходзіць метадычны фестываль — творчая справаздача вучэбна-метадычных аб’яднанняў, дзе кожнае аб’яднанне прадстаўляе распрацаваныя метадычныя і дыдактычныя матэрыялы, знаёміць з дасягненнямі педагогаў.

Метадычная работа з’яўляецца важным складнікам школьнага жыцця. Вынікам паспяховасці з’яўляецца павышэнне прафесіяналізму педагога і рост якасці адукацыі навучэнцаў.

Вынікам эфектыўнасці выкарыстання актыўных форм метадычнай работы ў нашай школе з’яўляецца паспяховае прымяненне ІКТ у выкладанні вучэбных прадметаў, павышэнне выніковасці ўдзелу ў конкурсах прафесійнага майстэрства, узбагачэнне тэарэтычнага і метадычнага арсенала педагагічнага калектыву, дзейнасць якога стала больш мэтанакіраванай і сістэмнай. 96% педагогаў школы маюць сертыфікат карыстальніка інфармацыйнымі тэхналогіямі ў адукацыі. Педагогі школы ў поўным аб’ёме выкарыстоўваюць магчымасці мультымедыйнай дошкі, інтэрнэту, адукацыйнай платформы EFFOR, медыятэкі на вучэбных і пазакласных занятках. Настаўнік-метадыст С.У.Абярган мае персанальны сайт настаўніка хіміі (beresthimik.web-box.ru), дзе можна знайсці распрацоўкі ўрокаў, інтэрактыўныя гульні, асабістыя дасягненні настаўніка. Сяргей Уладзіміравіч стварыў анлайн-сэрвіс для кантролю ведаў навучэнцаў па хіміі “Інтэрхімік” (interhimik.ru), дзе размяшчаюцца тэставыя заданні па вучэбным прадмеце. У 2016/2017 навучальным годзе дзевяць педагогаў школы здалі экзамен на прысваенне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, адзінаццаць пацвердзілі вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю.

Прадстаўленыя актыўныя формы метадычнай работы з’яўляюцца традыцыйнымі ў нашай школе. Яны стымулююць пошук, творчую дзейнасць педагогаў. Кожны, хто выбраў прафесію настаўніка, павінен памятаць вельмі важныя і правільныя словы рускага педагога Канстанціна Ушынскага: “У справе навучання і выхавання, ва ўсёй школьнай справе нічога нельга палепшыць, абмінаючы галаву настаўніка. Настаўнік жыве да таго часу, пакуль ён вучыцца”.

Алена ЯКУБЕЦ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 1 Ляхавіч Брэсцкай вобласці.