Чатыры запамінальныя дні правялі каля возера Казара ўдзельнікі Абласнога турыстычнага злёту навучэнцаў вобласці “Здароўе — змоладу!”.
Ужо каторы год запар гэтае месца аб’ядноўвае юнакоў і дзяўчат з усіх рэгіёнаў вобласці. Сёлета на Казары сабраліся 23 каманды. Улзельнікаў чакалі новыя знаёмствы, прыемныя эмоцыі і, канечне, цікавыя спаборніцтвы.
Першы дзень пачаўся з уладкавання: ставілі палаткі, рыхтавалі дровы, запасліся вадой. Моладзь не толькі дэманстравала веданне пэўных турыстычных правіл, але і праяўляла фантазію, уладкоўваючы свой побыт. Роўных тут не было камандам Рэчыцкага і Жлобінскага раёнаў.
— Добраўпарадкаванне ачага — першачарговая для турыстаў справа, — гаворыць знаўца паходаў намеснік дырэктара абласнога Цэнтра турызму і краязнаўства Вольга Пісарэнка. — Нашы дзеці вельмі добра спраўляюцца. За лічаныя хвіліны на паляне раскінуліся вулачкі палатачнага гарадка, у кацялку закіпела вада. Водары кулінарных страў, прыгатаваных на вогнішчы, разносіліся па ўсёй паляне, выклікаючы жаданне неадкладна паспрабаваць усё, што было згатавана вопытнымі кухарамі-аматарамі.
У другі і трэці дні юных турыстаў чакалі самыя складаныя этапы спаборніцтваў. Каманды спаборнічалі ў тэхніцы веласіпеднага турызму, паказалі свой спрыт у турыстычна-прыкладным мнагаборстве на кароткай і доўгай дыстанцыях, прадэманстравалі ўменне арыентавацца.
Удзельнікі злёту змагаліся не толькі ў спартыўных дысцыплінах, але і ў творчых спаборніцтвах, як, напрыклад, конкурс турыстычнай песні, краязнаўства ці конкурс насценгазет. Лепшымі знаўцамі роднага краю сталі ўдзельнікі з Цэнтральнага раёна Гомеля, а самую яркую і інфарматыўную газету падрыхтавала каманда Чачэрскага раёна.
Пераможцам жа і ўладальнікам кубка ў абласным турыстычным злёце навучэнцаў вобласці стала каманда Буда-Кашалёўскага раёна. Другое месца — у каманды Светлагорскага раёна, трэцяе — у каманды Рэчыцкага раёна.
Пасля турзлёту каманды-ўдзельніцы не развітваліся, бо ім яшчэ трэба было на працягу пяці сутак прайсці турыстычнымі сцежкамі па маршрутах роднай зямлі.
Наталля ЛУТЧАНКА.