Настаўніку і арнітолагу са Століншчыны Аляксандру Альгамцу любоў да прыроды перадалася з генамі ад дзядулі. Той з маленства вучыў унука берагчы іх роднае Палессе. І ўсё сваё дарослае жыццё гэтаму ж Аляксандр Іосіфавіч вучыць сваіх вучняў.
Дарога да майго сённяшняга суразмоўніка была доўгай, але асабліва прыемнай. Палескія краявіды за акном не далі мне перагарнуць ніводнай кніжнай старонкі. І чым бліжэй я пад’язджала да Сямігосціч, якія размясціліся акурат у пойме Прыпяці, тым больш відавочным станавілася, чаму я еду менавіта да арнітолага.
“Усё маё дзяцінства прайшло тут, на беразе Прыпяці. І самыя першыя ўспаміны пра прыроду звязаны з ёй жа. І з дзядулем. Ён усё жыццё пражыў на Прыпяці. З ранку да вечара вывучаў прыроду навокал і, галоўнае, птушак. Ведаў, дзе якая птушка сустракаецца, якая з іх і калі ў наш край прылятае і калі адлятае, дзе гняздуецца, якое гняздо якой з іх належыць і інш. Ведаў усе птушыныя назвы, прычым на дыялекце. А я быў заўсёды побач з дзедам. Любую вольную хвілінку бег да яго, каб разам з ім схадзіць у лес, на луг”, — успамінае Аляксандр Іосіфавіч Альгамец, настаўнік біялогіі і геаграфіі Сямігосціцкай сярэдняй школы Столінскага раёна.
Гэта той выпадак, калі вучаць не словы, а справы. Дзядуля сваімі дзеяннямі даваў унуку жыццёвыя ўрокі, як берагчы навакольную прыроду.
“Нават касіў мой дзядуля, пільна ўглядаючыся ў траву, бо баяўся не заўважыць перад сабой птушынага гнязда і скасіць яго. А заўважыўшы, гэты ўчастак пакідаў някошаным і ўсё роўна перажываў: хоць бы вярнулася гаспадыня гнязда. А як ён радаваўся, што ў яго на ўчастку загняздзілася птушка! Душа майго дзеда была напоўнена любоўю да прыроды. У 5 класе я зразумеў, наколькі цікавы чалавек мой дзядуля і што мала хто яшчэ столькі ведае. Таму стаў запісваць у свой дзённік усё тое, пра што за дзень даведваўся ад яго. Дапаўняў запісы сваімі эмоцыямі, малюнкамі, цытаваў дзядулю”, — расказвае мой суразмоўнік.
Тады ж, у 5 класе, Аляксандр пачаў збіраць сваю бібліятэку, якая сёння налічвае амаль паўтысячы кніг. Яшчэ дзіцем, у які б горад ні прыязджаў, прасіў дарослых звазіць яго ў кніжны магазін. Калі хлопцы, яго аднагодкі, цікавіліся ў асноўным тэхнікай, то Аляксандр — прыродай. Усе літаратурныя крыніцы, якія былі, ён перачытаў. У 5 класе з’явіліся і першыя экспанаты яго птушынай калекцыі, якую ён папаўняе ўсё свядомае жыццё. Гэта птушыныя гнёзды, яйкі і самі птушкі.
Чытайце матэрыял Святланы Нікіфаравай у нумары ад 24 студзеня 2023 года.