Усе прафесіі, як вядома, добрыя, і выбіраць можна на любы густ. Каб гэты выбар быў усвядомленым, навучэнцу неабходна дасканала азнаёміцца са светам прафесій, узважыць усе “за” і “супраць”, параіцца з педагогамі, бацькамі, сябрамі, паслухаць сваё ўнутранае “Я” і толькі потым вызначаць будучы шлях. Правільны прафесійны выбар, як сведчыць назва XVII Рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі, — гэта ўпэўненая будучыня маладога пакалення.
Сакрэт паспяховага прафесійнага выбару — гэта правільна падабраная методыка правядзення выхаваўчай прафарыентацыйнай работы. Парад прафесій — так можна коратка ахарактарызаваць сёлетнюю рэспубліканскую выставу. Парад методык выхаваўчай прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі — гэтае параўнанне таксама будзе дакладным. Падчас круглых сталоў, майстар-класаў, педагагічных майстэрань педагогі з усіх рэгіёнаў краіны на працягу трох дзён дзяліліся прафарыентацыйным вопытам. Было ўсё: ад аповеду пра сакрэт удалага правядзення традыцыйных экскурсій на прадпрыемствы, турыстычных паходаў да аповеду пра сучасныя прафарыентацыйныя гульні.
Як паведаміла падчас круглага стала “Выкарыстанне адукацыйнага патэнцыялу турыстычна-краязнаўчай дзейнасці навучэнцаў у арганізацыі профільнага навучання” намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Лідзія Андрэеўна Жур, турызм і краязнаўства прадастаўляе вялікія магчымасці ў справе прафесійнай арыентацыі навучэнскай моладзі. У турыстычных паходах, летніках, экспедыцыях, экскурсіях навучэнцы вывучаюць працэсы вытворчасці на прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемствах, даследуюць палі, лясы, глебу, удзельнічаюць у ахове прыроды, археалагічных, этнаграфічных, геалагічных экспедыцыях, лектарскіх групах, дапамагаюць ветэранам вайны і працы, робяць шмат карысных спраў. Турызм дазваляе на практыцы даведацца аб прафесіі, прычым часта спецыфічнай: геолаг, археолаг, тапограф, геадэзіст, ваенны.
— Існуюць прафесіі, якія адрознівае надзвычай высокі ўзровень адказнасці, наяўнасць экстрэмальных фактараў і ўмоў. Пры адборы на вучобу і работу па такіх прафесіях у кандыдатаў улічваецца стан фізічнага, псіхічнага здароўя, ведаў, узровень сацыяльнай адаптацыі, матывацыі да выбару прафесіі, сацыяльная накіраванасць асобы, асаблівасці характару, эмацыянальная ўстойлівасць, валявыя якасці, інтэлектуальны патэнцыял. Гэтыя якасці развіваюцца падчас навучання ў аб’яднаннях па інтарэсах ваенна-патрыятычнай, турыстычнай накіраванасці, на занятках па спартыўным арыентаванні, спартыўным скалалажанні, — адзначыла Лідзія Андрэеўна.
Важная роля ў прафарыентацыі навучэнцаў належыць школьным музеям, якіх налічваецца каля 1500, каля 90 маюць званне “народны”. Музеі ўстаноў адукацыі — гэта цэнтры не толькі грамадзянска-патрыятычнага і духоўнага выхавання, культурна-асветніцкай і інфармацыйнай работы з моладдзю, але і цэнтры прафесійнай арыентацыі. З асаблівасцямі такой работы можна было азнаёміцца падчас урачыстага парада музеяў, які прайшоў 27 красавіка. Наведвальнікі выставы маглі азнаёміцца з прафарыентацыйнымі магчымасцямі музея хлеба сярэдняй школы № 1 Гомеля, народнага гісторыка-этнаграфічнага музея “Гісторыя Заронаўскага краю” Заронаўскага дзіцячага сада Віцебскага раёна, этнаграфічнага музея “Спадчына” сярэдняй школы № 3 Кобрына, гісторыка-этнаграфічнага музея “Дружба народаў” сярэдняй школы № 8 Гродна, літаратурнага музея Пімена Панчанкі сярэдняй школы № 199 Мінска, краязнаўчага музея А.Е.Гурыновіча Пярэжырскай сярэдняй школы імя А.Е.Гурыновіча Пухавіцкага раёна. А з рабочымі прафесіямі азнаёмілі экскурсаводы музея прафесійна-тэхнічнай адукацыі Магілёўскай вобласці, які дзейнічае на базе Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 7.
Рэспубліканскі праект па падрыхтоўцы юных экскурсаводаў пачаў рэалізоўвацца ў 2013 годзе, калі прайшоў конкурс юных экскурсаводаў музеяў устаноў адукацыі. У 2014 годзе адбыўся конкурс юных экскурсаводаў па малой радзіме, у 2015 — юных экскусаводаў “Мая радзіма — Беларусь”. У выніку падрыхтаваны юныя экскурсаводы, якія на высокім узроўні змогуць правесці экскурсіі па музеях устаноў адукацыі, па сваіх населеных пунктах, па Беларусі (на беларускай, рускай, англійскай і іншых мовах) і плануюць атрымаць прафесію экскурсавода, гіда-перакладчыка і іншыя прафесіі, звязаныя з турыстычна-экскурсійнай дзейнасцю.
— На базе ўстаноў дадатковай адукацыі ствараюцца занальныя цэнтры для правядзення прафарыентацыйных мерапрыемстваў у шосты школьны дзень. Прафарыентацыйная работа павінна быць абавязковым кірункам работы ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і арыентавацца на дзяржаўны заказ, ажыццяўляцца з улікам запытаў сучаснага рынку працы, запатрабаванасці прафесій, — адзначыла Л.А.Жур.
Рэсурсны цэнтр па прафарыентацыі дзяцей і моладзі “Прафарыенцір” створаны і паспяхова функцыянуе на базе Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Кіраўнік цэнтра Святлана Фаўстаўна Мядзвецкая прэзентавала аўтарскія прафесійныя гульні для навучэнцаў “Піраміды прафесій”. Прафарыентацыйныя гульні, якія выкарыстоўваюцца ў рабоце рэсурснага цэнтра “Прафарыенцір”, з’яўляюцца выдатнай альтэрнатывай шырока распаўсюджаным формам прафарыентацыйнай работы ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі. Такія гульні павышаюць цікавасць навучэнцаў да праблем прафесійнага самавызначэння, у займальнай форме знаёмяць са светам прафесій, дазваляюць арыентавацца ў гэтым свеце.
— Гульня “Піраміда прафесій” з’яўляецца своеасаблівым спалучэннем разнастайных гульняў, такіх як “Брэйн-рынг”, “Што? Дзе? Калі?”, “Лато”, “Скептыкі і аптымісты”, “Адгадай прафесію”. Гульня можа праводзіцца ў розных варыянтах для рознага ўзросту. Ёсць піраміда мужчынскіх і піраміда жаночых прафесій, эканамічная, фізіка-матэматычная, тэхналагічная, біёлага-хімічная, філалагічная, піраміды гісторыка-грамадазнаўчага і геаграфічнага профілю, — адзначыла Святлана Фаўстаўна.
Свет прафесій разнастайны, піраміда прафесій высокая, а прафесійны выбар — справа адказная. Як зрабіць гэты выбар правільна, усвядомлена, каб у маладога пакалення была паспяховая будучыня? Грунтоўны адказ на гэтае пытанне дала рэспубліканская выстава.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.