Партрэт у школьным інтэр’еры

- 10:37Людзі адукацыі, Рознае

Часлаў Зянонавіч Чарноўскі 33 гады працуе ў віцебскай сярэдняй школе № 10. Настаўнік працоўнага навучання, выдатнік народнай асветы БССР, ён мог зрабіць кар’еру — прапановы былі. Але яму падабаецца менавіта работа з дзецьмі і тое, што ён працуе рукамі. Адзін з дырэктараў у свой час ахарактарызаваў яго так: “Фанатык на сваім рабочым месцы”.

Уладанні энтузіяста

У школьнай майстэрні мяне пасадзілі не проста на крэсла — на трон. На такіх калісьці сядзелі ў сям’і браслаўскага памешчыка, і аднойчы Часлава Зянонавіча папрасілі аднавіць такое старадаўняе крэсла з памесця. Педагог яго аднавіў і адначасова зрабіў чарцяжы, каб вырабіць копію на ўроках працы разам з вучнямі. Адзінае, што выконваў выключна сам, — разьба па дрэве, усё астатняе — дзіцячая работа, пра што настаўнік расказвае з яўнай гордасцю.

Свае ўладанні паказвае з задавальненнем. Гэта і не дзіўна: гадоў шэсць назад майстэрні ў сярэдняй школе №10 былі прызнаны лепшымі ў рэспубліцы. У іх укладзена столькі працы Ч.З.Чарноўскага, што і размовы не можа быць пра змену месца работы. Тым больш што Часлаў Чарноўскі адрозніваецца пастаянствам — у працы, сямейным жыцці, захапленнях.

Забягаючы наперад, скажу, што больш як трыццаць гадоў гэты педагог не здраджвае свайму хобі — збірае разнастайныя гадзіннікі. Калекцыянерам сябе не лічыць, хаця экспанатаў налічваецца не адзін дзясятак. Для яго важная механіка, работа старых майстроў. Ёсць будзільнік 1936 года, пабіты, памяты, але спраўны — звоніць як мае быць! Цікавы будзільнік сталінскай эпохі, які ў свой час неслі на звалку (выпрасіў яго ў літаральным сэнсе слова). У майстэрнях то там, то сям вісяць антыкварныя гадзіннікі, у тым ліку нямецкія. Аднойчы, загарэўшыся ідэяй, вырабіў з вучнямі вялізны круглы гадзіннік (станок дазваляе працаваць з дрэвам вялікага дыяметра).

Праца з карысцю

Часлаў Чарноўскі імкнецца, каб хлапчукі не працавалі ўхаластую. Прадметам гордасці для яго з’яўляецца нестандартнае дэкаратыўнае афармленне ўваходных школьных дзвярэй. На шпалерах настаўнік рабіў эскізы ў натуральную велічыню, затым кожны клас, з 5-га па 9-ы, выконваў канкрэтную аперацыю. Працавалі паўгода, устанаўлівалі дзверы разам з колішнім дырэктарам. Затым ён, настаўнік працы, прыдумаў арыгінальную рашотчатую перагародку ў калідоры з пано па беларускіх матывах. З дрэвам зноў-такі працавалі дзеці. Часлаў Зянонавіч заўсёды ў пошуку, прыдумвае то малюнак, то сюжэт, то выраб.

На творчыя памкненні настаўніка ўплывае тое, што некалі ён скончыў мастацка-графічны факультэт педагагічнага інстытута. У майстэрні вісяць некалькі яго ранніх карцін (эцюднік з фарбамі даўно ляжыць без справы ў лабаранцкай) і выдатныя табліцы для вучняў. Мне здалося, што гэта фабрычная работа, настолькі прафесійна яна выканана. У адказ на маё здзіўленне Часлаў Зянонавіч усміхнуўся:
— Трэба ведаць, дзе я вучыўся!

Яшчэ больш здзівіў мяне педагог, калі ў сталярнай майстэрні прадэманстраваў шаснаццаць табліц, на якіх змясціўся ўвесь вучэбны матэрыял па рабоце з дрэвам. Нішы застаўлены дзіцячымі работамі — узор для некалькіх пакаленняў школьнікаў. Пры тлумачэнні тэмы настаўніку не прыходзіцца вынаходзіць веласіпед, дастаткова ўзяць на паліцы патрэбны экспанат. Усе стадыі слясарных работ таксама распісаны на дэманстрацыйных плакатах.

Школьны Кулібін

У тым, што школе пашанцавала мець свайго Кулібіна, я пераканалася, калі ўбачыла самаробныя станкі, вырабленыя дзецьмі па чарцяжах настаўніка. Гэта і свідравальна-фрэзерны станок, і вертыкальна-фрэзерны, і станок для запілоўвання багетных рамак. Нават газонакасілку змайстравалі, калі ў продажы яшчэ не было такой разнастайнасці тэхнікі.

Гэта не цацкі ці падробка — дзеючыя вырабы. Заводскіх станкоў у майстэрнях хапае, але самаробныя цалкам бяспечныя, таму што працуюць праз выпрамляльнік не на 220 вольт, а на 22. Калі ўсё гэта бачыш, разумееш, чаму настаўнік у свой час быў дэлегатам І з’езда настаўнікаў рэспублікі і ўдастоены дыплома пераможцы на Усесаюзных педагагічных чытаннях. Сапраўды, фанатык сваёй справы, якіх у школах мала.

Выхаванне мужчыны

У Часлава Зянонавіча Чарноўскага свае прынцыпы работы з хлапчукамі: ён выхоўвае мужчын. Часта гаворыць у класе:

— Няважна, кім вы станеце, прафесарам ці простым рабочым, але ў вас павінны быць умелыя рукі. Вы будучыя мужчыны, і гэтым усё сказана.

Тут неацэнны асабісты прыклад, а настаўнік паказвае, што сапраўды можа зрабіць усё. У свой час кабінет сваёй дачкі, якая працуе дэфектолагам, ператварыў у казку, дзе да таго ж было шмат кветак: кававае дрэва, якое вырасціў з зярнятка, ружа, фікус. Шмат зеляніны і ў майстэрнях. Некалі намеснік міністра адукацыі, які наведваў школу і ўбачыў мноства кветак на вокнах, вырашыў, што Чарноўскі па спецыяльнасці біёлаг. Ён памыліўся, але кветкі Часлаў Зянонавіч сапраўды вельмі любіць і ўмее з імі абыходзіцца.

Гэта рознабаковы чалавек, які з аднолькавым энтузіязмам робіць любую справу і цалкам аддаецца хобі. Хто, скажам, здагадаўся б аформіць грубыя трубы ўздоўж сцен скрынямі з нішамі для вырабаў ці паліцамі для калекцыі самавараў? Так-так, самавары з’яўляюцца яшчэ адным захапленнем настаўніка, і іх таксама шмат у майстэрнях. Калі ў слясарных майстэрнях гэта прадметы антыкварыяту, то ў сталярных красуюцца самавары, вырабленыя ўласнымі рукамі.

Вытокі творчасці

Можна толькі ўявіць, як аздоблена кватэра Чарноўскага! Тут усё незвычайнае, пачынаючы з парога. А, напрыклад, у ванным пакоі палова сцен выкладзена керамікай, палова — дрэвам, усяго тут 1600 драўляных дэталей. Кожная знаходзіцца на мінімальнай адлегласці адна ад адной — чатыры міліметры. Вільгаці дрэва не баіцца, бо апрацавана бяспечным сродкам на аснове старадаўніх рэцэптаў.

Да свайго дома ў Часлава Зянонавіча трапяткія адносіны — гэта ўласная тэрыторыя, аддушына, якая павінна быць у кожнага чалавека. Творыць ён тут з асаблівым пачуццём, а вынік працы падабаецца ўсім: жонцы, дачцэ, зяцю (іх сям’я, дарэчы, выключна настаўніцкая). Педагог тлумачыць:

— Нехта любіць машыну і важдаецца з ёй, а ў мяне машыны няма. Мне падабаецца тое, чым займаюся і што ўмею рабіць лепш за ўсё.

Талент перадаўся ад дзеда. Бацька (ён быў кавалём) памёр, калі Чаславу споўнілася ўсяго дзесяць гадоў, таму навуку жыцця спасцігаў ад дзеда-бондара. У таго было вельмі многа заказаў, рук не хапала, і ён заўсёды прасіў:

— Унучак, дапамажы!

Дзякуючы дзеду асвоіў тэхналогію работы з дрэвам: як яго раскалоць, распілаваць, высушыць. Гэта потым ужо ў Часлава Зянонавіча з’явіліся прыярытэты: больш за ўсё ён любіць працаваць з вольхай і коркавым дубам, у якога вельмі прыгожая тэкстура. Дарэчы, два такія ўнікальныя віды дрэў растуць у школьным двары. Як некалі і дзед, Часлаў Зянонавіч не прызнае электраінструментаў, працуе з лучковачкай (лучковай пілой), рубанкам і нажом — яны дазваляюць адчуваць дрэва.

Педагог упэўнена гаворыць, што, калі б прыйшлося пачынаць жыццё спачатку, нічога б у ім не мяняў. Праўда, крыху падумаўшы, дадае, што, магчыма, займаўся б гадзіннікамі. Але ім і ў гэтым яго жыцці знайшлося месца. Так што, як ні круці, работа і хобі супалі на ўсе сто працэнтаў.

Ніна ПІСАРЭНКА.
Фота аўтара.