Свае фракцыі ў новай Дзярждуме Расіі змогуць сфарміраваць тыя ж чатыры партыі, якія засядалі ў Думе папярэдняга склікання: “Адзіная Расія”, КПРФ, ЛДПР і “Справядлівая Расія”. Такі вынік праведзеных 18 верасня ў Расіі парламенцкіх выбараў.
Цяперашнія выбары пасля больш як дзесяцігадовага перапынку зноў прайшлі па змешанай сістэме: 225 дэпутатаў выбіраліся па прапарцыянальнай сістэме (па партыйных спісах) і 225 — па аднамандатных акругах. Згодна з абнародаванымі Цэнтрвыбаркамам папярэднімі данымі, у галасаванні па партыйных спісах упэўненую перамогу атрымала “Адзіная Расія”, якая наблізілася да 50-працэнтнага выніку. Далей з вялікім разрывам 2-е і 3-е месца падзялілі КПРФ і ЛДПР. 5-працэнтны бар’ер, неабходны для праходжання ў Дзярждуму, пераадолела таксама “Справядлівая Расія”. Астатнія 10 партый, якія ўдзельнічалі ў выбарах, не змаглі пераадолець рубеж 5% галасоў выбаршчыкаў.
Што тычыцца аднамандатных акруг, то больш як у 200 з іх перамогу таксама атрымліваюць вылучэнцы “Адзінай Расіі”. Такім чынам, паводле падлікаў экспертаў, кіруючая партыя ў суме можа атрымаць каля 303—305 мандатаў — гэта больш як 2/3 ад агульнай колькасці дэпутатаў Дзярждумы (450 чалавек) — канстытуцыйная большасць. Прадстаўнікі КПРФ перамагаюць у шасці аднамандатных акругах, “Справядлівай Расіі” — у пяці, ЛДПР — у пяці акругах.
Зрэшты, у новай Дзярждуме, акрамя чатырох партый-старажылаў, будуць сціпла прадстаўлены і іншыя палітычныя сілы: па адным дэпутацкім месцы ў аднамандатных акругах выйгралі партыі “Грамадзянская платформа”, “Яблык”, “Радзіма”, “Камуністы Расіі” і “Партыя росту”. Яшчэ ў адной аднамандатнай акрузе на першае месца выйшаў кандыдат-самавылучэнец.
Праведзеныя выбары вызначыліся даволі невысокай яўкай.