Пашана за сумленную і ўзорную працу

- 10:20Людзі адукацыі

Сярод педагагічнай грамадскасці Брэстчыны прозвішча Галіны Скарыны добра вядома не толькі з-за айчыннага асветніка і першадрукара XVI стагоддзя. Яна 40 гадоў сумленна і апантана ўпрыгожвала і працягвае ўпрыгожваць сваё прозвішча шчырай працай на ніве адукацыі. І як вынік гэтага — зараз у цэнтры раённага горада Бярозы сярод шматлікіх партрэтаў, што змешчаны на Дошцы гонару, партрэт Галіны Васільеўны прываблівае знешняй жаночай прыгажосцю і цёплым поглядам.

Сёлета якраз перад чарговым святам Дня Перамогі раённыя ўлады і грамадскасць такім чынам аддзячылі настаўніцы беларускай мовы і літаратуры гімназіі Белаазёрска за шматгадовую добрасумленную працу, значны ўклад у развіццё Бярозаўскага краю.

А пачыналася яе жыццёвая дарога так. Галіна Чыж (дзявочае прозвішча гераіні) у свой час скончыла Міжлескую сярэднюю школу і з поспехам паступіла ў Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.С.Пушкіна на філалагічны факультэт па спецыяльнасці “Беларуская мова і літаратура”. Гэты выбар быў не выпадковы, узважаны і прадуманы. На прафесійны ўхіл дзяўчыны паўплывала яе няўрымслівая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ніна Пятроўна Раманчук. Галіне ва ўсім хацелася быць падобнай да сваёй любімай настаўніцы: у адзенні, рухах, размове… Такіх беларусачак міжлеская настаўніца-прафесіянал выгадавала не адно пакаленне: думаецца, набярэцца добры клас гадаванак-настаўніц.

Пасля заканчэння інстытута ў 1978 годзе Галіна Васільеўна размяркоўваецца на работу ў Лукомерскую васьмігадовую школу Бярозаўскага раёна і 3 гады запар выкладае там родную мову і літаратуру. З першых урокаў вясковыя дзеці палюбілі маладую настаўніцу за цікавае і сур’ёзнае стаўленне да вучэбнага прадмета, за ўменне знайсці падыход да кожнага вучня.

Затым з-за дэмаграфічнай праблемы стараннай настаўніцы давялося перавесціся на работу ў новы горад энергетыкаў — Белаазёрск. З 1981 года і па цяперашні час яна выкладае ў сярэдняй школе № 2 Белаазёрска, якая з цягам часу набудзе статус гімназіі. У гэтай навучальнай установе Галіна Васільеўна заявіла аб сабе не толькі як настаўнік высокага класа, але і як таленавітая спявачка, удзельніца гарадскога хору “Прыазер’е”, дзе акампаніятарам тады працаваў малады і таленавіты Валерый Іванавіч Скарына. Закаханыя ў хуткім часе пабраліся шлюбам і па сёння цвёрда трымаюць сямейныя пазіцыі, гадуюць дачку — студэнтку Настассю.

Колькі б ні гаварылася аб прафесіяналізме Галіны Скарыны, але яскравай адметнасці яе педагагічнай дзейнасці пакуль на Брэстчыне ніхто не пераўзышоў. Гэта краязнаўства Бярозаўшчыны. Крэда настаўніцы — даць гімназістам не толькі глыбокія веды па вучэбных прадметах, але і далучыць іх да традыцый сваёй радзімы, свайго роднага краю. Эфектыўным сродкам уздзеяння на дзяцей з’явіўся створаны ёй музей “Лянок”, у якім можна пазнаёміцца з працэсам апрацоўкі льну, вырабам нітак і самой тканіны. Настаўніца і таленавітыя выхаванкі-даследчыцы разам выткалі свой першы “ходнік”, выпусцілі “Рэгіянальны слоўнік ткацкай лексікі”.

Галіна Васільеўна з вучнямі звярнулі ўвагу на такі жанр народнай песні, як прыпеўка, якая сёння, на жаль, амаль знікла. Таму гімназісты сабралі іх вялікую колькасць і падрыхтавалі яшчэ адну даследчую работу “Тэматычная разнастайнасць і жанравая адметнасць прыпевак Белаазёршчыны”. Вынікам стаў “Зборнік прыпевак”, выдадзены пакуль самавыдавецкім чынам. Кніга вызначаецца не толькі народнымі песнямі, але і сціслымі звесткамі пра мясцовых прыпевачніц.

Дзякуючы энтузіязму Галіны Васільеўны, яе няспынным пошукам, музей гімназіі налічвае вялікую колькасць ручнікоў, фартухоў, разнастайных галаўных убораў. Кожная група бытавых народных прадметаў даследавана, і быў складзены фонд пад назвай “Традыцыйныя галаўныя ўборы ў адзенні сялянак навакольных вёсак Белаазёрска”. Пазней аматары музейнай справы арганізавалі выставу “З бабулінага куфра” і выпусцілі тэматычны відэаролік.

Пад кіраўніцтвам Галіны Васільеўны юныя даследчыкі з асаблівай цікавасцю вывучылі традыцыі ўстаноўкі прыдарожных крыжоў у навакольных вёсках Белаазёрска, іх ушанаванне і выкарыстанне ў звычайнай абраднасці. Высветлілі, што кожны з крыжоў мае сваю гісторыю, звязаную з лёсам канкрэтнага чалавека. Даследчая работа для навукова-практычнай канферэнцыі была названа “Маўклівыя сведкі гісторыі”. Пазней настаўніца з вучнямі распрацавала экскурсію “Прыдарожныя крыжы як сведкі лёсу народа”.

У гарадку энергетыкаў штогод 20 верасня стала добрай традыцыяй праводзіць сустрэчы з пісьменнікамі вобласці і сталіцы пад назвай “Бабіна лета ў Белаазёрску”. Мера-прыемства прысвечана памяці паэтэсы Ніны Мацяш. Галіна Скарына да гэтага свята мае самыя непасрэдныя адносіны: яна і аўтар сцэнарыя, і вядучая. Усё жыццё сябравала з пісьменніцай, дапамагала ёй. У музеі гімназіі ёсць зала, прысвечаная асобе Ніны Язэпаўны. На стэндах адлюстраваны асноўныя моманты жыцця і творчасці знакамітай зямлячкі. У гэтым годзе музей “Лянок” двойчы быў адзначаны дыпломамі рэспубліканскага ўзроўню.

За высокія паказчыкі ў прафесійнай дзейнасці Галіна Васільеўна Скарына неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі аддзела па адукацыі Бярозаўскага райвыканкама, Міністэрства адукацыі, мае нагрудны знак “Выдатнік адукацыі”, неаднаразова перамагала ў раённым конкурсе “Педагог года”. Сапраўды, у Галіны Васільеўны ёсць чаму павучыцца.

Іван АСКІРКА.
Фота аўтара.