Пашанцавала з дырэктарам

- 11:28Людзі адукацыі

На працягу 27 гадоў назіраю за работай і развіццём Альхоўскай сярэдняй школы Астравецкага раёна. Такую магчымасць маю таму, што менавіта на базе гэтай установы з 1990 года праводжу метадычны летнік настаўнікаў фізікі. Адміністрацыя школы заўсёды стварае спрыяльныя ўмовы для працы і адпачынку.

Апошнія 6 гадоў школу ўзначальвае Сяргей Анатольевіч Гаўрыловіч — сучасны кіраўнік, для якога прыярытэтам з’яўляецца не толькі адміністрацыйна-гаспадарчая дзейнасць, але і адукацыйная. Гэта праяўляецца ў тым, што ён пастаянна вывучае, што адбываецца ў класах, дапамагае настаўнікам, заахвочвае педагогаў да вывучэння эфектыўных тэхналогій і метадаў навучання, арганізуе ўзаемнае навучанне настаўнікаў, падтрымлівае іх ініцыятывы, стварае ўмовы для прыняцця настаўнікамі рашэнняў аб напрамках і спосабах прафесійнага і асобаснага самаразвіцця.

Вынікам такой кіраўніцкай пазіцыі стала стабільнае павышэнне якасці навучання. Вучні школы на раёне заваёўваюць больш дыпломаў, чым большыя па колькасці школы. Плённа працуюць настаўнікі А.І.Кусойць, Т.А.Крэчка, Г.У.Уласік, Т.М.Ждановіч, Л.У.Саўко, Л.І.Анімуцкая. З’явіліся дыпломы і на вобласці (у мінулым навучальным годзе было два дыпломы ІІ ступені, заваяваныя пад кіраўніцтвам Л.У.Саўко).

Яшчэ адзін з паказчыкаў, якім дырэктар і настаўнікі ганарацца, — гэта вынікі, якія атрымліваюць выпускнікі на ЦТ. Асабліва гэта стала заўважна пасля ажыццяўлення інавацыйнага праекта па мультыпрофільным навучанні. Амаль 100% выпускнікоў альхоўскай школы паступаюць у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Штогод ёсць вучні, якія выбіраюць для сябе прафесію педагога.

У школе мноства перамог у розных творчых конкурсах, прычым на ўсіх узроўнях — ад раённага да міжнароднага. Асабліва ў галіне экалогіі і інтэрнэт-тэхналогій. Тэатр на замежнай мове заўсёды сярод пераможцаў раённага конкурсу.

Для сучаснага кіраўніка характэрна ўменне бачыць моцныя бакі і недахопы ў дзейнасці кожнага настаўніка, дапамагаць ім іх разумець; здольнасць матываваць на вывучэнне новай эфектыўнай практыкі. Як вынік — павышэнне педагагічнага майстэрства настаўнікаў, што заўважана на прафесійных конкурсах. Так, Я.І.Куцько ў мінулым годзе прызнана лепшым класным кіраўніком, а Г.С.Варанішча — лепшым педагогам-псіхолагам Астравецкага раёна.

Для Сяргея Анатольевіча характэрна здольнасць зрабіць планаваную для ўкаранення інавацыю важнай для ўсёй школы. У 2012 годзе навучальная ўстанова ўпершыню прыняла ўдзел у інавацыйным праекце па мультыпрофільным навучанні. Удзел педагогаў у праекце надаў імпульс да мабілізацыі творчых і інтэлектуальных здольнасцей калектыву, згуртаваў яго. Мультыпрофільнае навучанне — гэта моцны інструмент у руках настаўнікаў і адміністрацыі, прымяненне якога пазітыўна паўплывала на вынікі навучання не толькі на трэцяй, але і на другой — і нават першай — ступені навучання. Зараз школа ўдзельнічае ў інавацыйным праекце па перавернутым навучанні. Безумоўна, імгненных вынікаў тут чакаць цяжка. Прайшоў год, і школа, як і іншыя ўстановы — удзельнікі праекта, толькі пачынае разумець тэхналогію. Тым не менш зацікаўленасць, і не малая, ужо з’явілася і ў вучняў, і ў настаўнікаў, а статыстыка, якую сабралі ў школе на працягу года, сведчыць, што выкарыстанне перавернутага навучання дае станоўчы вынік у павышэнні якасці адукацыі вучняў.

Увогуле, для Сяргея Анатольевіча дылемы будаваць зносіны ў педкалектыве на аснове канкурэнцыі ці супрацоўніцтва не існуе. Ён аддае перавагу арганізацыі супрацоўніцтва, узаемнага навучання педагогаў. Безумоўна, гэта было б немагчыма без прафесійна падабранай каманды. Вялікі груз работы па кіраванні школай ляжыць на плячах сапраўдных прафесіяналаў — Алены Іванаўны Кусойць і Таццяны Анатольеўны Крэчка. Дырэктар ганарыцца сваімі намеснікамі і настаўнікамі. Вось яго выказванне: “Для мяне важна, што нашы настаўнікі — Асобы з вялікай літары, кожны са сваёй думкай, якую не баіцца выказваць і адстойваць. Іншаму кіраўніку было б, верагодна, цяжка з імі спрацавацца, а я сваімі настаўнікамі ганаруся”. У школе пануе ўзаемапавага, атмасфера даверу і ўзаемаразумення.

Дзеля справядлівасці хачу сказаць і пра гаспадарчую дзейнасць дырэктара. Па меркаванні ўдзельнікаў нашага летніка, за 6 гадоў школа вельмі змянілася, стала нагадваць дагледжаны, прыгожы дом, утульны і зручны для навучання школьнікаў і працы настаўнікаў. Школу рамантавалі гаспадарчым спосабам. У выніку ва ўсіх памяшканнях, пачынаючы ад падлогі, сцен і столі да вокнаў і дзвярэй, не засталося нічога старога. Шэрае, цёмнае фае ператварылася ў светлае і сонечнае. Калідоры блішчаць з густам падабранай пліткай. Школьная сталоўка не саступае сталічнаму кафэ, а харчаблок ззяе, нібы хірургічны пакой. Ва ўтульным класе і веды набываць лягчэй і прыемней.

Вялікім болем дырэктара быў школьны стадыён. Вытаптаны, з ямкамі замест роўнага газона, ён апошнім часам быў прыгодны толькі для пашы жывёлы, для чаго яго мясцовыя жыхары і выкарыстоўвалі. Знайшлі магчымасць прывезці 15 “дваццацітоннікаў” зямлі, выраўнаваць яе, засеяць травой і тры гады яе расціць, пабудаваць агароджу, зрабіць новыя дарожкі і футбольныя вароты. І зараз стадыён не сорамна і гасцям паказаць. А мясцовыя жыхары — і дзеці, і дарослыя — з задавальненнем бавяць на ім вольны час.

Сучаснага дырэктара таксама характарызуе здольнасць рабіць сваю школу адкрытай у адносінах да навакольнага асяроддзя і ўспрымальнай да тых сігналаў, якія з’яўляюцца індыкатарамі неабходнасці перамен. Сяргей Анатольевіч думае аб перспектывах, далучае да сваіх планаў калег. У адукацыйным працэсе — гэта прагрэс у перавернутым навучанні і прафарыентацыйнай дзейнасці, у рабоце з бацькамі вучняў — развіццё супрацоўніцтва, у зносінах з соцыумам — устанаўленне і ўзмацненне партнёрскіх сувязей. Пажадаем дырэктару і калектыву Альхоўскай сярэдняй школы не спыняцца на дасягнутым, а выпускнікам паспяховай самарэалізацыі ў дарослым жыцці.

Мікалай ЗАПРУДСКІ,
прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі АПА.
Фота Ніны РЫБІК.