На працягу двух апошніх гадоў Лунінецкі раён займае першае месца сярод сельскіх раёнаў Брэсцкай вобласці ў алімпіядным руху.
У 2016 годзе школьнікі раёна заваявалі 22 дыпломы па 11 вучэбных прадметах, 4 дыпломы па выніках удзелу ў абласных алімпіядах для навучэнцаў 7—9 класаў і 2 дыпломы на Абласной алімпіядзе па фінансавай граматнасці і пытаннях здаровага ладу жыцця. Пра тое, што прывяло да такога поспеху, як арганізавана ў рэгіёне профільнае навучанне і якія праекты рэалізоўваюць педагогі ў бягучым навучальным годзе, наш карэспандэнт гутарыць з выконваючым абавязкі загадчыка аддзела адукацыі, спорту і турызму Лунінецкага райвыканкама Наталляй Аляксандраўнай ЦЯЛЬПУК.
— У новы навучальны год педагогі Лунінеччыны ўступілі з энтузіязмам, імкненнем укараняць новыя тэхнікі і прыёмы, жаданнем тлумачыць, настаўляць. Сёння вучыць нялёгка, але для педагога, у сэрцы якога жыве любоў да дзяцей і жаданне даць ім новыя веды, гэта самая прыемная работа на свеце.
У Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І.Нядзведскага пачата работа над інавацыйным праектам “Укараненне мадэлі “Перавернуты ўрок” як механізма павышэння якасці адукацыі навучэнцаў ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі”. Плануем таксама ўкараніць электронныя сэрвісы “Электронны дзённік / Электронны журнал” у гімназіі Лунінца, Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І.Нядзведскага, сярэдняй школе № 4 Лунінца. Тры ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі раёна ўключаны ў рэалізацыю праекта “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь”, які фінансуецца са сродкаў пазыкі Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця.
Актуальным напрамкам застаецца далейшая работа па фарміраванні здаровага ладу жыцця і бяспечных адказных паводзін навучэнцаў. Рашэннем Лунінецкага райвыканкама зацверджаны праект “Лунінец — здаровы горад” на 2014—2019 гады. У работу па праекце ўключаны 6 устаноў: дзве дашкольныя (яслі-сады № 10 і № 11 Лунінца) і чатыры сярэднія школы (сярэднія школы №№1, 2, 3, 4 Лунінца).
— Якімі яшчэ дасягненнямі вучняў і педагогаў ганарыцца раён?
— На заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы атрыманы 3 дыпломы. Двое навучэнцаў — Кірыл Гулін і Андрэй Некрашэвіч — сталі кандыдатамі ў каманду рэспублікі для ўдзелу ў міжнароднай алімпіядзе.
Навучэнцы сярэдняй школы № 2 Лунінца Максім Мелехавец, Кірыл Гулін і Андрэй Некрашэвіч сталі пераможцамі VIII Адкрытага каманднага чэмпіянату па праграмаванні сярод навучэнцаў устаноў адукацыі Мінска, а таксама ўдастоены дыплома ІІ ступені ў XVI Усерасійскай каманднай алімпіядзе школьнікаў па інфарматыцы і праграмаванні ў Санкт-Пецярбургу.
Навучэнцы І.А.Трагубава прымалі ўдзел у “Зімовай камп’ютарнай школе — 2016” у Далгапрудным і ўдзельнічалі ў адкрытай алімпіядзе школьнікаў па праграмаванні ў Маскве, па выніках якой Кірыл Гулін адзначаны дыпломам ІІІ ступені.
Стымуляванню пазнавальнай і творчай дзейнасці навучэнцаў садзейнічаюць конкурсы работ даследчага характару: 7 навучэнцаў сталі пераможцамі абласной канферэнцыі навучэнцаў “З навукай у будучыню”; 5 дыпломаў атрымана на рэспубліканскіх конкурсах работ даследчага характару, сярод іх — дыплом ІІІ ступені на ХХ Рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару і дыплом ІІ ступені ў XVII Рэспубліканскім конкурсе навуковых біёлага-экалагічных работ навучэнцаў (дзесяцікласніца сярэдняй школы № 2 Лунінца Ангеліна Зосіч), два дыпломы І ступені на ІХ Адкрытай міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Паспяховы той, хто творыць” (навучэнцы 11 класа сярэдняй школы № 2 Лунінца Алег Карпаў і Дар’я Кулакевіч), дыплом ІІ ступені ў Рэспубліканскім конкурсе творчых літаратурных і краязнаўчых даследчых работ “Святыні Беларусі: пакуты і перамогі” (навучэнец 7 класа гімназіі Лунінца Станіслаў Краўцоў).
— Наталля Аляксандраўна, у многім дасягненню поспехаў садзейнічае вывучэнне прадметаў на павышаным узроўні. Як арганізавана ў раёне профільнае навучанне?
— Штогод у маі ва ўстановах праводзіцца дыягностыка запытаў бацькоў і навучэнцаў па выбары прадметаў для вывучэння на павышаным узроўні. Імкнёмся, каб прафілізацыя навучання ў старшых класах адпавядала адукацыйным і жыццёвым устаноўкам старшакласнікаў. Даныя, прадастаўленыя ўстановамі, вывучаюцца, аналізуюцца. Улічваецца наяўнасць высокакваліфікаваных кадраў і матэрыяльна-тэхнічнай базы, якая дазваляе ў поўным аб’ёме рэалізаваць змест вучэбнай праграмы адпаведнага прадмета, які вывучаецца на павышаным узроўні. Бярэцца пад увагу таксама спецыфіка сацыяльна-эканамічнага стану раёна, запатрабаванасць прафесій пэўнага напрамку на прадпрыемствах і ў арганізацыях. Прычым пры адкрыцці профільных класаў звяртаем увагу на тое, каб не фарміраваць профільныя класы аднаго напрамку ў блізка размешчаных установах. Так, калі ў гімназіі Лунінца функцыянуюць класы фізіка-матэматычнага і хіміка-біялагічнага напрамку, то ў школах адкрыты класы філалагічнага напрамку і з іншым спалучэннем прадметаў.
Летась былі адкрыты 16 профільных груп у 10-х класах 12-і сярэдніх школ і працягнуў вывучэнне асобных прадметаў на павышаным узроўні 101 навучэнец у 11-х класах 8-і сярэдніх школ. Па запытах навучэнцаў арганізавана работа 19 профільных груп у 10-х класах 13-і сярэдніх школ, у 13-і сярэдніх школах 120 навучэнцаў 11-х класаў працягнулі профільнае навучанне па выбраных летась напрамках і прадметах. Адукацыйны працэс арганізаваны па трэцяй мадэлі (разам з профільнай групай ёсць навучэнцы, якія вывучаюць усе прадметы на базавым узроўні). Найбольш запатрабаванымі ў школах з’яўляюцца фізіка-матэматычны, філалагічны (замежная мова і руская або беларуская), хіміка-біялагічны напрамкі. Сёлета ў нашым раёне адкрыты 10-ы педагагічны клас у гімназіі Лунінца, дзе вучацца 23 навучэнцы.
Мы можам канстатаваць, што адным з безумоўных дасягненняў профільнага навучання з’яўляецца ўзрастаючая матывацыя навучэнцаў у вучобе ў цэлым, якая не можа не адлюстроўвацца на паспяховасці па прадметах. Таму лічым, што перспектывы ў такім напрамку дзейнасці ёсць, неабходна пашыраць сетку ўстаноў, якія ажыццяўляюць арганізацыю профільнага навучання, папярэдне падрыхтаваўшы матэрыяльна-тэхнічную базу, педагагічны, бацькоўскі і вучнёўскі калектывы, наладзіць супрацоўніцтва сярэдніх школ з установамі вышэйшай адукацыі.
— Якія пытанні хвалююць сёння педагагічную грамадскасць Лунінеччыны?
— Мяне і маіх калег цікавіць далейшае развіццё сістэмы адукацыі, абнаўленне зместу адукацыі. Педагогаў хвалююць пытанні фінансавання ўстаноў адукацыі, аснашчэння іх сучасным абсталяваннем. Ёсць шэраг пытанняў, якія нам неабходна вырашыць на ўзроўні раёна. У сістэме дашкольнай адукацыі гэта павелічэнне ахопу выхаванцаў новымі формамі адукацыі, развіццё варыятыўных форм, у тым ліку на платнай аснове. У сістэме агульнай сярэдняй адукацыі, безумоўна, павышэнне якасці адукацыі, эфектыўнасці падрыхтоўкі навучэнцаў да ЦТ, пашырэнне і развіццё дыстанцыйных форм работы з навучэнцамі, правядзенне эфектыўнай прафарыентацыйнай работы. Напрамую з пытаннямі навучання звязана занятасць навучэнцаў у пазаўрочны час. Нам неабходна правесці работу па развіцці сучасных запатрабаваных аб’яднанняў па інтарэсах, удасканаленні якасці паслуг, што прадастаўляюцца, а таксама актывізаваць работу па раннім выяўленні прымет неналежнага выхавання і ўтрымання дзяцей у сем’ях, удасканаліць дзейнасць СППС устаноў адукацыі раёна.
— Дзякуй за размову.
Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.