Паспяховая і шчаслівая

- 11:03Людзі адукацыі

За 40 гадоў працоўнай дзейнасці Кацярына Мікалаеўна Сіда прайшла шлях ад настаўніцы пачатковых класаў да намесніка начальніка раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму. У прафесійным плане яна лічыць сябе паспяховым і шчаслівым чалавекам, дзякуючы мэтанакіраванасці, настойлівасці і ініцыятыўнасці. Гэтыя важныя для работы якасці дапамаглі стаць кандыдатам псіхалагічных навук і выдатнікам адукацыі Беларусі.

— Стаць настаўніцай марыла з дзяцінства, — прызнаецца Кацярына Мікалаеўна. — Асабліва прыцягвала работа з малодшымі школьнікамі. На прафесійны выбар паўплывала асоба настаўніцы рускай мовы і літаратуры Велікамалешаўскай сярэдняй школы Столінскага раёна Героя Сацыялістычнай Працы Надзеі Іванаўны Кавалец. Жыццёвыя ўрокі гэтага таленавітага педагога памятаю да сённяшняга часу.

Пасля заканчэння факультэта педагогікі і методыкі пачатковай адукацыі Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М.Горкага К.М.Сіда была накіравана ў сярэднюю школу № 1 Жабінкі, дзе з невялікім перапынкам адпрацавала настаўніцай пачатковых класаў 17 гадоў.

— У педагагічнай дзейнасці больш за ўсё падабаліся зносіны з вучнямі, — гаворыць Кацярына Мікалаеўна. — Любіла назіраць за вучэбным і творчым развіццём дзяцей, выхоўваць іх праз пазакласную работу, узаемадзейнічаць з бацькамі. Вялікую ўвагу ўдзяляла тэхналогіі развіццёвага навучання малодшых школьнікаў. Вопыт работы ў гэтым напрамку лёг у аснову метадычнага дапаможніка “Прынцыпы развіццёвага навучання на ўроках беларускай мовы”.

К.М.Сіда — пераможца раённага і лаўрэат абласнога этапаў Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года — 1997”. Дзякуючы высокім прафесійным здольнасцям, таленавіты педагог была запрошана на пасаду загадчыцы раённага вучэбна-метадычнага кабінета.

— Гэта быў час адраджэння метадычнай службы ў раёне, — успамінае К.М.Сіда. — Давялося шукаць новыя формы эфектыўнай метадычнай работы з педагогамі (круглы стол, метадычны трэнінг, майстар-клас, семінар-практыкум, панарама вопыту), пашыраць спектр метадычных фарміраванняў (цэнтр развіццёвага навучання, апорна-кансультацыйны і інфармацыйна-аналітычны цэнтр, інавацыйны цэнтр з псіхолага-педагагічнай лабараторыяй, творчая лабараторыя, праблемная і творчая групы), укараняць сучасныя інавацыйныя тэхналогіі навучання дзяцей.

За 5 гадоў на гэтай пасадзе Кацярыне Мікалаеўне ўдалося зрабіць шмат. Па яе ініцыятыве ў раёне пачалі праводзіцца педагагічныя чытанні, навукова-практычныя канферэнцыі настаўнікаў і вучняў, фестывалі метадычнай службы, абарона стажорскай практыкі і інш.

— Выяўленне перадавога педагагічнага вопыту, які адпавядае дасягненням сучаснай навукова-метадычнай думкі, падтрымка і распаўсюджванне гэтага вопыту — важная ўмова паспяховай метадычнай работы, — упэўнена К.М.Сіда. — Заўсёды вялікую ўвагу ўдзяляла вучобе кіраўнікоў раённых метадычных фарміраванняў, навукова-педагагічнаму суправаджэнню настаўнікаў, павышэнню іх прафесійнай кампетэнтнасці. Метадычныя веды — выдатны інструмент для творчага пошуку.

Пасля раённага ВМК К.М.Сіда на працягу 9 гадоў працавала намеснікам начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Жабінкаўскага райвыканкама. Творчы падыход, глыбокія тэарэтычныя веды ў галіне псіхалогіі, педагогікі і кіравання дазволілі пад яе кіраўніцтвам павысіць культуру лакальнай дакументацыі і аналітычных матэрыялаў, змяніць структуру і змест гадавога планавання ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму, а таксама ва ўсіх установах адукацыі раёна.

У час работы на гэтай пасадзе Кацярына Мікалаеўна вялікую ўвагу ўдзяляла развіццю эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці ўстаноў адукацыі Жабінкаўшчыны па розных напрамках адукацыйнага працэсу, а таксама павышэнню эфектыўнасці алімпіяднага руху. Так, К.М.Сіда ініцыіравала правядзенне раённых прадметных алімпіяд для вучняў 3—4 і 5—8 класаў, стварэнне на базе гарадскіх школ рэсурсных цэнтраў для якаснай падрыхтоўкі да алімпіяднага руху і арганізацыю маніторынгавай сістэмы адсочвання якасці навучанасці і выхаванасці па спецыяльнай праграме.

— Пастаянны навуковы пошук прывёў да абароны кандыдацкай дысертацыі, прысвечанай псіхалагічным умовам і сродкам павышэння эфектыўнасці навучання малодшых школьнікаў беларускай мове ў сітуацыі блізкароднаснага білінгвізму, — гаворыць Кацярына Мікалаеўна. — Сёння працую над манаграфіяй па тэме дысертацыйнага даследавання.

К.М.Сіда — аўтар каля 40 публікацый у педагагічным друку, двух вучэбна-метадычных дапаможнікаў і каляндарна-тэматычнага планавання па навучанні пісьму для настаўнікаў пачатковых класаў, зацверджанага Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. З 1994 года Кацярына Мікалаеўна чытае лекцыі для педагогаў у Брэсцкім абласным ІРА, з’яўляецца членам экспертнай групы дэпартамента кантролю якасці Міністэрства адукацыі Беларусі.

Педагагічная праца К.М.Сіда адзначана ганаровымі граматамі раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму, райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў, абласнога ўпраўлення адукацыі, абласнога Савета дэпутатаў і Міністэрства адукацыі Беларусі.

Каштоўны вопыт прафесійнай дзейнасці Кацярыны Мікалаеўны запатрабаваны і сёння. Яна працуе метадыстам раённага ВМК, дзе курыруе адукацыйны працэс у пачатковай школе, дзейнасць выхавальнікаў груп прадоўжанага дня, педагогаў-псіхолагаў і павышэнне кваліфікацыі педагогаў.

— Ніколі не дасягнула б высокіх прафесійных поспехаў без пастаяннага аналізу сваёй работы і здаровай самакрытыкі, — прызнаецца К.М.Сіда.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.