Паспяховая інтэграцыя дзяцей з аўтызмам

- 13:00Спецыяльная адукацыя

Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Гродна быў адкрыты ў 1998 годзе і стаў першым у горадзе. Сёння тут арганізаваны адукацыйны працэс для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў пяці класах і дзвюх дашкольных групах. Спецыялісты цэнтра аказваюць карэкцыйную дапамогу і дзецям з іншых устаноў адукацыі, а таксама каардынуюць працэс іх навучання ў агульнаадукацыйных установах, якія рэалізуюць праграмы спецыяльнай адукацыі. З верасня 2015 года ў ЦКРНіР Гродна пачаў рэалізоўвацца рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі Рэспубліканскага інавацыйнага цэнтра як кампанента адзінай адукацыйнай прасторы”.

“Наш цэнтр традыцыйна наведваюць дзеці з рознымі парушэннямі ў развіцці, — адзначыла яго дырэктар Ірына Яўгенаўна Куроўская. — Дзесяць гадоў назад у нашай установе з’явіліся новыя катэгорыі выхаванцаў — дзеці з аўтызмам і дзеці з парушэннем слыху, якім была зроблена аперацыя па кахлеарнай імплантацыі. З мэтай падтрымаць бацькоў і спецыялістаў, якія аказваюць карэкцыйна-педагагічную дапамогу дзецям з КІ, на базе ўстановы была створана творчая група спецыялістаў, кіраўніком якой з’яўляецца настаўнік-дэфектолаг Людміла Іванаўна Гардзяйчук. У цэнтры быў адкрыты клас для дзяцей з аўтычнымі парушэннямі. З першых дзён у гэтым класе працуе настаўнік-дэфектолаг Ларыса Валер’еўна Сямёнава. У яе выхаванцаў акрамя аўтычных парушэнняў ёсць і шматлікія спадарожныя захворванні. Такія, напрыклад, як татальная глухата, дзіцячы цэрэбральны параліч, цяжкая разумовая адсталасць”.У 2010 годзе ў адпаведнасці з загадам Міністэрства адукацыі на базе цэнтра была адкрыта эксперыментальная пляцоўка па праблемах дзяцей з аўтызмам, якая паспяхова завяршыла сваю работу ў 2012 годзе. Ва ўстанове апрабоўваліся вучэбна-метадычныя матэрыялы, распрацаваныя Нацыянальным інстытутам адукацыі, былі створаны макеты індывідуальных праграм, камунікатыўныя альбомы, з’явілася адаптыўнае адукацыйнае асяроддзе для дзяцей з аўтызмам, відэатэка па гэтай тэме.
У верасні 2013 года на базе ЦКРНіР быў адкрыты абласны рэсурсны цэнтр па тэме “Метадычнае суправаджэнне працэсу навучання і выхавання дзяцей з аўтычнымі парушэннямі ва ўмовах установы адукацыі і сям’і”.
Фарміраванне камунікатыўных навыкаў — адзін з найважнейшых напрамкаў карэкцыйнай работы з дзецьмі з аўтычнымі парушэннямі. Навучыць уменню выказваць просьбы і эмоцыі, каменціраваць падзеі, задаваць пытанні, сфарміраваць навыкі правільнай зваротнай рэакцыі не так проста, але гэта неабходная ўмова для паспяховай сацыялізацыі нашых дзяцей.
Спецыялісты цэнтра выкарыстоўваюць у рабоце самыя розныя метады і методыкі: напрыклад, альтэрнатыўную сістэму камунікацыі PECS, пры якой адбываецца абмен картак з малюнкамі на жаданы прадмет або дзеянне. Прымяняюць і элементы сенсорнай інтэграцыі, метады глабальнага чытання і сумеснага малявання, метад візуалізацыі і метад сацыяльных гісторый, піктаграмы, а таксама праграму TEACCH і ABA-тэрапію.
Вядучым кірункам работы рэсурснага цэнтра стала аказанне кансультацыйнай дапамогі педагогам, якія вучаць дзяцей з аўтызмам. Сёння ў Гродне ёсць апорныя ўстановы дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх адкрыты групы і класы інтэграванага навучання і выхавання дзяцей з аўтызмам. Гэта яслі-сад № 62 і № 65 Гродна, а таксама сярэднія школы № 16 і № 22. Кіраўнікі гэтых устаноў клапоцяцца аб стварэнні спецыяльных умоў для гэтых дзяцей.
Прыкладам належных умоў для іх навучання з’яўляецца адаптыўнае асяроддзе, створанае ў ЦКРНіР Гродна. Для кожнага дзіцяці тут арганізуецца ўтульнае прасторавае асяроддзе. Па-асабліваму ўладкавана рабочае месца для такіх вучняў у класе, падабрана адпаведнае праграмна-метадычнае забеспячэнне і дыдактычны матэрыял, усе супрацоўнікі цэнтра ствараюць станоўчую эмацыянальную атмасферу ва ўстанове.
Дзецям з аўтычнымі парушэннямі, нават тым, у каго дастаткова добры ўзровень інтэлектуальнага развіцця, патрэбна пастаяннае суправаджэнне. У школе суправаджаюць такое дзіця педагог-асістэнт і настаўнік-дэфектолаг, якія аказваюць яму дапамогу падчас урокаў і перапынкаў. Паспяховая інтэграцыя дзяцей з аўтызмам магчыма пры правільным вызначэнні ўмоў для іх, менавіта такіх, якія дапамогуць раскрыць іх здольнасці.
“Падабраць спецыялістаў для работы з такой катэгорыяй дзяцей вельмі складана. Але наш калектыў працуе ў рэжыме адзінства і сяброўства, — адзначае Ірына Яўгенаўна. — Наладжана ўзаемадзеянне са спецыялістамі з іншых устаноў, перш за ўсё з псіханеўралагічнага дыспансера. Педагогі цэнтра працуюць у адной звязцы з бацькамі. Гэта неабходная ўмова для паспяховай карэкцыйнай дапамогі, для сацыяльнага развіцця дзяцей. У цэнтры ёсць школы для бацькоў, напрыклад, клуб для бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей з аўтычнымі парушэннямі. У клубе ладзяцца сустрэчы для бацькоў з усёй Гродзенскай вобласці. Спецыялісты нагадваюць ім аб важнасці сацыялізацыі іх дзяцей і фарміраванні ў іх агульнапрынятых норм паводзін, якія дапамогуць раскрыцца здольнасцям дзяцей, настрояць іх на гатоўнасць выкарыстання навыкаў і ўменняў, атрыманых у цэнтры.
У планах калектыву цэнтра — стварыць такую ўстанову, у якую зможа звярнуцца кожны спецыяліст, бацькі і дзеці з АПФР, каб параіцца наконт сваіх праблем і знайсці для сябе выйсце. Нам хочацца ажыццяўляць паступовы рух да інклюзіі, каб пастаянна развівалася асяроддзе для зносін дзяцей і дарослых людзей з АПФР са здаровымі людзьмі. І роля сістэмы адукацыі ў гэтым плане неацэнная. Кіраўнікі дашкольных устаноў і школ павінны ўсвядоміць, што з’яўленне дзяцей з абмежаваннямі ў іх установе не знізіць яе прэстыжнасць. Толькі з пазітыўнымі думкамі можна рухацца наперад і вырашаць усе пытанні, што ўзнікаюць”.

Надзея ЦЕРАХАВА.