Паспяховы старт

- 12:02Людзі адукацыі

Калі маладая настаўніца біялогіі і хіміі сярэдняй школы № 3 Навагрудка Вольга Іванаўна Шумская рабіла першыя крокі ў прафесію, хтосьці са знаёмых спрабаваў упэўніць яе ў тым, што школьныя прадметы даўно нікому не патрэбныя, дзеці не хочуць вучыцца і тым больш вывучаць “тваю біялогію”. Але зацікаўленыя вочы яе вучняў і радасць, з якой яны чакаюць урокі біялогіі, сведчаць аб адваротным.

Нягледзячы на невялікі стаж работы, Вольга Іванаўна мае сваё бачанне таго, як павінен выкладацца гэты прадмет сёння, каб ён быў цікавым, максімальна даступным і карысным для навучэнцаў. Сярэдні ўзрост настаўнікаў нашай установы — 38 гадоў. Маладыя кадры добра прыжываюцца ў школе. Як паказвае практыка, педагагічная моладзь — творчая, цікавая і зусім не пасіўная.

Вольга Іванаўна Шумская — добры таму прыклад. Калі я ўпершыню ўбачыла яе на парозе свайго кабінета, падумала: як гэта сціплая дзяўчына будзе спраўляцца з арганізацыйнымі момантамі адукацыйнага працэсу? Але настаўніца настолькі лёгка ўлілася ў калектыў і заваявала аўтарытэт як класны кіраўнік і прафесіянал сваёй справы, што ў­знікла ўражанне, нібы яна была на гэтым месцы заўсёды. Малады педагог цікавая дзецям таму, што размаўляе з імі на адной мове і задавальняе інтарэсы вучняў. Мне здаецца, у Вольгі Іванаўны вялікая прафесійная будучыня. Яна ніколі не звяртаецца да мяне ці калег з просьбай штосьці расказаць ці паказаць, а заўсёды прапаноўвае канкрэтнае рашэнне.

Цікава наведваць заняткі Вольгі Іванаўны. Яны з’яўляюцца яскравай дэманстрацыяй таго, што біялогія — навука “жывая”, практычная. Аднаго тэксту падручніка не дастаткова для трывалых ведаў па прадмеце. Для замацавання матэрыялу маладая настаўніца шырока выкарыстоўвае метадычныя прыёмы творчага характару: вучні будуюць схемы, складаюць параўнальныя табліцы, выводзяць графікі і дыяграмы, выконваюць лабараторныя работы, праводзяц­ь доследы, рыхтуюць прэзентацыі і творчыя праекты.

З цікавасцю назіраю за паспяховым стартам маладой настаўніцы ў прафесіі. Яе праца з кожным годам становіцца больш глабальнай. Вольга Іванаўна максімальна выкарыстоўвае магчымасці для развіцця і рэалізацыі асобаснага і творчага патэнцыялу. На сённяшні дзень яна выходзіць на той узровень, калі гатова шырока трансліраваць свой вопыт.

“У мяне няма той праблемы, якая часта стаіць перад маладымі педагогамі, — засяродзіць увагу дзяцей у пачатку урока, — расказвае педагог. — Я шчаслівая ад таго, што вучні мяне заўсёды рады бачыць і з цікавасцю вывучаюць мой прадмет, бо ведаюць: я абавязкова пакажу ці раскажу штосьці асаблівае, невядомае”.

На думку Вольгі Іванаўны, роля сучаснага настаўніка біялогіі заключаецца ў тым, каб дапамагчы вучням раскрыць усю разнастайнасць свету, даць магчымасц­ь комплекс­на ўбачыць розныя праблемы, звязаныя з прыроднымі, экалагічнымі і сацыяльнымі працэсамі, а таксама развіць іх практычныя ўменні і навыкі: арыентавацца ў сімбіёзе раслін і жывёл, працаваць з мікраскопам, характарызаваць розныя гіпотэзы зараджэння жыцця на зямлі; ведаць, што такое “вірусы”, ці існуюць даклетачныя формы жыцця, як “генетыка” дапамагае вызначыць, чаму ў чалавека блакітны ці кары колер вачэй, светлыя ці цёмныя валасы і г.д. Адным словам, усе тыя навыкі, якія спатрэбяцца ў жыцці.

Навучэнцы Вольгі Іванаўны маюць унікальную магчымасць здзяйсняць падарожжы ў свет флоры і фаўны, знаёміцца з тая­мніцамі чалавечага арганізма. Падрыхтоўка да ўрокаў займае ў настаўніцы шмат часу. Для большай інфарматыўнасці заняткаў яна спрабуе прадугадаць пытанні вучняў і загадзя распрацаваць адказы на ўсе іх “Што?”, “Калі?”, “Чаму?”. На факультатыўныя заняткі “Экалогія чалавека і эвалюцыя біясферы” матываваныя вучні прыходзяць з жаданнем абмеркаваць нейкую цікавую для іх тэму. Біялогія — прадмет пра ўсё, з ёй мяжуюць і хімія, і геаграфія, і фізіка. Маладая настаўніца ўпэўнена: трэба быць падкаванай ва ўсіх гэтых прадметах.

За тры гады работы ў школе педагог сабрала разнастайную базу для навучання: адукацыйныя ролікі і прэзентацыі, створаны ўласны блог, шматлікія папкі з рознаўзроўневымі заданнямі, тэстамі, алімпіяднымі заданнямі. На школьным метадычным аб’яднанні Вольга Іванаўна абараніла тэму па самаадукацыі “Работа з высокаматываванымі вучнямі па развіцці даследчай дзейнасці”, якая за тры гады атрымала шматлікія дыпломы на конкурсах, алімпіядах, творчых праектах.

Пасля ўрокаў Вольгі Іванаўны смела можна адпраўляцца на прыроду і прымяняц­ь атрыманыя веды на практыцы. Педагог настолькі цікава і рэалістычна паглыбляецца ў матэрыял, што на перапынках вучні яшчэ доўга знаходзяцца пад уражаннем ад пачутага і ўбачанага. Упэўнена, што многія з іх у дарослым жыцці не раз успомняць сваю маладую настаўніцу біялогіі, якая не толькі пашырала веды вучняў, але і вучыла выкарыстоўваць іх у рэальным жыцці, рабіла сваіх навучэнцаў паспяховымі, адкрывала ім новыя гарызонты.

Ала МАКСІМЕНКА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 3 Навагрудка Гродзенскай вобласці.