Паспяховы вучань = эфектыўны працэс навучання

- 11:28Якасць адукацыі

Гарадская навукова-практычная інтэрнэт-канферэнцыя з міжнародным удзелам “Педагагічная навука і адукацыйная практыка: традыцыі і інавацыі”, арганізаваная камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама і Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі, завяршылася круглым сталом, на якім былі падведзены вынікі гэтага мерапрыемства і ў якім прынялі ўдзел кіраўнікі ўстаноў адукацыі, настаўнікі-практыкі, студэнты філалагічнага факультэта БДПУ імя Максіма Танка.

Тэорыя і практыка, традыцыі і інавацыі

Мэта канферэнцыі — пашырэнне супрацоўніцтва навуковых устаноў, устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі ў сферы развіцця прафесійнай кампетэнтнасці і ўдасканалення педагагічнай культуры работнікаў адукацыі. Яе праблемнае поле — педагагічныя традыцыі ў тэорыі і практыцы, дыялектыка традыцый і інавацый у адукацыі.

Як расказаў першы прарэктар МГІРА Сяргей Пятровіч Странкоўскі, канферэнцыя праходзіла з 9 па 19 кастрычніка ў сістэме дыстанцыйнага навучання на платформе Moodle. 186 матэрыялаў паступіла ад 203 удзельнікаў з Беларусі, Расіі, Украіны. Віртуальнае абмеркаванне было арганізавана па трох напрамках: “Навукова-педагагічныя аспекты адукацыйнай дзейнасці”, “Традыцыі і інавацыі ў выхаванні”, “Кіраванне інавацыйнымі працэсамі ў адукацыйнай практыцы”. Падчас круглага стала ў дыскусійнай форме былі абмеркаваны пытанні выкарыстання мабільных тэхналогій у фарміраванні матывацыі да навучання школьнікаў, педагагічнага праектавання, развіцця агульнавучэбных уменняў дзяцей, выкарыстання дыстантнага псіхалагічнага тэсціравання ў прафарыентацыйнай рабоце і інш.

Супрацоўніцтва для развіцця

Пад такім дэвізам працуе педагагічны калектыў сярэдняй школы № 111 Мінска. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гэтай установы Ірына Мікалаеўна Столяр расказала аб педагагічным праектаванні як рэсурсе інавацыйнага развіцця ўстановы адукацыі і адзначыла, што ў сучасных умовах развіццё школы заключаецца ў яе здольнасці сфармуляваць разуменне якасці адукацыі, адэкватнай патрэбам грамадства, прафесійна структураваць гэтае разуменне шляхам праектавання адукацыйнай паслугі і рэсурсна забяспечыць яе рэалізацыю. Ідэя стварэння праекта нарадзілася спачатку на ўзроўні класных калектываў, потым паралеляў, далей справа распаўсюдзілася на ўсю школу. Два інавацыйныя рэспубліканскія праекты ва ўстанове ўжо ўдала завяршыліся. З гэтага навучальнага года педагогі пачалі рэалізоўваць інавацыйны праект “Укараненне мадэлі псіхолага-педагагічнага суправаджэння навучання, выхавання і развіцця навучэнцаў з высокім узроўнем вучэбнай матывацыі на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі”.

— Настаў той момант, калі ў школе пачалі дзейнічаць некалькі праектаў, якія пранікалі адзін у аднаго. І для нас стала актуальнай неабходнасць стварэння такога механізма, які б дапамог кіраваць усімі праектамі адначасова, — падкрэсліла Ірына Мікалаеўна. — Мы разумеем: каб эфектыўна развівацца ў такіх умовах, неабходны арганізацыйныя змяненні, якія адпавядаюць таму, што адбываецца ў навакольным асяроддзі. Таму была пастаўлена мэта павысіць якасць адукацыі праз укараненне механізма кіравання інавацыйнай дзейнасцю.

Настаўнік застаецца ключавой фігурай адукацыйнага працэсу, ад узроўню прафесіяналізму педагога напрамую залежаць вынікі ўстановы адукацыі, якасць навучання, сацыяльна-эканамічнае і духоўнае развіццё грамадства. У 111-й школе заўсёды імкнуліся рэагаваць на патрабаванні часу і ўсведамлялі патрэбу ў настаўніку-прафесіянале.

— Мы імкнёмся сабраць калектыў такім чынам, каб настаўнікам было камфортна працаваць у паралелі, каб можна было арганізаваць іх прадукцыйнае ўзаемадзеянне, — адзначыла І.М.Столяр. — Канечне, патэнцыяльныя магчымасці педагога мы выяўляем праз дыягностыку, у правядзенні якой вельмі важны выбар паказчыкаў, па якіх можна меркаваць аб стане прафесійнай кампетэнтнасці спецыяліста. Забеспячэнне інфармацыйнай падтрымкі — наступны крок кіраўніцкай дзейнасці. Рашэнне гэтай праблемы мы знайшлі праз размяшчэнне матэрыялаў на сайце школы, праз выпуск лістовак, школьнага педагагічнага весніка. Педагагічныя саветы былі пераведзены ў крыху іншы фармат: зараз падчас іх ідзе абмен вопытам педагогаў і праводзяцца майстар-класы, якія ўключаюць у работу кожнага настаўніка.

Паспяховасць рэалізацыі праекта магчыма таксама праз стварэнне спецыяльных умоў, у першую чаргу матэрыяльна-тэхнічных. Ва ўсіх вучэбных кабінетах 111-й школы ўстаноўлены медыякомплекс. Паколькі ва ўстанове вучацца дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і яны часта выязджаюць на рэабілітацыю, у двух кабінетах — хіміі і матэматыкі — устаноўлена ІР-камера (па запытах бацькоў). Яна дае магчымасць трансліраваць дзіцяці лекцыю, якую праводзіць настаўнік, ці прадстаўляць практычнае заданне, якое выконваецца на ўроку. Такія заняткі не выключаюць дзіця з агульнага адукацыйнага працэсу.

Захоўваючы традыцыйнае, педагогі школы імкнуцца знаходзіць штосьці новае. Напрыклад, настаўнікі матэматыкі эфектыўна спалучаюць белую магнітна-маркерную дошку з інтэрактыўнай прыстаўкай ці інтэрактыўным праектарам. Гэта дазваляе праектаваць пэўную геаметрычную фігуру, паказваць яе ў розных ракурсах, наносіць на маркернай дошцы ўсялякія кропкі, сячэнні і г.д. Гэта больш вынікова, чым выкарыстанне звычайнай інтэрактыўнай дошкі.

Яшчэ адно новаўвядзенне — зменныя застаўкі-панэлі па перыметры класа ці на стэндах, якія дапамагаюць дзецям пры выкананні заданняў. “Спачатку мы баяліся, што навучэнцы будуць проста спісваць, аднак калі дзіця не ведае матэрыялу, то ў патоку гэтых формул не сарыентуецца. Таму на пэўным этапе гэтым магчыма скарыстацца. Няхай вучань адчуе сябе паспяховым, тады і навучанне будзе больш эфектыўным”, — заўважыла намеснік дырэктара.

Педагогі выкарыстоўваюць на розных уроках (фізіка, руская, беларуская мова) зацверджаныя Міністэрствам адукацыі плакаты па тэмах. А яшчэ ў мінулым годзе была набыта магнітная дошка — вялікая карта Беларусі. З ёй з задавальненнем працуюць вучні пачатковых класаў.

Настаўнікі імкнуцца, каб кожны куточак школы быў максімальна інфарматыўным.Так, на прыступках у блоку пачатковай школы можна ўбачыць прыклады з табліцы множання. У фае школы размясціліся спецыяльныя панэлі з матэрыяламі пра Ленінскі раён для больш паспяховай здачы экзамену па гісторыі Беларусі.

“Матэрыяльнае стымуляванне педагогаў выяўляецца праз грашовае і неграшовае заахвочванне, у тым ліку праз стварэнне адукацыйнай прасторы вучэбнага кабінета, — адзначае І.М.Столяр. — Задача адміністрацыі — забяспечыць такія маральна-псіхалагічныя ўмовы, у якіх бы чалавек праявіў сябе найлепшым чынам. Любыя дзеянні падмацоўваюцца нарматыўна-прававымі актамі, у тым ліку лакальным — калектыўным дагаворам. Настаўніку прадастаўлена магчымасць удзельнічаць у стварэнні адукацыйнай прасторы ўстановы адукацыі, дзе найбольш прымальнай для нас стала тэхналогія кааператыўнага кіравання і актывізацыя дзейнасці педагога. Калі ён адчувае сябе камфортна ў школе, то гатовы ствараць і ісці на любыя інавацыйныя дзеянні”.

Прафарыентацыя сродкамі вучэбнага прадмета

Пытанні прафарыентацыйнай дзейнасці ў школе ва ўмовах дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання былі таксама ўзняты на мерапрыемстве. Як адзначалася, многім маладым людзям падчас навучання ў школе вельмі складана выбраць свой прафесійны шлях. Загадчык аддзела магістратуры Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі метадыст упраўлення маніторынгу якасці адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Алена Аляксандраўна Бяльніцкая падкрэсліла, што ўжо на стадыі навучання ў школе ўзнікаюць супярэчнасці паміж абстрактнымі аб’ектамі вучэбнай дзейнасці, якія заключаюцца ў тэкстах, аднолькавых сістэмах, вучэбных сітуацыях, і рэальным прадметам будучай прафесійнай дзейнасці; паміж патрэбай у спецыялістах, якія здольны вырашаць рэальныя жыццёва-прафесійныя задачы і недастатковасцю практыка-арыентаванага зместу; неабходнасцю ажыццяўлення прафесійна арыентаванага профільнага навучання і недахопам дыдактычных сродкаў. Вырашэнне гэтых супярэчнасцей прадугледжвае пошук новых шляхоў рэалізацыі як профільнага навучання, так і прафарыентацыйнай работы. У нашай краіне былі апрабаваны некалькі шляхоў вырашэння дадзенай праблемы: вывучэнне асобных прадметаў на павышаным узроўні, арганізацыя факультатыўных заняткаў і ранняя прафарыентацыя сродкамі вучэбных прадметаў. І такая работа па прафесійна-арыентаваным навучанні павінна праводзіцца ў сістэме.

На думку А.А.Бяльніцкай, самая эфектыўная прафарыентацыя ажыццяўляецца сродкамі вучэбнага прадмета. Немагчыма звесці профільнае навучанне да засваення прадмета на павышаным узроўні. Сістэма прафарыентацыі ўяўляе сабой інтэграцыйны комплекс навучання пэўнаму вучэбнаму прадмету і прафарыентацыйнай работы на ўроках, на практычных занятках, экскурсіях, у пазакласнай рабоце і г.д. Школьнікі атрымліваюць прафесійна значную інфармацыю, могуць прайсці прафесійныя спробы, вучацца крытычна мысліць, аналізаваць і інш. Настаўнік на кожным уроку літаральна па кожнай тэме зможа знайсці, вылучыць прафарыентацыйны змест вучэбнага прадмета і выкарыстоўваць яго.

Мэта работы педагога па прафарыентацыі навучэнцаў — падрыхтоўка да ўсвядомленага выбару прафесіі. Настаўніку неабходна правесці індывідуальную работу з навучэнцамі, вывучыць іх інтарэсы і схільнасці, вызначыць тэмы, у якія патрэбна ўключаць той ці іншы матэрыял, формы падачы нетрадыцыйных матэрыялаў, вывучыць дадатковыя крыніцы інфармацыі, дапамагчы вучням у набыцці прафарыентацыйнага вопыту.

Арганізацыя прафесійных спроб з’яўляецца неад’емнай часткай прафарыентацыі навучэнцаў сродкамі вучэбнага прадмета. Неабходна ўключаць дзяцей у розныя віды вучэбнай і квазіпрафесійнай дзейнасці ў адпаведнасці з выбраным профілем. Гэта прадугледжвае арганізацыю прафесійных спроб з улікам схільнасцей, інтарэсаў, асабістага вопыту, у прыватнасці рашэнне сітуацыйных задач, ролевыя гульні, даследчыя праекты. Старшакласнікі, што вывучаюць хімію на павышаным узроўні, могуць удзельнічаць у вырашэнні квазіпрафесійных задач на ўроку, падчас практычнай работы, на экскурсіі, а потым нават у складанні практыка-арыентаваных задач з прафесійным кантэкстам. Пры правядзенні хімічнага эксперымента на вучэбных, факультатыўных, стымулюючых занятках неабходна акцэнтаваць увагу на ацэнцы і самаацэнцы здольнасцей і прафесійна значных асобасных якасцей навучэнцаў. У межах работы навуковага таварыства школьнікаў, профільных клубаў мэтазгодна ўключаць прафарыентацыйную тэматыку праектаў, напрыклад, па хіміі — “Роля хімічнай навукі ў дасягненнях сучаснай медыцыны”, “Як стаць фармацэўтам у Беларусі”.

Эфектыўнасць такой работы залежыць ад арганізацыі адукацыйнага працэсу, кадравага і навукова-метадычнага забеспячэння. Калі гаварыць пра кадравае забеспячэнне, проста агульнатэарэтычнай падрыхтоўкі будзе недастаткова. Прапедэўтыка метадычнай падрыхтоўкі па пэўным прадмеце павінна ісці побач з хімічнай падрыхтоўкай вучня. Такая магчымасць па любым прадмеце ёсць, і прадумаць яе проста неабходна.

Што тычыцца навукова-метадычнага забеспячэння, то сёлета ў НІА будуць падрыхтаваны дыягнастычныя і дыдактычныя матэрыялы па профільным навучанні. Ужо распрацаваны электронныя адукацыйныя рэсурсы, якія могуць быць выкарыстаны настаўнікам. Яны знаходзяцца ў свабодным доступе на нацыянальным адукацыйным партале. Прымяненне электронных адукацыйных рэсурсаў прадугледжвае большую самастойнасць у рабоце навучэнцаў, актыўнае выкарыстанне педагогамі сучасных адукацыйных тэхналогій.

Па меркаванні А.А.Бяльніцкай, наспела неабходнасць распрацоўкі электронных дадаткаў, якія варта напаўняць не толькі матэрыяламі дыдактычнай накіраванасці, але і прафарыентацыйным кантэнтам. Такім чынам можна выйсці за рамкі, што назіраюцца на друкаванай аснове. Настаўніку, праўда, давядзецца прапрацаваць пытанне з метадычнага пункту гледжання: як гэтымі рэсурсамі будуць карыстацца вучні з улікам іх інтарэсаў і схільнасцей.

Далейшае развіццё прафесійна-арыентаванага навучання з выкарыстаннем ЭАР прадугледжвае як інтэграцыю ўсіх аспектаў падрыхтоўкі навучэнцаў, так і распрацоўку адпаведнага навукова-метадычнага забеспячэння і ўдасканаленне метадычнай падрыхтоўкі настаўнікаў.

Вызначыцца з прафесіяй дапаможа псіхолаг

Аўтар-распрацоўшчык аўтарскай групы “Рэферэнт” Ганна Станіславаўна Ісаенка прадставіла ўдзельнікам круглага стала прадукт, звязаны з пытаннямі дыстантнага псіхалагічнага тэсціравання старшакласнікаў па прафарыентацыйнай рабоце. Ён дазволіць эканоміць час і не знімаць дзяцей з урокаў для правядзення псіхалагічнага тэсціравання ў інтарэсах прафарыентацыі (а арганізаваць яго ў больш зручнай абстаноўцы). Для выканання пяці псіхалагічных тэстаў навучэнцу прапаноўваецца двое сутак.

— Школа робіць крэн у бок вывучэння акадэмічных дысцыплін. А навукай не вычэрпваецца бязмежнасць прафесій, якія выбірае чалавек, — патлумачыла Ганна Станіславаўна. — Сярод відаў адоранасці (паводе Д.Б.Богаяўленскай) вылучаюць акадэмічную, практычную, камунікатыўную, духоўна-маральную і мастацкую. Школа дае магчымасць паспрабаваць сябе на 100 працэнтаў у акадэмічнай, мастацкай, часткова — у камунікатыўнай. Два віды адоранасці, у межах якіх дзеці амаль не маюць шансаў вызначыць сваё прызванне, — практычная і духоўна-маральная.

Як паведаміла Г.С.Ісаенка, практыка паказвае, што звычайна тры катэгорыі старшакласнікаў звяртаюцца па дапамогу да псіхолага: выдатнікі, якія ўвесь свой час затрачваюць на выкананне вучэбных патрабаванняў школы, ім не хапае часу для сябе, адпаведна, яны не ведаюць, куды паступаць; навучэнцы, якія не вельмі добра вучацца ў школе, аднак іх пэўным чынам трэба прафесійна сарыентаваць; цяперашнія студэнты, якія сумняваюцца ў правільнасці зробленага выбару. Прычым пераважную большасць (99, 5%) складаюць першыя: чалавек добра вучыцца, але ён не сустрэўся з тым відам дзейнасці, для якога ў яго ёсць задаткі і дзе б ён мог праявіць свае здольнасці. А таму пасля выканання дыстантнага тэсціравання асабістая гутарка навучэнца і яго бацькоў з псіхолагам, упэўнена Г.С.Ісаенка, дапаможа вызначыцца з будучай прафесіяй.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.