Пастаянныя Мікалая Еўдакіменкі

- 9:00Людзі адукацыі

Як і ў жыцці кожнага чалавека, у лёсе Мікалая Лявонцьевіча ёсць шмат пераменнага і шмат пастаяннага. Адна з самых значных пастаянных велічынь — 30 гадоў працы ў Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Гэты працоўны юбілей загадчык кафедры адукацыйных тэхналогій ГрАІРА, кандыдат гістарычных навук, дацэнт М.Л.Еўдакіменка адзначыў у лістападзе 2020 года.

Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі за 76 гадоў свайго існавання стаў сапраўднай пляцоўкай трансляцыі перадавых ведаў настаўнікам рэгіёна. І не толькі. Шмат мерапрыемстваў, праектаў, навуковых канферэнцый праводзіцца з удзелам прадстаўнікоў іншых абласцей Беларусі і замежжа. Пра высокі статус інстытута свед­чаць наступныя факты: у 2017 го­дзе прысуджана Прэмія Гродзенскага аблвыканкама за дасягненні ў галіне якасці, у 2019 годзе інстытут стаў дыпламантам Прэміі Урада Рэспуб­лікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці.

— Кафедра адукацыйных тэхналогій уносіць вялікі ўклад у дасягненні інстытута, — гаворыць рэктар ГрАІРА, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Святлана Антонаўна Сяргейка. — Вельмі значны і асабісты ўклад Мікалая Лявонцьевіча ў гэтыя поспехі. Гэта вельмі адукаваны, інтэлігентны выкладчык і кіраўнік, актыўны ў навуковых і грамадскіх справах чалавек. Мікалай Лявонцьевіч накіроўвае дзейнасць супрацоўнікаў кафедры на штогадовае абнаўленне тэматыкі заняткаў, зместу і тэхналогій павышэння кваліфікацыі, выкарыстанне найбольш эфектыўных форм і метадаў развіцця прафесійных кампетэнцый настаўнікаў. Стварае атмасферу супрацоўніцтва, зацікаўленасці ў дасягненні пастаўленых мэт, каардынуе работу кафедры са структурнымі падраздзяленнямі інстытута.

Шлях Мікалая Лявонцьевіча ў прафесію быў няпросты. Выпускнік сельскай школы ў Чарнігаўскай вобласці (Украіна) марыў паступіць на філасофскі факультэт Кіеўскага ўніверсітэта. Конкурс у той год складаў 17 чалавек на месца. Што паўплывала на выбар філасофіі? “Напэўна, характар. — адказвае Мікалай Лявонцьевіч. — Хацеў разаб­рацца ва ўсіх жыццёвых пытаннях, любіў чытаць. І хоць прайшоў папярэдняе субяседаванне, а гэта было абавязковай умовай допуску да экзаменаў, перашкодай для залічэння стала матэматыка”.

І тут зноў можна гаварыць аб пераменным складніку, які стаў пастаян­ным. Трапіўшы ў Гродна на службу ў армію, Еўдакіменка застаўся тут назаўсёды. 1978 год стаў знакавым не толькі для яго асабістага лёсу. У гэты час ствараўся Гродзенскі ўніверсітэт, і Мікалай Лявонцьевіч разам з яшчэ некалькімі ваеннаслужачымі, якія добра зарэкамендавалі сябе, атрымалі прапанову паступіць ва ўніверсітэт. Гэтую прапанову ён прыняў. Адвучыўшыся на падрыхтоўчых курсах, стаў студэнтам-першакурснікам. Добра вучыўся, быў камсоргам групы, але схільнасць да гуманітарных навук і мара аб філасофіі прывялі яго на гістарычны факультэт.

— Вось такі пераход наблізіў мяне да любімай філасофіі. Сустрэча з Васілём Канстанцінавічам Бандарэнкам, які выкладаў гісторыю старажытнага грамадства, быў вельмі адукаваным гісторыкам і філосафам, і яго багатая хатняя біб­ліятэка сталі вельмі важнымі для фарміравання мяне як гісторыка, — расказвае Мікалай Лявонцьевіч. — На гістарычным факультэце ў той час працавалі выбітныя навукоўцы — М.А.Ткачоў, Ф.У.Налівайка, Я.Н.Ма­раш, І.І.Коўкель, В.М.Чарапіца, Б.С.Клейн, У.Д.Разенфельд. Гэтыя і шмат іншых выкладчыкаў ствара­лі аўру інтэлігентнасці і культуры, вало­далі высокім навуковым узроўнем выкладання. Усе яны закладвалі падмурак маёй будучай навуковай і выкладчыцкай дзейнасці. У студэнцкія гады я наведваў студэнцкі навуковы гурток, удзельнічаў у навуковых канферэнцыях і конкурсах.

Пачаўшы працаваць настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства ў тагачаснай гродзенскай 21-й сярэдняй школе, Мікалай Лявонцьевіч працягваў думаць аб філасофскай адукацыі і паступіў у аспірантуру Інстытута філасофіі Акадэміі навук СССР. Але палітычныя працэсы ў краіне, “перабудова” памянялі планы: ён апынуўся ў аспірантуры Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Пасля заканчэння аспірантуры абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме “Праблемы станаўлення і развіцця вышэйшай школы Беларусі: на матэрыялах дзяржаўных і грамадска-палітычных арганізацый (1921—1932 гг.)”.

Да гэтага часу яго навуковымі інтарэсамі былі гісторыя, філасофія, метадалогія адукацыі, сучасныя адукацыйныя тэхналогіі, адукацыя дарослых. М.Л.Еўдакіменка — аўтар больш чым 120 работ па праблемах сучаснай адукацыі, гісторыі, паліталогіі, рэлігіязнаўства. Доўгі час актыўна супрацоўнічаў з таварыствам “Веды”, быў арганізатарам і ўдзельнікам шматлікіх праектаў, у тым ліку міжнародных і навукова-практычных канферэнцый.

— У якасці прыярытэтнага на­прамку работы супрацоўнікі кафед­ры разглядаюць павышэнне ўзроўню філасофска-культуралагічных, навукова-тэарэтычных ведаў слухачоў, авалодванне педагогамі ведамі і навыкамі сучасных адукацыйных тэхналогій, — гаворыць Святлана Сяргейка. — На працягу апошніх гадоў з улікам мадэрнізацыі адукацыі істотна змянілася тэматыка лекцыйных і практычных заняткаў. У вучэбным плане для ўсіх катэгорый слухачоў павышэння кваліфікацыі ёсць пытанні інавацыйнай культуры педагогаў, забеспячэння якасці адукацыйнага працэсу на аснове выкарыстання сучасных тэхналогій, камунікатыўнай і даследчыцкай кампетэнтнасці педагога. Праводзяцца заняткі, трэнінгі са слухачамі па фінансавым праектаванні, актыўных і інтэрактыўных метадах арганізацыі адукацыйнага працэсу, тэхналогіях арганізацыі рэфлексіўнай дзейнасці на ўроку, рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу ў навучанні з дапамогай сучасных адукацыйных тэхналогій, выкарыстанні магчымасцей сэрвісаў Web 2.0 у адукацыйным працэсе. Разглядаюцца пытанні прымянення актыўнай ацэнкі на ўроку, кампетэнтнасна арыентаваных заданняў, метадычныя аспекты падрыхтоўкі вучняў да цэнтралізаванага тэсціравання, стварэнне электронных вучэбных элементаў сродкамі спецыялізаваных праграм, магчымасці музейнай педагогікі і іншыя кірункі.

На працягу апошніх гадоў Мікалай Лявонцьевіч падрыхтаваў і рэалізаваў аўтарскія праграмы “Павышэнне якасці адукацыі праз выкарыстанне інавацыйных тэхналогій”, “Развіццё даследчыцкіх кампетэнцый навучэнцаў” у форме дыстанцыйнага навучання.

— Настаўнік павінен знахо­дзіцца ў пэўным культурным асяроддзі і пастаянна павышаць свой узровень, толькі тады ён будзе цікавым і аўтарытэтным для свайго вучня, — разважае Мікалай Лявонцье­віч. — Культура ёсць высілак, які чалавек здзяйсняе ў адносінах да самога сябе. Думаю, што павышэнне кваліфікацыі настаўніка — гэта бесперапынны пазнавальны працэс, пошук новага з улікам разумення розных сцэнарыяў самай блізкай будучыні. Настаўнік — гэта чалавек, які не толькі вучыць чытаць, пісаць і г.д., але і фарміруе ўстойлівыя мадэлі паводзін вучня. Вельмі важна, каб гэтыя мадэлі адказвалі патрабаванням сучаснасці, былі ўпісаны ў кантэкст часу. Выкладчыкі кафедры імкнуцца данесці да настаўнікаў найважнейшая задачы. Першая з іх — сфарміраваць уяўленні аб свеце і аб спосабах падрыхтоўкі наступнага пакалення да будучыні. Другая задача — зразумець, якія падзеі і змены ў грамадстве будуць спараджаць новую адукацыю і як унутры сённяшняй адукацыі настаўнік будзе рыхтаваць дзяцей да жыцця ў гэтым пераменлівым грамадстве. Гэта і ёсць дыялектыка пастаяннага і пераменнага.

Яшчэ адной пастаяннай велі­чынёй у жыцці Мікалая Ля­вонцье­віча з’яўляюцца яго захапленні: музыка і кнігі. У лепшыя часы яго хатняя бібліятэка налічвала каля дзвюх з паловай тысяч экзэмпляраў. У асноўным гэта выданні па філасофіі, гісторыі, культуры, старажытныя крыніцы, паэзія.

— Ёсць аўтары, творы якіх перачытваю пастаянна і якімі захапляюся. Гэта А.Чэхаў, М.Гогаль, А.Пла­тонаў, філасофскія дыялогі Пла­тона, — расказвае Мікалай Ля­вонцьевіч. — Любімае выказван­не Платона — “Ніхто не становіцца добрым чалавекам выпадкова”. Апошнім часам адкрываю для сябе вытанчаны свет паэзіі і паэтычных вобразаў, чытаючы І.Бродскага, Х.Р.Хіме­неса, В.Шымборскую. Калі чытаю сучасных беларускіх паэтаў Д.Стро­цава, В.Морт (Мартынава), разумею, што паэзія больш філасафічная, чым гісторыя. Яна дапамагае паглядзець на жыццё з іншага боку і здзівіцца таленту і здольнасці паэта адкрыць чытачу свет нанова.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.