Насычанасць СМІ навінамі на тэму сексуальнага насілля над дзецьмі не можа не трывожыць. Гэтак жа, як і афіцыйныя лічбы выпадкаў парушэння палавой недатыкальнасці дзяцей, якія з кожным годам павялічваюцца. Па даных Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, у 2013 годзе было выяўлена 110 такіх выпадкаў, у 2014 годзе — 116, у мінулым годзе — 219 выпадкаў. Толькі за палову бягучага года праваахоўнікі раскрылі 212 злачынстваў, звязаных з педафіліяй. З іх 10 непаўналетніх былі ўцягнуты ў сексуальную эксплуатацыю.
Неактуальнасць актуальнага
Праблема дзіцячага насілля — галоўная праблема, якую ўжо 20 гадоў стараецца вырашаць гарадское грамадскае аб’яднанне па папярэджанні жорсткіх адносін да дзяцей “Дзеці — не для гвалту” (Мінск) і старшыня яе праўлення Маргарыта Уладзіміраўна Прахіна. Галоўная стаўка спецыялістаў арганізацыі — на папярэджанне. Таму яны працуюць з дзецьмі ў дзіцячых садках, школах, дзе праводзяць гульні, трэнінгі, інтэрактыўныя заняткі па правілах бяспекі. Маргарыту Уладзіміраўну і яе калег запрашаюць на сустрэчы з педагогамі і бацькамі, дзе яны дзеляцца сваімі напрацоўкамі. У дапамогу педагогам яны выпусцілі некалькі практычных дапаможнікаў, у якія ўключылі свае інфармацыйныя матэрыялы і апорныя канспекты для правядзення трэнінгаў па захаванні бяспекі дзяцей. А нядаўна выйшаў чарговы практычны дапаможнік па папярэджанні ўцягнення ў выраб матэрыялаў парнаграфічнага характару і гандлю людзьмі “Абарона дзяцей праз асветніцтва дарослых”.
“Мяне радуе, што Міністэрства ўнутраных спраў стала ўзнімаць праблему і заклікае школы перастаць замоўчваць яе. У Мінскай вобласці, у прыватнасці, ёсць нават сістэма заахвочвання сігналаў пра магчымае насілле над дзецьмі, — адзначае Маргарыта Прахіна. — Ва ўсім свеце вырашэнне праблемы сексуальнага гвалту над дзецьмі — адна з галоўных задач. А ў нас яна хоць і стала, нарэшце, абмяркоўвацца, але далей гэтага справа не рухаецца.
Узяць хоць такі прыклад. У нас шалёнай папулярнасцю карыстаюцца цэнтры ранняга развіцця для дашкольнікаў. Я ўважліва вывучаю іх праграмы, але ні разу не сустракала прадугледжаных у іх заняткаў, звязаных з небяспечнымі адносінамі з людзьмі. У нас гэта лічыцца няважным. І гэта пры тым, што сярод выяўленых выпадкаў павялічваецца колькасць малалетніх дзяцей ва ўзросце 5—6 гадоў.
Для таго каб звярнуць увагу грамадскасці, каб сур’ёзна думаць пра вырашэнне праблемы, магчыма, 141 злачынства за паўгода — не дастаткова вялікая лічба. Але трэба ўлічыць, што гэта — вяршыня айсберга, і спецыялісты сцвярджаюць, што яе можна смела памнажаць на 10, каб наблізіцца да рэальнай сітуацыі. У 80 працэнтах выпадкаў гвалт адбываецца ў сям’і, і калі гэта і выкрываецца, то члены сям’і не спяшаюцца выносіць смецце з хаты, асабліва ў сельскай мясцовасці, маленькіх гарадках.
Зрэдку ў нас праводзяцца інфармацыйныя кампаніі па процідзеянні сексуальнаму гвалту над дзецьмі і вырабу парнаграфічных матэрыялаў, але, на жаль, большасць з іх завяршаюцца плакатамі і білбордамі. Мы ж хочам даносіць гэтую інфармацыю да педагогаў. Я разумею, што яны і без гэтага загружаныя, але калі мы гаворым пра бяспеку дзіцяці, то павінны навучыць бацькоў гаварыць з дзецьмі пра тое, як захаваць іх здароўе і жыццё”.
Зразумей мяне, мама
Складана ўявіць размову бацькоў з 6—7-гадовым дзіцем пра тое, як засцерагчыся ад сексуальнага гвалту. Маргарыта Уладзіміраўна заўважае, што тут важна не напужаць дзіця, не даць лішнюю для яго ўзросту інфармацыю. А тэрмін “сексуальны гвалт” увогуле лепш не ўжываць. Трэба вучыць правілам паводзін з незнаёмымі людзьмі, выпрацоўваць стратэгію правільных паводзін у небяспечнай сітуацыі, гаварыць, што вакол — добрыя людзі, але сярод іх могуць быць выключэнні.
А тое, каб нашы дзеці не сутыкнуліся з гэтымі выключэннямі, — у нашых інтарэсах, інтарэсах бацькоў. Псіхалагічную траўму пацярпелае дзіця нясе ў сабе ўсё жыццё, і некалі яе наступствы абавязкова праявяцца. Часта гэта сур’ёзныя праблемы са здароўем — як фізічным, так і псіхічным. Вось чаму ахвяры, вырастаючы, часта самі становяцца злачынцамі. Менавіта таму Маргарыта Прахіна і яе калегі прыцягваюць увагу бацькоў да гэтай праблемы, вучаць іх яе распазнаваць.
Канечне, больш прафесійна вырашыць праблему дапамогуць спецыялісты. Але бацькі не ідуць да школьнага псіхолага, бо баяцца, каб праблема не выйшла за межы яго кабінета. У кожным раёне ёсць сацыяльна-педагагічныя цэнтры, але і там не часта сустрэнеш людзей з такой праблемай. У практыцы Маргарыты Уладзіміраўны была сітуацыя, калі мама сама выкрыла дамаганні да свайго дзіцяці з боку мужа, айчыма дзіцяці, іх сям’ю паставілі на ўлік як сацыяльна нядобранадзейную. Пасля працяглага перапынку, праўда, але працуе тэлефон даверу для дзяцей і падлеткаў. Цяпер кругласутачна на званкі адказваюць дзіцячыя псіхолагі, псіхіятры.
З тым, што з дзецьмі бацькам трэба больш размаўляць, мая суразмоўца згодна, але гэта, прызнаецца, не панацэя. Зыходзячы з яе практыкі, дзеці расказваюць мамам пра падазроныя зносіны ў выключным выпадку. І справа не ў адсутнасці даверу.
“Часам малышы вераць педафілам, якія гавораць, што любяць іх. Не ведаючы, чаго баяцца, дзеці не могуць распазнаць небяспеку. Акрамя таго, педафілы маюць у арсенале мноства метадаў запужвання, і прадугледзець усе іх немагчыма. Ты гаворыш дзіцяці, што нельга сыходзіць са двара, каб выратаваць у суседнім кацяня, а вось тэсціраванне новай камп’ютарнай гульні ў суседнім доме мы ўпускаем. Часам злачынцы запэўніваюць сваіх ахвяр, што іх аповедам усё роўна не павераць.
І так сапраўды бывае, асабліва ў падлеткаў 10—13 гадоў, і тым больш, калі размова ідзе пра іх айчымаў. Мамам мы гаворым, што ў гэтым выпадку не павінна быць фраз: “Я табе не веру”, “Не прыдумвай”, “Такога не можа быць” і інш. Можа, гэта і нармальная рэакцыя (не кожная прыме такую інфармацыю пра свайго мужа, ды і бываюць падазрэнні, што падрастаючае дзіця, нагаворваючы, можа так выступаць супраць новага члена сям’і), але першае, што мы павінны сказаць, — “дзякуй, што сказала”, растлумачыць дзіцяці, што яно ў любым выпадку не вінаватае. І акуратна разбірацца, што адбылося. Нават калі вы на сто працэнтаў давяраеце мужу (ці іншаму даросламу), абавязкова праверце”.
Калі размова ідзе пра малое дзіця, якое не можа знайсці слоў, каб апісаць незразумелую для яго сітуацыю, пра тое, што з ім адбываецца, можна здагадацца па яго паводзінах, гульнях, падчас якіх дзеці пераносяць, імітуюць, прайграюць тое, што адбываецца з імі. Бацькі павінны бачыць і чуць гэта.
Давяраюць бацькі — давярае і дзіця
“Самая распаўсюджаная сітуацыя — дзіця не хоча ісці да некага ў госці, заставацца з ім сам-насам. Напрыклад, не хоча заставацца з некім са сваякоў, пакуль мама з татам адлучаюцца. Гэта можа быць проста капрыз, а можа і не. Калі дзіця не можа з-за ўзросту растлумачыць, плача — не карайце дзіця, не ўцякайце — разбярыцеся. Можа, гэты чалавек з ім робіць такое, пра што дзіця не можа расказаць. Ці калі дзіця адварочваецца ад традыцыйных пацалункаў пры сустрэчы з роднымі. Калі гэта адзін раз, не зацыклівайцеся, а калі сярод усіх сваякоў толькі ад дзеда дзіця хавае шчаку — гэта павінна насцярожыць”, — папярэджвае Маргарыта Прахіна.
Увогуле, па меркаванні маёй суразмоўніцы, сама небяспека можа хавацца ў прывучванні дзяцей быць ласкавымі са сваякамі, дазваляць браць іх на рукі, цалаваць і абдымаць. (Ужо чую шквал абурэння бабуль і дзядуляў, для якіх паціскаць любімага ўнука — галоўны рытуал.)
“Мы гаворым дзіцяці “пасядзі ў дзядзі на каленях”, і ўжо ў гэтым часта тоіцца небяспека: дзіця бачыць, што тата з мамай давяраюць гэтаму дзядзю, значыць, яно таксама павінна яму даверыцца і нічога не павінна трывожыць у іх зносінах. Вось чаму часам гэты бацькоўскі давер і становіцца перашкодай расказваць дзіцяці пра небяспечныя зносіны, — гаворыць Маргарыта Уладзіміраўна. — У дзіцяці, як і ў дарослага чалавека, павінна быць асабістая прастора, урывацца ў якую ніхто не мае права. За выключэннем сітуацый, калі побач — бацькі. Гэта павінна быць абавязковай умовай, напрыклад, для ўрачэбных аглядаў. Дзіця павінна ведаць, што, калі побач няма бацькоў (у школе — педагога), урач не павінен яго аглядаць і чапаць”.
Фрывольныя фота з наступствамі
Часам выраб парнаграфічных матэрыялаў і насілле лічаць рознымі злачынствамі. Але сексуальнае насілле ў большасці сваёй злачынцы ўчыняюць для вырабу парнаграфічнага матэрыялу, бо гэта бізнес. І часта такія матэрыялы ствараюцца, калі дзеці і іх бацькі нават не здагадваюцца.
“У адным з невялікіх гарадкоў была сітуацыя, калі мастак арандаваў катэдж і ў ім арганізоўваў студыю выяўленчага мастацтва, — дзеліцца Маргарыта Уладзіміраўна. — Але, акрамя заняткаў жывапісам для дзяцей, вырабляў там матэрыялы парнаграфічнага характару. А самі дзеці, не надаючы гэтым здымкам ніякага значэння, бацькам не расказвалі. І ніхто з бацькоў ні разу не прыйшоў туды і не паглядзеў, як праходзяць заняткі, не задумаўся, адкуль у іх дзяцей падарункі ад кіраўніка, і як трэба намаляваць малюнак на занятках, каб кіраўнік за гэта падарыў дзіцяці дарагі мабільны тэлефон.
Я не заклікаю падазраваць усіх запар, але трэба быць уважлівым да ўласных дзяцей. Пачало дзіця хадзіць на гурток да дарослага чалавека, асабліва ў прыватным парадку, — пахадзіце на заняткі. Тое ж і з рэпетытарамі, трэнерамі, якія назначаюць сустрэчы на сваёй тэрыторыі. У ідэале — калі педагогі самі будуць прыходзіць да вас дадому.
Ускладняе справу тое, што найчасцей уцягваюцца ў выраб парнаграфічнай прадукцыі падлеткі 15—16 гадоў і, як страшна гэта ні гучыць, ідуць на гэта свядома. Калі мы праводзілі даследаванне, на пытанне “Чаму дзеці згаджаюцца на здымкі без адзення”, трэць з іх дае адказ: “Гэта модна і крута”. Яны маю ць мадэль паводзін, калі многія знакамітасці — спевакі, акцёры, спартсмены — выкладваюць свае эратычныя фота ў часопісах, сацыяльных сетках. І падлеткі гэта пераймаюць.
Мы гаворым бацькам пра тое, што, калі яны “застукалі” дзіця, якое наведвала парнаграфічныя сайты, не трэба рабіць з гэтага трагедыю. Гэта можа быць проста падлеткавая цікаўнасць, і далёка не заўсёды яна пераходзіць ва ўласныя эксперыменты і здымкі. Але мама з дачкой, а тата з сынам пагутарыць павінны абавязкова. І не з пазіцыі “добра — дрэнна”, “можна — нельга”, а лепш засяродзіцца на магчымых наступствах. Не кідацца ў крайнасці і забараняць карыстацца камп’ютарам, а абмеркаваць уд зел іх равеснікаў у такіх здымках, тое, што яны могуць нашкодзіць ім, іх асабістым ці працоўным адносінам у будучыні. З дарослымі дзецьмі трэба абмяркоўваць і стаўленне закона да дзіцячай парнаграфіі. Хочацца, каб і педагогі гаварылі пра гэта на бацькоўскіх сходах”.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
і з інтэрнэту.