Патрыятызм развівае кабінет-музей

У сярэдняй школе № 3 Крычава ў прыярытэце грамадзянска-патрыятычнае выхаванне навучэнцаў. Нядаўна ў навучальнай установе адкрыўся кабінет-музей “Крычаўшчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны”.

Як паведаміла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Марына Янчанка, у музей быў пераабсталяваны звычайны вучэбны кабінет:

— Гэтая ідэя ўзнікла два гады назад. Кіраўніцтва нашай установы патрэбную ініцыятыву падтрымала. Тады і ўзяліся за справу актыўныя педагогі і вучні. Шмат часу пайшло як на падрыхтоўку, пераабсталяванне самога кабінета, так і на збор, сістэматызацыю матэрыялаў, неабходных экспанатаў.

Вынікам карпатлівай працы стаў сапраўдны музей, які нічым не саступае больш маштабным падобным установам. А вось перавагу мае, бо знаходзіцца непасрэдна ў сценах школы і кожны вучань у любы час можа зазірнуць сюды, каб акунуцца ў гісторыю.

Па словах Марыны Яўгенаўны, у аснову музейнай экспазіцыі пакладзены гістарычныя звесткі аб рэальных баявых дзеяннях, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны праходзілі пад Крычавам. Значную лепту ў фарміраванне музея ўнеслі настаўнікі гісторыі Наталля Іванаўна Глушакова, Таццяна Віктараўна Гамолка і Алег Аляксандравіч Ляцецкі, якія разам са сваімі вучнямі ўклалі нямала сіл у збор і сістэматызацыю назапашанага матэрыялу, афармленне экспанатаў. Рэчы, фатаграфіі, карты, інсталяцыі дэталёва апавядаюць пра гераічныя бітвы, што адбыліся ў мясцовых ваколіцах. Асобны стэнд прысвечаны выхадцам раёна, удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, подзвігі якіх служаць прыкладам патрыятызму для цяперашняга падрастаючага пакалення.

Магчымасці кабінета-музея ўжо выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе. Экспазіцыі дапаўняюць урокі гісторыі і грамадазнаўства, тут праводзяцца экскурсіі патрыятычнай накіраванасці. У планах кіраўніцтва трэцяй школы — дапаўненне і развіццё змястоўнай напаўняльнасці музея. Таксама тут думаюць у найбліжэйшы час падрыхтаваць юных экскурсаводаў, якія б распавядалі пра падзеі вайны сваім аднагодкам не толькі з роднай школы, а і з іншых устаноў адукацыі райцэнтра.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *