У Паляцкішскай сярэдняй школе Воранаўскага раёна на працягу 18 дзён працаваў аздараўленчы летнік “Сонейка” з дзённым знаходжаннем, які наведвалі каля 30 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 10 да 14 гадоў.
Адпачынак дзяцей у летніку быў арганізаваны ў рамках гульнёва-пазнавальнай праграмы “Летняя казка”. Кожны дзень быў напоўнены тэматычнымі мерапрыемствамі, конкурсамі, віктарынамі. У першы дзень змены быў створаны куток, прысвечаны Году малой радзімы. Для дзяцей былі арганізаваны цікавыя вандроўкі па ваколіцах Паляцкішак. Вучні неаднаразова прайшліся знаёмымі сцяжынкамі, наведалі ліпавую алею, сустрэліся з вяскоўцамі. Запамінальнай была сустрэча з найстарэйшай жыхаркай вёскі Паляцкішкі Вацлавай Янаўнай Дзяркач. Яна расказала шмат цікавага з гісторыі роднага краю. Вучні дапамаглі Вацлаве Янаўне прыбраць тэрыторыю каля дома — прынялі ўдзел у акцыі “Вялікая ўборка малой радзімы”.
Падчас змены вялікая ўвага ўдзялялася спартыўным мерапрыемствам, здароваму ладу жыцця, вывучэнню і захаванню правіл дарожнага руху, пажарнай бяспекі. Штодзённа праводзіліся культурна-забаўляльныя конкурсы. Разам з выхавальнікамі Аленай Зыгмундаўнай Пажарыцкай і Аляксандрай Чаславаўнай Янкелайць дзеці падрыхтавалі флэшмоб “Малой радзіме прысвячаем”. Настаўнік гісторыі Аляксандр Мар’янавіч Васько правёў для вучняў змястоўныя экскурсіі ў музейны пакой школы, падчас якіх школьнікі набылі новыя веды пра родны край.
У час работы летніка школа актыўна супрацоўнічала з Паляцкішскай сельскай інтэграванай бібліятэкай і сельскім цэнтрам культуры і вольнага часу, фельчарска-акушэрскім пунктам. Вялікую цікавасць у вучняў выклікала наведванне пагранзаставы “Драбішуны”, сустрэча з вайскоўцамі, агляд ваеннай тэхнікі, удзел у спартыўнай гульні “Зарніца”. Мерапрыемствы летніка наведвалі інспектары ДАІ і ІСН РАУС, супрацоўнікі аддзела па надзвычайных сітуацыях. Цікавымі былі экскурсіі ў Гродна і на ААТ “Молочный мир”.
Час, праведзены ў летнім аздараўленчым летніку, стаў для кожнага карысным і запамінальным, дзеці атрымалі паўнацэнны адпачынак.
Іван ГАБІС,
сацыяльны педагог, дырэктар аздараўленчага летніка з дзённым знаходжаннем
Паляцкішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці.





