Паўнавартасныя партнёры

- 15:32World Skills

Чэмпіянат WorldSkills у Абу-Дабі наведалі міністр прамысловасці В.М.Вовк і першы намеснік міністра адукацыі В.А.Богуш. Кіраўнік Міністэрства прамысловасці з’яўляецца сустаршынёй аргкамітэта па арганізацыі руху WorldSkills у Беларусі. Старшыня гэтага камітэта — міністр адукацыі І.В.Карпенка.

В.А.Богуш і В.М.Вовк прынялі ўдзел у міжнароднай канферэнцыі, якая праходзіла пад эгідай WorldSkills. Тэмай абмеркавання прадстаўнічых асоб з усяго свету стала развіццё сучаснай прафесійнай адукацыі ў найбліжэйшай перспектыве, як павінны ўзаемадзейнічаць заказчыкі кадраў з навучальнымі ўстановамі прафесійнай адукацыі, каб падрыхтаваць для вытворчасці такога спецыяліста, які б у поўнай меры адпавядаў сённяшнім запытам эканомікі.

Візіт на чэмпіянат WorldSkills міністра прамысловасці В.М.Вовка стаў пацвярджэннем зацікаўленасці работадаўцаў у высакаякаснай падрыхтоўцы кадраў, у стварэнні неабходных умоў для навучання, асабліва ў практычнай частцы. В.М.Вовк наведаў усе пляцоўкі чэмпіянату, дзе выступаюць нашы канкурсанты. Асабліва цікавіла кіраўніка галіновага міністэрства, як выступаюць канкурсанты па тых прафесіях, якія адносяцца да прамысловых. Віталь Міхайлавіч запытаў удзельнікаў чэмпіянату, наколькі ім цікавае гэтае спаборніцтва, як яны ўдасканальваюць свае прафесійныя навыкі з улікам развіцця прамысловых прадпрыемстваў краіны, як шануюць гонар рабочага чалавека. Кіраўніка міністэрства цікавілі праблемы, якія ўзнікаюць сёння пры падрыхтоўцы канкурсантаў да спаборніцтваў WorldSkills. Ён выказаў меркаванне, што ў гэты рух павінны больш актыўна ўключацца прамыслоўцы, непасрэдна прадпрыемствы, якія б маглі матэрыяльна падтрымаць падрыхтоўку канкурсантаў да чэмпіянатаў міжнароднага ўзроўню.

В.А.Богуш падтрымаў гэтую пазіцыю і пацвердзіў, што падрыхтоўка высакакласных кадраў для інавацыйнай эканомікі нашай краіны павінна стаць аднолькава важнай задачай як для работнікаў сістэмы прафесійнай адукацыі, так і для наймальнікаў кадраў. Абодва бакі павінны стаць паўнавартаснымі партнёрамі ў гэтай важнай справе, што, па сутнасці, дэманструюць сёння большасць замежных краін. Беларусь у іх ліку. Вадзім Анатольевіч з вялікай цікавасцю агледзеў рабочыя месцы нашых канкурсантаў, паназіраў за іх работай, а таксама пацікавіўся выступленнем іншых каманд.

Ала КЛЮЙКО.
Абу-Дабі.
Фота аўтара.