Паўстаць з попелу. Экспазіцыі школьных музеяў Лельчыцкага раёна кранаюць да слёз

- 13:401944: путь к освобождению

Лельчыцкі раён у гады вайны быў ператвораны ў суцэльнае папялішча — вораг ушчэнт спаліў усе 74 яго населеныя пункты, уключаючы самі Лельчыцы… Экспазіцыі мясцовых школьных музеяў, прысвечаныя трагедыі гэтай зямлі і яе вызваленню, кранаюць да слёз. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Тварам да ворага

Музейны пакой “Баявой Славы” ў лельчыцкай сярэдняй школе № 1 нядаўна адрамантавалі, яго экспазіцыі надалі сучасны выгляд, усталявалі мультыборд. Пры гэтым тут беражліва захавалі багаты матэрыял, які быў сабраны яшчэ ў савецкія часы заснавальнікам школьнага музея — настаўнікам гісторыі Анд­рэем Маславым. Былы франтавік, які дайшоў да Берліна, ён шмат гадоў вёў актыўную перапіску з ветэранамі і іх сем’ямі па ўсім Савецкім Саюзе, карпатліва збіраў дакументы, фотаздымкі, экспанаты. Дзякуючы намаганням Андрэя Максімавіча і яго калег, якія перанялі эстафету памяці, экспазіцыя тут маштабная і рознабаковая.

…Пераходзячы ад стэнда да стэнда, углядаюся ў твары на старых фотаздымках. Як добра, што іх атрымалася сабраць так шмат. Тут партызаны, падпольшчыкі, байцы Чырвонай Арміі — усе тыя, без каго не было б нашай перамогі ў той жудаснай вайне. За кожным здымкам — свой лёс, гісторыя выпрабаванняў, мужнасці і зробленага няпростага выбару. Менавіта так, праз канкрэтныя гісторыі, і трэба гаварыць з дзецьмі аб вайне…

Загадчыца музейнага пакоя настаўніца гісторыі Алена Ляхавец адзначае, што ўпершыню дзеці прыходзяць сюды не ў 1 класе, а яшчэ выхаванцамі дзіцячага сада № 4, які знаходзіцца побач са школай. Дашкалятам і малодшым школьнікам аб вайне расказва­юць у даступнай ім форме, з улікам узроставых асаб­лівасцей. Дзеці з цікавасцю разглядваюць баявыя медалі, рэчы няхітрага партызанскага побыту, гільзы ад снарадаў, прымяраюць каску з чырвонай зоркай. Дарэчы, побач ляжыць і нямецкая каска, але яе браць ніхто не хоча.

Вучні растуць, і з кожным наведваннем музейнага пакоя ім даюць усё больш інфармацыі. Яны даведваюцца аб лельчыцкай падпольнай камсамольска-маладзёжнай арганізацыі, у якую ўваходзілі ўдзельнікі гуртка самадзейнасці раённага Дома культуры. Збіраліся як быццам на рэпетыцыю, а самі планавалі сваю дзейнасць па дапамозе партызанам, друку і распаўсюджванні ліс­товак і нават па падрыве біржы працы, каб перашкодзіць вывазу моладзі ў Германію. Іх выдаў здраднік. Было затрымана і расстраляна каля 80 чалавек — падпольшчыкаў і членаў іх сем’яў. У іх ліку была настаўніца біялогіі гэтай школы Настасся Лапета-Янкавец разам з мужам. Яе фота таксама тут, у экспазіцыі. Вядома, што падчас расстрэлу жанчына адмовілася ад таго, каб ёй завязалі вочы, і не захацела прыняць кулю ў спіну. Яна дзёрзка павярнулася да ворагаў тварам, і ўслед за ёй гэта зрабілі іншыя падпольшчыкі.

Шмат інфармацыі сабрана аб кіраўніках і членах партызанскіх атрадаў, якія дзейнічалі вельмі актыўна. Дарэчы, сярод іх яшчэ адзін настаўнік, легендарны партызанскі камандзір і ваенны разведчык Іван Колас, імя якога зараз носіць Лельчыцкая раённая гімназія. Глядзіць з фотаздымка зусім яшчэ малады, прыгожы хлопец — ён узначаліў партызанскі атрад усяго ў 19 гадоў, але задаў акупантам перцу!.. Тое, што фашысцкія карнікі знішчылі полымем усе да аднаго населеныя пункты раёна, у значнай меры было помстай за народную барацьбу. Але памылкова думаць, што калі б партызаны не змагаліся, то і мірных жыхароў не чапалі б. Згодна з генеральным планам “Ост” нямецка-фашысцкія захопнікі ставілі задачу пазбавіцца ад 75% насельніцтва Беларусі, і яго бязлітасна знішчалі б у любым выпадку.

Вядома ж, асаблівая ўвага — баям за вызваленне раёна, якое ажыццявілі часці 14-й гвар­дзейскай кавалерыйскай дывізіі і 117-га стралковага палка 61-й арміі сумесна з Лельчыцкай партызанскай брыгадай. Як адзначаецца камандзірамі ў справаздачах, якія захоўваюцца ў Лельчыцкім раённым краязнаўчым музеі, руху нашых войск перашкаджала тое, што мясцовасць балоцістая, дарогі дрэнныя і, як на злосць, выпадала шмат ападкаў. Але яны ўпарта ішлі з баямі наперад.

У ліку вызваліцеляў Лельчыцкага раёна быў сын палка 12-гадовы хлопец Хведар Біднарчук, выхаванец 117-га стралковага палка.

— Днём вызвалення Лельчыц стала 23 студзеня 1944 года, але баі за вёскі працягваліся яшчэ да красавіка. Нягледзячы на тое, што ад нашых населеных пунктаў заставаліся толькі папялішчы, вораг нічога не аддаваў без бою. За некаторыя вёскі змагаліся па некалькі дзён. Асабліва жорсткае процістаянне было ва ўрочышчы Чырвоная Горка. Там і сёння зямля ў траншэях і калдобінах ад снарадаў. Дарэчы, у мінулым годзе на гэтым месцы абсталявана памятная зона “Рубеж”, падчас ўрачыс­тага адкрыцця якой адбылася рэканструкцыя аднаго з баёў. Нашы вучні з настаўнікамі таксама на ёй пабывалі, — паведамляе Алена Ляхавец.

Увогуле, навучэнцы школы — актыўныя ўдзельнікі самых розных мерапрыемстваў ваенна-патрыятычнай накіраванасці, якія ладзяцца як у школе, так і за яе межамі. Для большага пагружэння ў тэму дзецям пашылі салдацкія гімнасцёркі і пілоткі. Існуе традыцыя: падчас выступленняў нічога не чытаць па паперках, прапускаць кожнае вымаўленае слова праз сябе. Па словах Алены Ляхавец, вучні так глыбока прасякнуты тэмай гістарычнай памяці аб вайне, што нават удзельніча­юць у напісанні сцэнарыяў школьных мерапрыемстваў, якія да слёз кранаюць усіх удзельнікаў.

…Што самае важнае, аб героях з партрэтаў засталася не толькі памяць. У школе сёння вучацца нашчадкі некаторых з іх. Праўнук Андрэя Максімавіча Маслава — шасцікласнік Кірыл Ляхавец — расказаў, што не застаў прадзеда ў жывых, але добра ведае аб ім з аповедаў бабулі і хоча вырасці такім жа смелым і разумным, як ён. Няхай так і будзе!

Полымя над царквой

Музейны пакой Тонежскай базавай школы — адзін з самых наведваемых у Лельчыцкім раёне. Сюды круглы год прыяз­джаюць як школьныя групы, так і працоўныя калектывы, асобныя экскурсанты. Тут увекавечана памяць аб трагедыі, якой на гэтым свеце быць проста не магло — ні па агульначалавечых, ні па хрысціянскіх законах. Але яна была. У вёсцы Тонеж напярэдадні Раст­ва Хрыстова — 6 студзеня 1943 года — фашысцкія захопнікі расстралялі і спалілі мірных жыхароў у мясцовай драўлянай царкве. А потым у попел ператварылі саму вёску.

— Захаванне памяці аб той вогненнай трагедыі для нас святая справа. На брацкай магіле нявінных ахвяр пабудаваны вялікі мемарыял, на якім ладзіцца шмат памятных мерапрыемстваў. Побач узведзена царква, дзе заўсёды молімся аб іх, — гаворыць настаўніца рускай мовы і літаратуры кіраўнік школьнага музейнага пакоя Таццяна Леўкавец. — Эстафету памяці з усёй адказнасцю перадаём нашым дзецям. Ведаеце, калі мы праводзім у музеі акцыі, урокі памяці, нам ніколі не прыходзіцца заклікаць вучняў да цішыні і парадку. Як толькі пераступаюць парог, яны становяцца сур’ёзнымі, ніхто не смяецца, не шуміць.

Трагедыі мірных жыхароў Тонежа ў музейным пакоі прысвечаны асобны стэнд. На прадстаўленыя на ім лічбы нельга глядзець без болю: у полымі загінуў 261 чалавек, 108 з якіх — дзеці. 33 хлопчыкам і дзяўчынкам не споўнілася і пяці гадоў.

З вялікага архіўнага фота нібыта ў самае сэрца глядзіць безжыццёвае папялішча, у якое ператварылі фашысты вёску. І такая ж спустошанасць чытаецца ў вачах сівой жанчыны на фота­здымку побач. Таццяна Андрэеўна Бароўская — адзіная, хто змог жывой выбрацца з падпаленай царквы, дзе назаўсёды засталіся чацвёра яе дзетак. У той дзень 30-гадовая жанчына стала цалкам сівой… Лёс адмераў ёй доўгі век, і яна змагла расказаць горкую праўду аб той трагедыі не аднаму пакаленню нашчадкаў. Міжволі задумваешся: ці не дзеля гэтага выратавалі яе нябёсы?..

Шмат інфармацыі сабрана ў экспазіцыі аб абаронцах нашай Радзімы. Чарговы раз усведамляеш кошт перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У 1941 годзе змагацца з ворагам адправіліся 174 тонежцы, назад не вярнулася больш чым 100. Сам Тонеж вызвалілі яшчэ ў 1943 годзе партызаны, а канчаткова ворага дабіла наша армія ў 1944-м.

На жаль, сёння ў аграгарадку засталася толькі адна жанчына, якая памятае падзеі 40-х гадоў, — Галіна Сямёнаўна Астравік. З болем яна расказае, як, ратуючыся ад фашыстаў, тонежцы хаваліся ў лясах і дрыгве, жылі ў зямлянках, а потым адраджалі жыццё на пакрытай попелам зямлі. Між тым настаўнікі і вучні ў свой час паспелі саб­раць успаміны многіх ўдзельнікаў вайны і мірных жыхароў, якія перажылі акупацыю, прычым як у пісьмовым выгля­дзе, так і ў фармаце аўдыя- і відэазапісу. Сёння гэта выдатная падмога ў ваенна-патрыятычным выхаванні школьнікаў.

Кранальнае ўпрыгажэнне музейнай экспазіцыі — хустачкі з вышытымі сярод кветак імёнамі і прозвішчамі загінуўшых на вайне аднавяскоўцаў. Дзяўчаты вышывалі іх сваімі рукамі. А яшчэ вучні прысвячаюць старонкам ваеннай гісторыі роднага краю вершы, пішуць даследчыя работы.

Тонежскія навучэнцы клапоцяцца аб помніках ваенных часоў, якіх толькі ў аграгарадку тры. Акрамя мемарыяла ў памяць аб ахвярах вогненнай трагедыі, тут стаіць помнік землякам, якія не вярнуліся з вайны, і абеліск на месцы брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан. Ужо стала традыцыяй, што наведвальнікі летняга школьнага лагера добраўпарадкоўваюць магілу ў лесе, дзе пахаваны расстраляныя сем’і партызан, і магілу невядомага партызана.

Можна быць упэўненымі, што, прайшоўшы такую школу памяці, якую змаглі стварыць у Тонежы, кожнае дзіця атрымае надзейную прышчэпку ад гістарычнага бяспамяцтва. 

Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара