Павышаючы інфармацыйную культуру педагогаў

- 11:39Якасць адукацыі

IV Адкрытая міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Дарожная карта інфарматызацыі: ад мэты — да выніку” прайшла сёлета ў межах Міжнароднай спецыялізаванай выставы “Адукацыя і кар’ера”. Арганізатарамі мерапрыемства з’яўляюцца камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама, Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі і ўнітарнае прадпрыемства “Экспафорум”. Падчас пленарнага пасяджэння былі абмеркаваны пытанні выкарыстання сучасных электронных адукацыйных рэсурсаў у адукацыйным працэсе, укаранення электронных паслуг у практыку работы ўстаноў адукацыі, а таксама арганізацыі электроннага навучання.

Для фарміравання іміджу школы

Канферэнцыя стала традыцыйнай і знакавай падзеяй у жыцці горада і сталічнага ІРА. У яе пленарным пасяджэнні прынялі ўдзел прадстаўнікі ўпраўлення адукацыі, кіраўнікі і педагогі ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, выкладчыкі ўстаноў вышэйшай адукацыі, навуковыя супрацоўнікі, аспіранты, прадстаўнікі сістэмы дадатковай адукацыі дарослых, ІТ-спецыялісты.

Начальнік упраўлення дыстанцыйных адукацыйных паслуг Нацыянальнага інстытута адукацыі Гюльнара Мансураўна Юсцінская расказала аб магчымасцях, якія прадастаўляе Нацыянальны адукацыйны партал http://adu.by. Яна падкрэсліла, што на сёння партал — адкрыты інструмент назапашвання і выкарыстання інфармацыі, неабходнай для рэалізацыі адукацыйнага працэсу, эфектыўны сродак фарміравання іміджу беларускай школы. Вядучымі задачамі партала з’яўляюцца комплексная падтрымка ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу (інфармацыйная, навуковая, вучэбна-метадычная, кансультацыйная), мнагавектарная камунікацыя, свабодны і роўны доступ да якасных адукацыйных рэсурсаў.

У 2016 годзе была распрацавана новая версія гэтага электроннага рэсурсу, якая ў поўнай меры адпавядае запытам, што дыктуюцца абнаўленнем зместу адукацыйнага працэсу і ўвядзеннем профільнага навучання ва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі. Створаны і аператыўна напаўняюцца яго новыя тэматычныя раздзелы: “Адукацыйны працэс 2016/2017 навучальнага года”, “Профільнае навучанне”, “Конкурсы на стварэнне вучэбных дапаможнікаў”, “Праект “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь” і інш.

У раздзеле “Электроннае навучанне” размешчаны электронныя адукацыйныя рэсурсы для дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі і сістэмы выхавання (больш за 200 курсаў); інтэрнэт-рэсурс па суправаджэнні інтэрнэт-алімпіяд, турніраў і конкурсаў па вучэбных прадметах, “Дыстанцыйны ўсенавуч для педагогаў”. Апошні праект быў задуманы з мэтай дапамагчы настаўніку асвоіць інфармацыйныя рэсурсы для далейшага выкарыстання іх з максімальнай карысцю ў адукацыйным працэсе. Карэктнае выкарыстанне ІКТ дазваляе зрабіць разнастайнай вучэбную дзейнасць, павысіць матывацыю навучэнцаў да канкрэтнага прадмета ці тэмы ўрока, паспяхова фарміраваць адукацыйныя кампетэнцыі, у тым ліку накіраваныя на работу з інфармацыяй з розных крыніц, выхоўваць інфармацыйную культуру.

Сярод важных раздзелаў партала — “Новыя падручнікі: вывучаем, абмяркоўваем” і “Новыя вучэбныя праграмы: вывучаем, абмяркоўваем”, якія сталі своеасаблівымі пляцоўкамі для ўзаемадзеяння як навуковай, так і педагагічнай грамадскасці. Любыя каментарыі, прапановы, заўвагі можна пакінуць у раздзеле “Пытанні” — і самі аўтары на іх напішуць адказы. “Электронныя версіі падручнікаў” — база, якая на сёння змяшчае 428 электронных версій вучэбных выданняў, у тым ліку падручнік-навігатар па хіміі, а таксама падручнікі новага пакалення (зараз іх восем) — пераможцы конкурсу на стварэнне вучэбных дапаможнікаў.
Статыстыка сведчыць пра высокую запатрабаванасць інфармацыі на партале. У патрэбны час амаль да 20 тысяч карыстальнікаў звяртаюцца да паслуг гэтага інтэрнэт-рэсурсу: педагогі, вучоныя, бацькі, навучэнцы з усіх рэгіёнаў Беларусі.

Па індывідуальнай траекторыі

Намеснік дэкана па вучэбнай рабоце і інфарматызацыі факультэта бесперапыннага дыстанцыйнага навучання БДУІР Андрэй Віктаравіч Крывянкоў расказаў пра арганізацыю электроннага навучання. Зараз базай для прадастаўлення электронных адукацыйных паслуг ва ўніверсітэце з’яўляецца сістэма электроннага навучання Share Point LMS, якая ўяўляе сабой сэрвіс, даступны кожнаму навучэнцу і заснаваны на воблачных тэхналогіях. Ва ўніверсітэце рэалізоўваецца праект па прывядзенні ЭАР да патрабаванняў, закладзеных у масавых адкрытых анлайн-курсах: модульная структура дысцыпліны, прысутнасць у вучэбным матэрыяле відэакантэнту і тэстаў. Новыя тэхналогіі прадугледжваюць пакрокавае вывучэнне дысцыпліны: кожны выкладчык распрацоўвае індывідуальны сцэнарый, па якім навучэнец павінен для паспяховага праходжання дысцыпліны прачытаць тэорыю, праглядзець фільм, здаць тэст, выканаць заданне і інш. Уся актыўнасць у сістэме адсочваецца, яе вынікі фіксуюцца ў электронным дзённіку. Завяршаецца ўсё выніковым тэстам па дысцыпліне. Пасля праходжання курса студэнт атрымлівае сертыфікат.

Гэтая тэхналогія выкарыстоўваецца не толькі для дыстанцыйнай формы атрымання вышэйшай адукацыі студэнтаў, але і для навучання па асобных дысцыплінах вучэбнага плана. “Неабходнасць у арганізацыі дыстанцыйнага навучання па асобных дысцыплінах узнікае тады, калі студэнт пераводзіцца або аднаўляе вучобу і ў яго ўзнікае розніца ў вывучаных дысцыплінах. Акрамя таго, калі ў студэнта ўзнікаюць цяжкасці з наведваннем лекцый, практычных і лабараторных заняткаў у сувязі з работай, заняткамі спортам ці па іншай прычыне, — патлумачыў А.В.Крывянкоў. — Калі гаварыць пра пералік спецыяльнасцей, па якіх даступна электроннае навучанне, — гэта 8 класічных ІТ-спецыяльнасцей і 2 спецыяльнасці эканамічнага напрамку”.

Вынікі выкарыстання электроннага навучання гавораць самі за сябе. Па-першае, гэта спрасціла працэс пераводу студэнтаў (колькасць студэнтаў, якія выказваюць жаданне аднавіць навучанне, узрасла), магчымасць студэнтам па ўзгадненні з выкладчыкам фарміраваць сваю траекторыю навучання, выбіраючы, у якой паслядоўнасці якія дысцыпліны вывучаць. Сярод перспектыў электроннага навучання — магчымасць арганізацыі сеткавага навучання ў межах карпарацыі ўніверсітэтаў, якія вядуць падрыхтоўку па аналагічных спецыяльнасцях (сертыфікаты, атрыманыя ў адной УВА, будуць прызнавацца ў іншай); павышэнне якасці адукацыі за кошт прыцягнення найбольш кампетэнтных выкладчыкаў і выкарыстання лепшых ЭАР па выбраных спецыяльнасцях; скарачэнне выдаткаў пры адкрыцці набору і арганізацыі навучання па высоказапатрабаваных спецыяльнасцях; павышэнне акадэмічнай мабільнасці і спрашчэнне інтэграцыі ў адукацыйную прастору.

Па запытах педагогаў

— Створаная ў сталіцы адзіная інфармацыйная адукацыйная прастора дазваляе забяспечваць хуткі і своечасовы рух патокаў інфармацыі паміж усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу, — паведаміла прысутным намеснік начальніка аддзела інфарматызацыі МГІРА Таццяна Сяргееўна Дыбоўская, расказваючы аб удасканаленні інфармацыйнай культуры суб’ектаў адукацыйных зносін. — Як для асобнага педагога, так і для ўстаноў адукацыі ў цэлым, існуе магчымасць выкарыстання карпаратыўнага інфармацыйнага асяроддзя сістэмы адукацыі Мінска: электронная пошта, сістэма па зборы і апрацоўцы статыстыкі, аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма “Партал інфармацыйнага і сэрвіснага абслугоўвання карыстальнікаў”, сістэма дыстанцыйнага навучання, сістэма адміністравання і рэдагавання сайтаў Web.Perspective і інш.

Найбольш перспектыўным у справе самаадукацыі педагогаў бачыцца выкарыстанне сістэмы дыстанцыйнага навучання на платформе Moodle, асноўнымі напрамкамі дзейнасці якой з’яўляюцца: арганізацыя павышэння кваліфікацыі педагогаў, курсы ўстаноў адукацыі; гарадскія конкурсы, фестывалі, канферэнцыі; гарадскія інтэрнэт-алімпіяды; нацыянальныя электронныя сродкі навучання, даступныя ў анлайн-рэжыме, інтэрнэт-праекты і г.д.

Як адзначалася, немалаважную ролю ў рабоце з педагогамі па павышэнні ўзроўню іх інфармацыйнай культуры адыгрывае работа гарадскога рэсурснага цэнтра інфармацыйных тэхналогій, створанага ў МГІРА, на базе якога дзейнічаюць гарадскія адкрытыя ІТ-лабараторыі: цэнтр падрыхтоўкі інструктараў і падтрымкі акадэмій Cisco, лінгафонная мультымедыйная лабараторыя, інтэрактыўная лабараторыя, лабараторыя інавацыйных дыстанцыйных тэхналогій “Адукацыя без межаў”, лабараторыя робататэхнікі, лабараторыя інтэлектуальных сістэм і тэхналогій “ЛІСТ”. Арганізацыя дзейнасці лабараторый дазваляе педагогам горада выкарыстоўваць сучасную матэрыяльна-тэхнічную інфраструктуру гарадскога рэсурснага цэнтра ІТ для задавальнення ўсяго спектра патрэб у галіне выкарыстання ІКТ. Тут праводзяцца шматлікія семінары, майстар-класы, трэнінгі, вочныя і віртуальныя кансультацыі, вэбінары па асноўных напрамках дзейнасці лабараторый.

Па словах Т.С.Дыбоўскай, высокія тэмпы развіцця адукацыі, патрэба ў бесперапынным павышэнні кваліфікацыі патрабуюць новых форм і метадаў работы з педагогамі. Планаванне павышэння кваліфікацыі педагогаў і спецыялістаў у сферы ІКТ ажыццяўляецца на падставе вэб-анкетавання “Актуальнасць тэматык павышэння кваліфікацыі ў галіне ІКТ”. На бягучы 2017 год былі прапанаваны такія новыя тэматыкі, як “Інавацыйныя падыходы да выкарыстання ІКТ у прафесійнай дзейнасці педагога”, “Укараненне электронных паслуг у практыку работы ўстаноў адукацыі” (рэалізацыя праекта “Электронная школа”). Пастаянна ўдасканальваюцца формы і метады арганізацыі работы ў міжкурсавы перыяд. Супрацоўнікі Цэнтра інфармацыйных рэсурсаў сістэмы рэгіянальнай адукацыі МГІРА арганізоўваюць індывідуальныя віртуальныя кансультацыі для педагогаў у рэжыме анлайн шляхам выкарыстання сістэмы дыстанцыйнага навучання і сайта цэнтра.

Практычным прымяненнем усёй разнастайнасці форм і метадаў работы з педагагічнай грамадскасцю горада становіцца арганізацыя сеткавага ўзаемадзеяння, супрацоўніцтва ў сетцы з педагогамі ў рэгіёне і за яго межамі, з навучэнцамі класа і іх бацькамі. Педагогі горада выкарыстоўваюць актыўныя метады навучання, распрацоўваюць тэматычныя сайты, інтэрактыўныя заданні, вэб-квесты, ажыццяўляюць узаемадзеянне шляхам праграм-месенджараў і сэрвісаў імгненнага абмену паведамленнямі. Актыўна выкарыстоўваюць індывідуальныя віртуальныя кансультацыі для бацькоў. Навучэнцы маюць магчымасць рыхтавацца да выканання дамашніх заданняў, тэматычнага кантролю, самастойных работ, выконваць дамашнія заданні анлайн, выкарыстоўваючы маршрутны ліст для самастойнай работы ў хатніх умовах.

Лепшы прадукт для дзяцей і моладзі

Намеснік тэхнічнага дырэктара Міжгаліновага навукова-практычнага цэнтра сістэм ідэнтыфікацыі НАН Аляксандр Вітальевіч Рашатняк расказаў аб інавацыйным праекце па выкарыстанні інтэлектуальных дакументаў навучэнцаў у сістэме адукацыі, які рэалізоўваецца Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, БДУ пры падтрымцы ААТ “АСБ Беларусбанк”, — карце навучэнца.

Карта навучэнца ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ўяўляе сабой комплексны інструмент, які сумяшчае ў сабе ўніверсальны электронны дакумент і банкаўскую плацежную картку. Карта мае магнітную паласу, унікальны штрыхкод і ўбудаваны бескантактны чып, а на асноўным баку карткі наносіцца фотаздымак яе карыстальніка і інфармацыя аб навучальнай установе. Такая ўніверсальная карта можа выкарыстоўвацца як электронны пропуск, плацежны сродак, ключ аўтарызацыі ў камп’ютарным класе, чытацкі білет у бібліятэцы і г.д. У школьнікаў ёсць магчымасць разлічвацца з яе дапамогай у школьных сталоўках, буфетах, магазінах, што, несумненна, садзейнічае павышэнню фінансавай дасведчанасці дзяцей з ранняга ўзросту.

Па жаданні бацькоў па карце навучэнца можа быць устаноўлена забарона на зняцце наяўных грашовых сродкаў, сутачны ліміт на расход сродкаў. Бацькі таксама могуць кантраляваць выдаткі па карце з дапамогай зручных сэрвісаў дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання ААТ “АСБ Беларусбанк”, “Інтэрнэт-банкінг”, “М-банкінг”.

Карта навучэнца адкрываецца ў якасці дадатковай да рахунку аднаго з бацькоў. У выпадку, калі дзіця дасягнула 14-гадовага ўзросту і ў яго ёсць пашпарт, картка можа быць аформлена з асобным рахункам.

Функцыя электроннага пропуску спрашчае маніторынг наведвання школьных заняткаў навучэнцамі, а таксама дазваляе апавяшчаць бацькоў шляхам SMS-паведамленняў аб дакладным часе прыходу і адыходу дзіцяці са школы, аб усіх выпадках спазненняў і прагулаў. У перспектыве такую картку можна будзе прымяняць у якасці праязнога дакумента ў гарадскім пасажырскім транспарце, чытацкага білета ў бібліятэках горада, пропуску ў сацыяльна-культурныя аб’екты, для аплаты паслуг і праграмы скідак у аб’ектах гандлю.

Прадукт “Карта навучэнца” ў конкурсе Global Inclusion Awards 2016 рашэннем незалежнага міжнароднага журы прызнаны пераможцам у катэгорыі “Лепшы прадукт для дзяцей і моладзі” (Child Friendly Banking Award). Дарэчы, Global Inclusion Awards узнагароджваюцца банкі і фінансавыя інстытуты за дасягненні ў развіцці фінансавай дасведчанасці. Улічваюцца новыя падыходы да навучання дзяцей, прыцягненне сацыяльных груп, у тым ліку і моладзі, у больш актыўным узаемадзеянні з фінансавым сектарам, сацыялізацыя.

***

У межах правядзення канферэнцыі прайшла работа секцый “Стварэнне адзінага інфармацыйнага адукацыйнага асяроддзя, інтэграцыя інфармацыйных і педагагічных тэхналогій”, “Выкарыстанне сродкаў сучасных інфармацыйных тэхналогій для арганізацыі інтэлектуальнага вольнага часу навучэнцаў, самапазнання, самаўдасканалення і творчага развіцця асобы”, “Сістэма кіравання адукацыяй ва ўмовах інфармацыйнага грамадства”.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.