Застаецца некалькі месяцаў да пачатку Міжнароднага чэмпіянату WorldSkills Kazan — 2019. Перад спаборніцтвамі разам з летняй тэмпературай павышаецца градус хваляванняў. Увесь летні перыяд члены нацыянальнай зборнай толькі мараць пра канікулы. Даводзіцца напружана трэніравацца, а некаторым нават удаецца паўдзельнічаць у конкурсах і прывезці перамогу.

Так атрымалася ў хлопцаў з Індустрыяльна-педагагічнага каледжа, філіяла РІПА, якія прывезлі залатыя медалі з прэстыжнага спаборніцтва Knauf Junior Trophy, якое прайшло ў Аўстрыі. Knauf Junior Trophy — конкурс прафесійнага майстэрства, які праводзіўся па прафесійнай кампетэнцыі “Сухое будаўніцтва і тынкоўка”. Яго ўдзельнікамі сталі прадстаўнікі 12 краін: Беларусі, Сербіі, Бельгіі, Харватыі, Літвы, Казахстана, Латвіі, Балгарыі, Чэхіі, Аўстрыі, Грузіі, Славеніі. Каманду Knauf Belarus прадстаўлялі А.С.Іўчанка, кіраўнік службы маркетынгу ЗААТ “Kнаўф Маркетынг”, міжнародны эксперт WorldSkills Belarus у прафесійнай кампетэнцыі “Сухое будаўніцтва і тынкоўка”, А.Л.Мажэйка, кіраўнік вучэбнага цэнтра ЗААТ “Kнаўф Маркетынг”, нацыянальны эксперт гэтай жа кампетэнцыі, і два канкурсанты Мікіта Самсончык і Максім Варажбіт з Індустрыяльна-педагагічнага каледжа, філіяла РІПА.
Як праходзілі спаборніцтвы, расказаў Аляксандр Сяргеевіч Іўчанка — чалавек вядомы ў нашай сістэме прафесійнай адукацыі, які, па сутнасці, стаў адным з заснавальнікаў прафесійнай кампетэнцыі “Сухое будаўніцтва” ў Беларусі.
Knauf Junior Trophy праводзіцца 15-ы раз, арганізатарам выступае кампанія Knauf, якая прадстаўляе тэхналогіі сухога будаўніцтва і развівае комплексныя сістэмы ў будаўнічай галіне. Паняцце “сухое будаўніцтва”, якое многім не знаёма, можна патлумачыць літаральна: сухое — значыць без вады, без тых мокрых працэсаў, якія выкарыстоўваюцца пры тынкоўцы ці бетанаванні. Першым і самым галоўным крокам у сухім будаўніцтве з’яўляецца зборка каркаса з металічнага профілю, затым прымяняюцца гіпсакардонныя, гіпсавалакністыя лісты і сухія сумесі для падрыхтоўкі паверхняў збудавання.
Калі параўноўваць Knauf Junior Trophy з конкурсамі WorldSkills, то, безумоўна, гэта не той маштаб. Спаборніцтву ўласціва і вузкая прафесійная накіраванасць. Заданні для канкурсантаў крыху спрошчаныя, а ад кожнай каманды выступаюць па два ўдзельнікі. І самае характэрнае для Knauf Junior Trophy — ён праходзіць у два этапы (тэарэтычны і практычны), як і нашы конкурсы прафесійнага майстэрства рэгіянальнага маштабу.
У тэарэтычны тур былі ўключаны каля 160 пытанняў па ўсіх відах тэхналогій сухога будаўніцтва. Трэба было адказаць на 50 з іх. Мікіта Самсончык і Максім Варажбіт справіліся з заданнем на ўсе 100%. На другім, практычным, этапе ўдзельнікам трэба было за 4 гадзіны сабраць канструкцыю, праект якой быў дадзены загадзя. Акрамя самой зборкі, неабходна было выканаць малярныя работы — шпаклёўку, устанавіць будаўнічыя вугалкі і вывесці паверхню да катэгорыі Q4 (катэгорыя якасці). Практычная частка конкурсу ацэньвалася экспертамі па трох крытэрыях: лінейныя памеры, узроўні і вуглы, знешні выгляд (шпаклёўка). Нашым хлопцам удалося выканаць і гэтае заданне лепш за ўсіх. У выніку — ганаровае 1-е месца!
Мікіта і Максім аб’ездзілі шмат спаборніцтваў і заўсёды выступалі ўдала. Стаялі яны побач і на п’едэстале ў час узнагароджання на ІІІ Нацыянальным чэмпіянаце WorldSkills Belarus — 2018. Максім Варажбіт, тады яшчэ навучэнец Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 12, заваяваў 1-е месца ў прафесійнай кампетэнцыі “Сухое будаўніцтва і тынкоўка”, а Мікіта Самсончык з Індустрыяльна-педагагічнага каледжа, філіяла РІПА, атрымаў “серабро”.
Цяпер Мікіта рыхтуецца да Міжнароднага чэмпіянату WorldSkills Kazan — 2019. Сапернікаў там у яго будзе дастаткова: заяўкі для ўдзелу ў прафесійнай кампетэнцыі “Сухое будаўніцтва і тынкоўка” падалі канкурсанты з 23 краін. Байцоўскі дух Мікіта ўмацоўвае праз спецыяльную псіхалагічную падрыхтоўку. І, безумоўна, трэніруецца і трэніруецца, бо перамагчы можна, толькі дзякуючы прафесійнаму майстэрству.
Змест задання WorldSkills удзельнікі атрымаюць напярэдадні спаборніцтва. Кожнаму будзе дадзена магчымасць толькі прадумаць, як яго выканаць, а сама работа разгорнецца ўжо непасрэдна на конкурснай пляцоўцы. Трэба будзе выканаць 4 модулі. Першы, на які адводзіцца 15 гадзін, прадугледжвае зборку канструкцыі па зададзеным чарцяжы. Другі модуль — шпаклёўка і дэкаратыўная тынкоўка. На яго адводзіцца 6 гадзін.Трэці — работа на хуткасць з гіпсавымі молдынгамі, якія, згодна з заданнем, трэба ўмацаваць на канструкцыі. Апошні модуль — творчы, у якім канкурсанты будуць вырабляць гіпсавыя вырабы любой канфігурацыі і мацаваць на свабодную паверхню канструкцыі. На яго адводзіцца 2 гадзіны. Усе модулі будуць выконвацца пад пільным наглядам экспертнай групы чэмпіянату. Ацэнкі за выкананне кожнага модуля суміруюцца, і выводзіцца адзіны вынік работы.
Аляксандр Іўчанка паведаміў, што да пэўнага часу сухому будаўніцтву ў Беларусі прафесійна ніхто не вучыў, пакуль кампанія Knauf, прадпрыемства “Белгіпс” і РІПА не пачалі пралангацыю. Папярэдне кампанія Knauf ужо назапасіла багаты вопыт падрыхтоўкі кадраў для сухога будаўніцтва ў краінах СНД. З 2015 года і ў нас пачалася пралангацыя прафесіі мантажніка каркасна-абшывачнай канструкцыі сухога будаўніцтва. Падрыхтоўка кадраў па гэтых тэхналогіях была арганізавана ў шэрагу сталічных устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі Мінска і ў некалькіх рэгіёнах. Зараз ставіцца задача ўдасканальваць навучанне па гэтым напрамку з улікам міжнародных стандартаў.

Прыкметнай асаблівасцю чарговага, 45 па ліку Міжнароднага чэмпіянату WorldSkills Kazan — 2019 стане з’яўленне на яго грандыёзнай пляцоўцы Future Skills творчай зоны, якая будзе ўяўляць сабой мадэль разумнага горада з прадстаўленнем ключавых сфер дзейнасці: энергетыкі, ІТ і лічбавых тэхналогій, транспарту, медыцыны, адукацыі, сельскай гаспадаркі і інш. Усе гэтыя галіны будуць функцыянаваць не так, як у штодзённым жыцці, а будуць прадстаўлены ў свеце высокатэхналагічнай вытворчасці і лічбавай эканомікі, будуць насіць апераджальны характар і такім чынам прадстаўляць тэхналогіі будучыні. Нездарма Future Skills у перакладзе азначае “будучыя навыкі”. Узнікненне такога праекта пад эгідай WorldSkills абумоўлена імклівымі глабальнымі змяненнямі ў сферы тэхналогій і вытворчасці, якія дыктуюць новыя патрабаванні да падрыхтоўкі кадраў. Упершыню спаборніцтвы Future Skills былі прадстаўлены на чэмпіянаце WorldSkills Hi-Tech 5 гадоў назад у Екацярынбургу, дзе канкурсанты дэманстравалі свае веды ў некалькіх кампетэнцыях. Цяпер стратэгічна значных кірункаў у развіцці лічбавай эканомікі намнога больш. Гэта 3D-прататыпаванне, інжынерыя касмічных сістэм, квантавыя тэхналогіі, прамысловая робататэхніка, сінтэз і апрацоўка мінералаў, праектаванне нейраінтэрфейсаў, лічбавая вытворчасць, лазерныя тэхналогіі і інш. У зоне Future Skills будзе працаваць інтэрактыўная выстава, дзе можна будзе азнаёміцца з гісторыяй і развіццём кампетэнцый будучыні, з новымі напрамкамі эканамічнага развіцця Расійскай Федэрацыі. Наведвальнікам выставы будзе прадастаўлена магчымасць ажыццявіць інтэрактыўнае падарожжа, сфарміраваць сваё ўяўленне аб прафесіях будучыні, а ў далейшым скарыстацца сваімі ведамі пры выбары прафесійнай дзейнасці.
У спаборніцтве Future Skills прымуць удзел 150 канкурсантаў. Упершыню будуць выступаць і беларусы. У склад нашай каманды ўвайшлі 3 удзельнікі Future Skills: Дзмітрый Дорах выступіць у прафесійнай кампетэнцыі “Тэхналогія прамысловага дызайну”, а Марына Жукава і Вольга Петравец — у кампетэнцыі “Тэхналогіі інфармацыйнага мадэлявання”. У якасці эксперта выступае Дар’я Старавойтава. Усе дзяўчаты скончылі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту па спецыяльнасцях будаўнічай галіны. Цяпер Марына працуе ў ААТ “ГИПРОЖИВМАШ”, а Вольга — на прадпрыемстве комплекснага праектавання “Гомельдарпраект”. Марына Жукава ў час вучобы ва ўніверсітэце наведвала курсы па вывучэнні Autodesk REVIT і ў выніку атрымала сертыфікат. Яна таксама актыўна ўдзельнічала ў алімпіядах і канферэнцыях. Дзяўчына заняла 2-е месца на Міжнародным студэнцкім конкурсе ў Брэсце па праектах арганізацыйна-тэхнічнага напрамку. І сёння Марына пастаянна развіваецца ў сваёй сферы дзейнасці.
Вольга
Петравец з’яўляецца магістрам
тэхнічных навук. Яна таксама скончыла курсы “Тэхналогіі інфармацыйнага мадэлявання будынкаў”, курсы па інфармацыйным мадэляванні
збудаванняў Building
Information Modeling (BIM), курс
BIM-менеджменту ў акадэміі BIM. Вольга
з’яўляецца лаўрэатам конкурсу “Зорнае юнацтва”. Вопыт работы Вольгі ў сферы BIM-тэхналогій
— каля пяці гадоў. Яна была дакладчыкам на Autodesk University
Russia 2018. На прадпрыемстве “Гомельдарпраект” дзяўчына працуе кіраўніком укаранення
BIM-тэхналогій.
Эксперт Дар’я Старавойтава таксама працуе на гэтым прадпрыемстве на пасадзе архітэктара і вядзе падрыхтоўку Марыны і Вольгі да чэмпіянату. У сваёй рабоце на прадпрыемстве Дар’я прымяняла аб’ёмнае мадэляванне, удзельнічала ў стварэнні мадэлей аграферм, спартыўна-аздараўленчых комплексаў, гасцініц, заводаў. Яна таксама займаецца дызайнам інтэр’ераў. Прайшла курсы па 3D-мадэляванні, удзельнічала ў выставах, семінарах, канферэнцыях у гэтым кірунку, мае атэстат галоўнага спецыяліста па архітэктурных рашэннях. Па яе словах, у адрозненне ад традыцыйных сістэм камп’ютарнага праектавання, якія ствараюць геаметрычныя вобразы, вынікам інфармацыйнага мадэлявання будынка звычайна з’яўляецца аб’ектна-арыентаваная лічбавая мадэль як усяго аб’екта, так і працэсу яго будаўніцтва.Часцей за ўсё работа па стварэнні інфармацыйнай мадэлі будынка вядзецца ў два этапы. Спачатку распрацоўваюцца першасныя элементы праектавання, якія адпавядаюць як будаўнічым вырабам (вокны, дзверы, пліты перакрыццяў і г.д.), так і элементам аснашчэння (ацяпляльныя і асвятляльныя прыборы, ліфты і інш.), што мае непасрэднае дачыненне да будынка, але вырабляецца па-за будаўнічай пляцоўкай. Другі этап — мадэляванне таго, што ствараецца на будаўнічай пляцоўцы. Гэта падмуркі, сцены, дахі, навясныя фасады і многае іншае. Пры гэтым прадугледжваецца шырокае выкарыстанне загадзя створаных элементаў, напрыклад, крапежных або абрамляючых дэталей пры фарміраванні навясных сцен будынка.
Дар’я расказала, што кампетэнцыя “Тэхналогіі інфармацыйнага мадэлявання” прадугледжвае выкарыстанне ведаў па ўзвядзенні, аснашчэнні і эксплуатацыі збудаванняў розных відаў. Мадэль збудавання праектуецца ў рэжыме 3D, прычым у гэтым жа рэжыме ствараецца кожны элемент аб’екта. З дапамогай такіх тэхналогій праектуюцца сеткі абслугоўвання збудавання, усе дадатковыя дапаможныя сістэмы. Такім чынам, у такой віртуальнай мадэлі ўсё разлічана і спрагназавана. Для выканання работ па кампетэнцыі спатрэбіцца толькі камп’ютар, на якім трэба выканаць заданне.
Цяпер вядзецца актыўная падрыхтоўка да чэмпіянату. Члены нашай каманды трэніруюцца на стварэнні віртуальных збудаванняў рознага прызначэння: атэля, катэджа, пентхауса. Пабудаваць віртуальна — гэта частка справы. Трэба яшчэ разлічыць, наколькі сонца будзе ўплываць на асвятляльнасць пакояў збудавання, якія якасці ўласцівы зямельнаму ўчастку, дзе будзе пабудаваны аб’ект і колькі паверхаў вытрымае глеба. Паралельна вядзецца падлік часу, за колькі хвілін можна выканаць тую ці іншую праграму.
Ала КЛЮЙКО.





