Павышэнне эфектыўнасці, кантроль і асабістая адказнасць

- 11:58Апошнія запісы, Калегіі, пасяджэнні

Выязное пасяджэнне калегіі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь адбылося ў Дуброўне

Да ўдзелу ў рабоце калегіі былі запрошаны прадстаўнікі кіраўніцтва вобласці і раёна, міністэрстваў аховы здароўя, унутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях, супрацоўнікі структурных падраздзяленняў Міністэрства адукацыі, начальнікі ўпраўленняў адукацыі аблвыканкамаў і першы намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, начальнікі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму гар(рай)выканкамаў, кіраўнікі ўстаноў адукацыі. Пасяджэнне пад старшынствам міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігара Карпенкі праходзіла на базе сярэдняй школы № 1 Дуброўны. Другі яе паверх у гэты дзень ператварыўся ў адкрытую інтэрактыўную пляцоўку, дзе была прадстаўлена панарама лепшых дасягненняў, педагагічнага вопыту, інавацыйных методык і распрацовак, сучаснага абсталявання і тэхнічных сродкаў навучання ўстаноў адукацыі Віцебскай вобласці.

Падчас знаёмства з выставай Ігар Васільевіч выказаў заўвагу: многія з прадэманстраваных тэхнічных узораў замежнай вытворчасці можна і трэба замяніць на якасныя айчынныя аналагі. Задача распрацаваць і наладзіць іх выпуск пастаўлена перад беларускімі вучонымі і прадпрыемствамі, работа ў гэтым напрамку праводзіцца. У прыватнасці, з наступнага года ў краіне ў цэнтралізаваным парадку будзе ажыццяўляцца абсталяванне рэсурсных цэнтраў ва ўстановах прафадукацыі, электроннай школы і мультыбордаў ад кампаніі “Гарызонт” ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі — плануецца набыць каля 1,5 тысячы панэлей, прычым вытворца гарантуе сэрвіснае суправаджэнне сваёй прадукцыі. Першыя мультыборды адправяцца ў школы, дзе працуюць 56 фіналістаў Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2017”. Наступным крокам павінна стаць распрацоўка і ўкараненне айчынных праграмных прадуктаў і тэхналогій для адукацыі, робататэхнікі.

Акрамя прадугледжаных парадкам дня пытанняў эфектыўнасці работы Віцебскай вобласці па забеспячэнні якасці адукацыі, а таксама ўнутранага кантролю за арганізацыяй адукацыйнага працэсу і дзейнасцю педагагічных кадраў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, на пасяджэнні калегіі абмеркаваны надзённыя праблемы сучаснай адукацыі і ход рэалізацыі канцэптуальных падыходаў, прынятых на Рэспубліканскім педагагічным савеце.

У сваім выступленні Ігар Карпенка дэталёва прааналізаваў вынікі нядаўніх праверак, праведзеных Саветам Бяспекі Рэспублікі Беларусь і маніторынгавымі групамі Міністэрства адукацыі, выказаў шэраг крытычных заўваг і запатрабаваў узмацніць кантроль органаў кіравання адукацыяй за работай усіх зацікаўленых суб’ектаў на ўсіх узроўнях. Міністр адукацыі акрэсліў фармат пасяджэння: не станоўчыя рэляцыі, а канструктыўная размова, у ходзе якой павінна быць выпрацавана аптымальнае рашэнне па кожным з вызначаных пытанняў.

— Зверым гадзіннікі — як мы бачым праблемы, што нам трэба зрабіць на ўзроўні міністэрства, аблвыканкамаў і абласных упраўленняў адукацыі, на мясцовым узроўні, — прапанаваў Ігар Васільевіч. — У гэтым выпадку, не прымяншаючы работу ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама і сістэмы адукацыі вобласці (яна відавочная, як і дасягненні віцяблян па шэрагу напрамкаў), хацелася б найперш абмеркаваць менавіта праблемныя пытанні.

Забеспячэнне якасці адукацыі — прыярытэтная задача сучаснай школы, яе выкананне знаходзіцца на пастаянным кантролі. З вынікамі праверак, праведзеных Дэпартаментам кантролю якасці ведаў на Віцебшчыне, азнаёміў начальнік галоўнага ўпраўлення кадравай палітыкі і арганізацыйна-аналітычнай работы Міністэрства адукацыі Уладзімір Здановіч. Адзначана, што на ўсіх узроўнях органамі кіравання адукацыяй, установамі дашкольнай, агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі рэгіёна праводзіцца мэтанакіраваная сістэмная работа па забеспячэнні якасці адукацыі. Але выказаны і пэўныя заўвагі. Большасць выяўленых недахопаў на сённяшні момант ліквідавана, па выпраўленні астатніх зацверджаны комплекс мер, тэрміны яго рэалізацыі пастаўлены на строгі кантроль.

Прынцыповую ацэнку рабоце рэгіянальнай сістэмы адукацыі ў кантэксце яе далейшага ўдасканалення даў начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома. Перад сваім выступленнем ён прапанаваў прысутным для азнаямлення відэафільм аб сярэдняй школе № 1 Дуброўны. Гэта адна з тых устаноў адукацыі вобласці, якія, дзякуючы праекту “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь” пры фінансавай падтрымцы Сусветнага банка, набылі другое жыццё. У школе праведзены капітальны рамонт, абодва карпусы злучаны пераходнай галерэяй, у адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі аднавілася матэрыяльна-тэхнічная база. Крэатыўны дызайн і функцыянальны інтэр’ер, бяспечныя ўмовы і камфорт, найноўшае абсталяванне кабінетаў, школьнай сталовай, актавай залы, трох спартзалаў і залы атлетычнай гімнастыкі, выдатны адкрыты спартыўны комплекс, шырокае выкарыстанне робататэхнікі і ІТ, практыка-арыентаваны падыход у арганізацыі адукацыйнага працэсу і профільнае навучанне — такі сённяшні дзень дубровенскіх навучэнцаў і педагогаў. Дзмітрый Леанідавіч паведаміў, што ўстанова адукацыі з’яўляецца прыкладам рэалізацыі абласнога пілотнага праекта з рабочай назвай “Школы будучыні”. Падобныя школы ствараюцца ў буйных населеных пунктах у кожным раёне. Праект накіраваны ў першую чаргу на забеспячэнне роўных адукацыйных магчымасцей для навучэнцаў з гарадоў і сельскай мясцовасці.

— Наша задача сёння — у прыняцці стратэгічных рашэнняў, якія вызначаюць развіццё галіны як мінімум на дзесяцігоддзі, стварэнні ўмоў для ўсебаковага развіцця асобы дзіцяці, павышэнні якасці адукацыі, фарміраванні кадравага патэнцыялу, развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы, выбудоўванні аптымальнай сеткі ўстаноў адукацыі, — падкрэсліў Дзмітрый Хома. — Гэтае пасяджэнне стане дадатковым імпульсам, дазволіць суаднесці правільнасць рашэнняў і далейшую траекторыю развіцця.

Начальнік упраўлення адукацыі акцэнтаваў увагу на актуальных для рэгіёна праблемах і мерах, якія прымаюцца для іх вырашэння. Так, штогод павялічваецца ўдзельная вага фінансавання галіны адукацыі ў бюджэце вобласці. Разам з тым пастаянна ўзрастаюць выдаткі на сацыяльна абароненыя артыкулы і змяншаецца доля капітальных выдаткаў. Гэтую тэндэнцыю ўдалося стабілізаваць толькі сёлета. Кошт навучання аднаго навучэнца значна перавышае рэспубліканскі паказчык. Толькі за 4 гады агульная колькасць навучэнцаў у сельскай мясцовасці зменшылася на 2400 чалавек, у выніку аптымізацыі ў 2017 годзе закрыта 46 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і 54 рэарганізавана, з 2005 года закрыта 59,5 працэнта школ у сельскай мясцовасці — значна больш, чым у любой іншай вобласці. Шчыльнасць размяшчэння школ самая нізкая ў рэспубліцы, нягледзячы на тое, што колькасць населеных пунктаў самая вялікая. Падвоз па асобных маршрутах ужо складае больш за 30 хвілін, у школах некаторых райцэнтраў займаецца больш за 70 працэнтаў дзяцей з адпаведных раёнаў. Вырашэнне асобных пытанняў у сувязі з гэтым патрабуе дадатковай дапамогі на рэспубліканскім узроўні.

У сістэме дашкольнай адукацыі найбольш праблемнымі застаюцца пытанні дэфіцыту месцаў ва ўстановах дашкольнай адукацыі гарадскіх мікрараёнаў-новабудоўляў (у 2017 годзе ўведзены ў эксплуатацыю 2 дзіцячыя сады на 400 месцаў у Оршы і Глыбокім) і недахопу кваліфікаваных спецыялістаў (у параўнанні з 2012 годам знізіўся на 47 працэнтаў). Што тычыцца ступені агульнай сярэдняй адукацыі, сёлета прадстаўнікі вобласці заваявалі 70 дыпломаў (як і ў 2016 годзе) на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах і 3 медалі міжнародных алімпіяд, прыкметна палепшыліся вынікі ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару. Ахоп навучэнцаў профільным навучаннем складае 61 працэнт. Штогод павялічваюцца паказчыкі высокага і дастатковага ўзроўню ведаў на выпускных экзаменах.
Асаблівая ўвага ў рэгіёне ўдзяляецца станаўленню кваліфікаванага настаўніка-прафесіянала. Па колькасці высокакваліфікаваных педагагічных работнікаў Віцебшчына традыцыйна займае лідарскія пазіцыі. Сумесная работа органаў кіравання адукацыяй, абласнога інстытута развіцця адукацыі, вучэбна-метадычных кабінетаў па развіцці прафесійнай кампетэнцыі педагогаў дазволілі атрымаць высокі вынік на заключным этапе Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”, на якім вобласць заняла 1-е каманднае месца, а настаўніца Баравухскай сярэдняй школы № 15 Наваполацка Святлана Румянцава стала абсалютнай пераможцай.

Ва ўмовах інавацыйнай эканомікі важным фактарам фарміравання кадравага патэнцыялу рэгіёна і выканання мерапрыемстваў дзяржаўных праграм з’яўляецца паспяховая дзейнасць і карэктная, збалансаваная аптымізацыя ўстаноў прафадукацыі. У вобласці з 2015 года закрыта падрыхтоўка па 87 і адкрыта па 74 кваліфікацыях, вызначаны 16 прыярытэтных напрамкаў, па якіх будуць рыхтавацца кадры, створаны дзейсная сістэма прафарыентацыі, алгарытм арганізацыі дапрафесійнай падрыхтоўкі і прафесійнага навучання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Упершыню за апошнія 6 гадоў сёлета выкананы кантрольныя лічбы прыёму на ўзроўні базавай школы, усе выпускнікі атрымалі накіраванне на работу. За апошнія гады колькасць устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі (з улікам перададзеных з рэспубліканскага падпарадкавання 8 устаноў ССА) з 42 скарацілася да 25. Работа па аптымізацыі будзе працягнута.

Шырокі спектр пытанняў сучаснай адукацыі вынес на абмеркаванне Ігар Карпенка. У прынцыповай і шчырай размове закраналіся праблемы забеспячэння якаснай і даступнай адукацыі, здароўезберагальнага асяроддзя, арганізацыі вучэбнага працэсу, харчавання навучэнцаў і прафілактыкі траўматызму, дапрафесійнай падрыхтоўкі і прафесійнага навучання, кантролю за арганізацыяй адукацыйнага працэсу і работай педагогаў.

— Павышэнню матывацыі моладзі да далейшай працоўнай дзейнасці ў сельскай гаспадарцы можа пасадзейнічаць адкрыццё профільных класаў аграрнай накіраванасці, — звярнуўся да ўдзельнікаў калегіі міністр адукацыі. — Для гэтага неабходна ў школах арганізаваць факультатыўныя заняткі ў 10—11 класах па вучэбнай праграме “Увядзенне ў аграрныя прафесіі”, распрацаванай у адпаведнасці з мэтамі і задачамі развіцця аграпрамысловага комплексу краіны. Зразумела, гэта не адзіны шлях: мы прапануем сістэму паслядоўных дзеянняў у гэтым напрамку, уключаючы змяненні, якія адбудуцца ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Напрыклад, школы атрымаюць па 2 дадатковыя гадзіны для работы з адоранымі дзецьмі, і варта добра ўзважыць, на якія прадметы іх выкарыстаць, — краіне патрэбны інжынеры, тэхнолагі, урачы. Адпаведна, профілі будзем адкрываць пад запыты эканомікі, найбольш запатрабаваныя спецыяльнасці. Неабходна выбудаваць больш цесную сувязь з вышэйшай школай, сельскагаспадарчымі арганізацыямі. Са свайго боку мы разглядаем пытанне аб унясенні ў правілы прыёму на наступны год змяненняў, якія дадуць выпускнікам профільных аграрных класаў пэўныя прэферэнцыі пры паступленні на адпаведныя спецыяльнасці.

Сваім бачаннем перспектыў развіцця прафадукацыі падзяліўся дырэктар Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа Аляксандр Ласякін. Як кіраўнік каледжа, які паспяхова ажыццяўляе падрыхтоўку амаль 1500 навучэнцаў на двух узроўнях прафесійнай адукацыі па 21 спецыяльнасці, і старшыня савета кіраўнікоў устаноў ССА вобласці ён падкрэсліў: будучыня — менавіта за буйнымі ўстановамі, што рэалізуюць праграмы сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. У той жа час, зыходзячы з уласнага вопыту і практыкі калег, Аляксандр Міхайлавіч выказаў пэўныя сумненні ў мэтазгоднасці ўключэння ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў структуру ўстаноў вышэйшай адукацыі. За рэдкім выключэннем, такія аб’яднанні працуюць малаэфектыўна і выклікаюць нараканні з абодвух бакоў — ад складанасцей з афармленнем дакументацыі ў сувязі з вялікай аддаленасцю ўстаноў да ўспрымання ўніверсітэтам свайго структурнага падраздзялення як нязначнага прыдатку: у асобных выпадках кіраўнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі на працягу года і больш не знаходзяць патрэбным наведаць свае каледжы.

Аб стане і эфектыўнасці ўнутранага кантролю за арганізацыяй адукацыйнага працэсу і дзейнасцю педагагічных кадраў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі краіны на аснове планавых праверак Міністэрства адукацыі праінфармавала начальнік галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Святлана Уклейка. Калегія таксама абмеркавала і адобрыла праект пастановы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Аб устанаўленні пераліку дакументаў, абавязковых для вядзення асобнымі педагагічнымі работнікамі, і выключэнні практыкі далучэння педагагічных работнікаў да выканання работ, якія не адносяцца да іх працоўных функцый”. Напрыканцы пасяджэння Ігар Карпенка падзякаваў кіраўніцтву Дубровенскага раёна і Віцебскай вобласці, асабіста намесніку старшыні аблвыканкама Уладзіміру Пеніну за плённае супрацоўніцтва і сур’ёзную падтрымку сістэмы адукацыі, а таксама павіншаваў удзельнікаў калегіі і педагагічную грамадскасць з надыхо-дзячым Новым годам.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.