Павышэнне фінансавай дасведчанасці — сусветны трэнд

- 12:14Інфармацыйная гадзіна

Гэта адзначыў намеснік старшыні праўлення Нацбанка Беларусі Сяргей Дубкоў на сустрэчы з прадстаўніком Міжнароднай арганізацыі фінансаў дзяцей і моладзі (CYFI).

“Пытанні павышэння фінансавай дасведчанасці — сусветны трэнд. Яны зафіксаваны ў дакументах і “Вялікай дваццаткі” (G-20), і “Вялікай васьмёркі”. Гэта як рэакцыя ў адказ на тыя сітуацыі, якія ўзніклі на фінансавым рынку ў 2008—2009 гадах”, — сказаў Сяргей Дубкоў.
Паводле слоў намесніка старшыні Нацбанка, Беларусь своечасова ўключылася ў работу па павышэнні фінансавай дасведчанасці насельніцтва. Яна адной з першых на постсавецкай прасторы і наогул ва Усходняй Еўропе зацвердзіла сістэмныя падыходы ў пытаннях фінансавай дасведчанасці. Нацыянальнай стратэгіяй у гэтым пытанні стаў план сумесных дзеянняў Нацбанка і ўрада, разлічаны да 2018 года.
Пытанні павышэння фінансавай дасведчанасці — не толькі пытанні ўдзельнікаў фінансавага рынку, але і ўсяго грамадства, “паколькі ад разумення і ўмення распараджацца сваімі грашамі залежыць фінансавы дабрабыт і канкрэтнага чалавека, і сям’і, і прадпрыемства, і краіны ў цэлым”, падкрэсліў Сяргей Дубкоў.
Рашэннем урада і Нацбанка створаны Міжведамасны каардынацыйны савет, які адказвае за пытанні фінансавай дасведчанасці. У ім прымаюць удзел прадстаўнікі органаў дзяржкіравання, міжнародных арганізацый, а таксама ўдзельнікі рынку. “У рамках гэтай работы ў Нацбанка пастаянна ўзнікаюць новыя ініцыятывы, мы ўважліва вывучаем вопыт іншых краін”, — адзначыў Сяргей Дубкоў.
“Задача на гэты год — больш глыбокае супрацоўніцтва Нацыянальнага банка і Міністэрства адукацыі, — паведаміў намеснік старшыні Нацбанка. — Сярод сумесных мерапрыемстваў плануецца ўдзел фінансавых работнікаў у адкрытых уроках, падрыхтоўцы вучэбных матэрыялаў, а таксама правядзенні рэспубліканскай алімпіяды”.