Пазнаем гэты свет разам

- 11:51Рознае, Спецыяльная адукацыя

У 2009/2010 навучальным годзе ў сярэдняй школе № 13 Баранавіч адкрыліся першыя ў Брэсцкай вобласці інтэграваныя класы, у якія прыйшлі дзеці з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарату. Але за два гады навучання ў школе асаблівых дзяцей колькасць навучэнцаў ва ўстанове значна знізілася. Бацькі забіралі сваіх здаровых дзяцей са школы, таму што адчувалі страх перад іх навучаннем з асаблівымі равеснікамі. Яны з насцярожанасцю аднесліся да інтэграцыі. Каб пераламаць сітуацыю, педагогі распачалі актыўную асветніцкую работу. Самай папулярнай формай дзейнасці сталі трэнінгі, а іх галоўнымі ўдзельнікамі — бацькі вучняў інтэграваных класаў. У мінулым навучальным годзе ў школе пачаўся рэспубліканскі эксперыментальны праект “Апрабацыя трэнінгавай тэхналогіі работы з бацькамі навучэнцаў І ступені агульнай сярэдняй адукацыі ва ўмовах фарміравання інклюзіўнай адукацыйнай прасторы”.

Пазбавіцца ад бар’ераў

“У бягучым навучальным годзе ў сярэдняй школе № 13 Баранавіч займаюцца 16 навучэнцаў з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарату, 20 — з цяжкасцямі ў навучанні (двое з іх — з аўтызмам, адзін — з парушэннямі аўтыстычнага спектра і адзін — са зніжаным зрокам), — паведаміў дырэктар установы Сяргей Валер’евіч Пузікаў. — Функцыянуюць 5 інтэграваных класаў, а таксама 4 спецыяльныя класы, дзе займаюцца 50 навучэнцаў з цяжкасцямі ў навучанні і інтэлектуальнай недастатковасцю. Такім чынам,19 працэнтаў ад агульнай колькасці навучэнцаў школы — дзеці з асаблівасцямі ў развіцці. Для іх ва ўстанове створана безбар’ернае асяроддзе: абсталяваны пандус, санвузлы для дзяцей-“апорнікаў”, уздоўж сцен у калідорах першага паверха ёсць поручні, шырокія дзвярныя праёмы, зручныя для праезду калясак, усе парогі ў школе спадзістыя.

У інтэграваных класах ёсць спецыяльныя парты і крэслы, якія рэгулююцца, прадугледжаны гульнявыя зоны, куткі для лагапедычных заняткаў, міні-бібліятэкі, куткі рэлаксацыі. У кожным такім класе ёсць камп’ютар. І дзеці, якія з-за сваіх фізічных магчымасцей не могуць пісаць, набіраюць тэкст на камп’ютарах. Класныя пакоі вельмі ўтульныя. Дзеці могуць адпачыць у іх на канапах ці дыванках, паназіраць за акварыумнымі рыбкамі. На першым паверсе школы дзецям, якія перамяшчаюцца на калясках, даступны літаральна ўсе памяшканні. Ёсць ва ўстанове і пад’ёмнік-трэнажор. Плануем набыць яшчэ адзін пад’ёмнік для перамяшчэння дзяцей на другі і трэці паверхі. Для падвозу ў школу аддзел адукацыі, спорту і турызму Баранавіч прадастаўляе асаблівым навучэнцам аўтобус з абсталяваным электрычным пад’ёмнікам”.

Навучэнцы з АПФР з’яўляюцца ўдзельнікамі ўсіх школьных мерапрыемстваў: забаўляльнай праграмы “Восеньскі кірмаш”, канцэрта “Вясёлка талентаў”, конкурсу “Хвіліна славы”, навагодніх свят і дабрачынных канцэртаў. На такіх мерапрыемствах пануе атмасфера дабрыні і ўзаемадапамогі. Дзеці ўражваюць сваёй праніклівасцю і душэўнасцю падчас выканання сумесных са здаровымі школьнікамі танцавальных нумароў, пры дэкламаванні вершаў. Яны перамагаюць на гарадскіх конкурсах дэкаратыўна-прыкладной творчасці і на гарадскім фестывалі “Мы разам”.

Асаблівыя навучэнцы знаходзяцца побач са сваімі здаровымі аднакласнікамі і на прагулках, і падчас спартыўных свят. Нават прымаюць удзел у эстафетах. Якім чынам? Скажам, здаровыя школьнікі спаборнічаюць у хуткасці, бягуць з мячыкам і па ходзе перадаюць яго калясачніку, а той працягвае спаборніцтвы, перадае мяч далей. Усе дзеці такім чынам адчуваюць сваю далучанасць да мерапрыемства.

Што могуць бацькі?

“Наша ўстанова актыўна супрацоўнічае з сектарам інклюзіўнай адукацыі Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, у прыватнасці з прафесарам кафедры педагогікі ўніверсітэта, кандыдатам педагагічных навук, дацэнтам Верай Валер’еўнай Хітрук, якая стала кіраўніком эксперыментальнага праекта, — расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Надзея Пятроўна Кісель. — Сёння гэты праект ажыццяўляе не толькі наша школа, але і сярэднія школы №1 Брэста, № 12 Жлобіна і № 62 Гомеля.

У нашай школе над праектам працуе творчая група з 17 педагогаў. Двое з іх папярэдне прайшлі навучанне ў прадстаўніцтве Міжнароднага дзіцячага фонду ў Рэспубліцы Беларусь і сталі трэнерамі каманды нашай краіны па распаўсюджванні ідэй інклюзіўнай адукацыі (атрымалі адпаведныя сертыфікаты міжнароднага ўзору). Генератарам ідэй па ўключэнні навучэнцаў з АПФР у разнастайныя віды дзейнасці з’яўляецца кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў-дэфектолагаў Таццяна Іванаўна Гаручка. Разам з творчай групай яна назапасіла неабходныя матэрыялы для серыі трэнінгаў і распрацавала іх сцэнарыі”.

Для педагогаў, удзельнікаў праекта, мінулы навучальны год стаў плённым часам набыцця новага вопыту, ідэй і першых поспехаў. Што было асноўным у іх дзейнасці? Уключыць у адукацыйны працэс усіх бацькоў, замацаваць у іх навыкі прыняцця сумесных рашэнняў, актывізаваць правілы работы ў камандзе. За год было праведзена 6 трэнінгаў. Сустрэчы бацькоў з настаўнікамі праходзілі па суботах у рамках шостага школьнага дня. Працягласць кожнага трэнінгу — 4 гадзіны (уключаючы кава-паўзу). Пакуль бацькі займаліся, педагог-арганізатар праводзіў свае заняткі з іх дзецьмі ў гульнявым пакоі.

Падчас трэнінгаў бацькі азнаёміліся з паняццем “інклюзіўная адукацыя”, паразважалі аб перавагах сумеснага навучання дзяцей, прыйшлі да сучаснага разумення праблемы. Заняткі праходзілі на высокім метадычным узроўні з выкарыстаннем інтэрактыўных метадаў. Кожны трэнінг складаўся з трох частак (сесій). У першую абавязкова ўваходзілі тры практыкаванні. Першае — гэта “Прывітанне”. Кожны з бацькоў павінен быў сказаць некалькі слоў пра сябе, прычым зрабіць як мінімум два праўдзівых і адно лжывае выказванне, або намаляваць на паперы свой партрэт і расказаць пра яго. Наступнае практыкаванне — “Чароўныя скрыначкі”. Удзельнікі трэнінгу павінны былі назваць сваю прафесію, хобі і расказаць пра жыццёвыя прынцыпы. Традыцыйна падчас мерапрыемстваў патрабавалася прайсці праз “Паляну чаканняў і апасенняў”. Выконваючы практыкаванне, бацькі расказвалі пра тое, на што спадзяваліся перад трэнінгам, якія сумненні і хваляванні былі ў іх.

Правілы работы ў групе выпрацоўвалі самі бацькі. Але абавязковай іх часткай было наступнае: кожны ўдзельнік трэнінгу прыходзіў на сустрэчу з пазітыўным настроем, з жаданнем працаваць зладжана, гаварыць праўду і чуць адно аднаго.

У другой частцы (сесіі) трэнінгаў дасканала вывучаецца тэма заняткаў (“Стэрэатыпы і дыскрымінацыя ў грамадстве і адукацыі”, “Інклюзіўная адукацыя: што могуць бацькі?”, “Розныя дзеці — розныя людзі”, “Інклюзіўная адукацыя: сутнасць і перавагі”, “Сяброўства дзяцей”, “Інклюзіўная экскурсія: пазнаем гэты свет разам”), праводзяцца міні-лекцыі, праглядаюцца фільмы, выконваюцца групавыя творчыя работы, калажы (напрыклад,“Клас маёй мары”), складаюцца аб’явы (накшталт “Шукаю сябра для майго дзіцяці”).

Падчас трэцяй (заключнай) часткі трэнінгаў бацькі праглядаюць і абмяркоўваюць цікавыя відэаролікі або прымаюць удзел у інсцэніроўках казак. Затым зноў вяртаюцца на “Паляну чаканняў і апасенняў” і аналізуюць сваю работу, расказваюць, што з іх спадзяванняў спраўдзілася. Як правіла, у пачатку трэнінгаў бацькі сумняваюцца ў паспяховасці інклюзіўных працэсаў. Потым усе іх хваляванні знікаюць, таму што яны атрымліваюць адказы на ўсе свае пытанні. У працэсе заняткаў часта выкарыстоўваецца музыка, бацькі спяваюць, складаюць і дэкламуюць вершы і г.д. Настаўнікі прапаноўваюць ім шмат практыкаванняў для псіхалагічнай разгрузкі, а таксама аўтатрэнінг для самастойнага выкарыстання.

“Мяне як намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце хваляваў выхаваўчы момант работы з бацькамі, — адзначыла Надзея Пятроўна. — Я сама была актыўнай удзельніцай трэнінгаў. Часам на вачах бацькоў і настаўнікаў я бачыла слёзы, іншы раз яны ўсе разам весела смяяліся, ляпалі адно аднаго па плячы. Паміж імі былі даверлівыя, сяброўскія адносіны. Асабліва гэта адчувалася падчас трэнінгу “Сяброўства дзяцей”. Усе бацькі гаварылі пра тое, што іх уражваюць людзі, якія пастаянна знаходзяцца побач з дзецьмі-інвалідамі і клапоцяцца пра іх. Бацькі здаровых дзяцей у поўнай меры асэнсавалі, як складана выхоўваць дзяцей з асаблівасцямі. Многія з іх кардынальна перагледзелі свае адносіны да інклюзіі і прыйшлі да высновы, што негатыў у адносінах да дзяцей з асаблівасцямі часцей за ўсё ідзе ад дарослых. А як важна, калі менавіта яны выхоўваюць у сваіх дзецях станоўчае стаўленне да дзяцей-інвалідаў, падкрэсліваюць, што кожны з іх унікальны і непаўторны, і вучаць такім чынам сваіх дзяцей дабрыні і чалавечнасці.

Мяне парадавала размова з бацькамі аб іх жыццёвых прынцыпах. Усе сышліся ў наступным: трэба рабіць добрыя справы, не здавацца перад цяжкасцямі, заўсёды рухацца наперад, жыць без смутку і імкнуцца да новага, радавацца жыццю і жыць з думкай: усё, што ні робіцца, да лепшага.

Вывучаючы тэму інклюзіўнай прасторы, дарослыя актыўна ўключыліся ў творчую работу па стварэнні рэкламы для яе. Слова “інклюзія”, напрыклад, было раскладзена па літарах, і кожная з іх стала пачаткам новага слова. Вось яны: інтарэс, новае, камунікабельнасць, цікаўнасць (любознательность), юнацтва, клапатлівасць (заботливость), інтэлект і “я” — як асоба дзіцяці. Да таго ж бацькі прыдумалі заклік “Мы прымаем інклюзію. А ты?”.

У наступнай рэкламе, якую, лічу, можна ўключыць у буклет аб перавагах навучання ў нашай школе, установа прадстаўлена як частка інклюзіўнай прасторы. Цытую: “Школа — гэта дом для нас і нашых дзяцей. Інклюзія робіць нашы магчымасці бязмежнымі. Пра асаблівых дзяцей кажуць, што яны маюць абмежаваныя магчымасці. Мы перакрэсліваем словазлучэнне “абмежаваныя магчымасці”, таму што ў нашай школе пануе дабрыня, цеплыня, любоў, сяброўства, радасць і ўсе дзеці маюць магчымасць праявіць свае здольнасці. Інклюзіўная адукацыя — гэта той пазл у сістэме адукацыі, дзякуючы якому можна выхаваць сапраўднага чалавека”.

З марай аб тым, што карабель адплывеў адкрытае мора…

Прайшоў год работы па эксперыментальным праекце. Першыя вынікі вельмі добрыя. Але ёсць над чым і папрацаваць. Аднойчы падчас гульні “Мора”, якая праводзілася як рэфлексія на трэнінгах, бацькам прапанавалі зрабіць папяровыя караблі і адправіцца ў вандроўку. Чатыры караблі не выйшлі з порта, бо ў бацькоў былі свае апасенні (яны недастаткова ведалі аб інклюзіі), восем караблёў адплылі на невялікую адлегласць (пэўныя веды ў іх былі), і пяць караблёў адплылі вельмі далёка (яны маглі нават падзяліцца сваімі меркаваннямі). Але ўсё ж у адкрытае мора не адплыло ні адно судна. Гэта сведчыць пра тое, што бацькі пакуль не валодаюць дасканалымі ведамі па інклюзіўнай адукацыі.

У ходзе рэалізацыі праекта педагогі збіраюць разнастайны інфармацыйна-аналітычны матэрыял, які перадаецца ў сектар інклюзіўнай адукацыі Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта з мэтай далейшага ўдасканалення сумеснай работы па гэтым кірунку. Сістэматызуюцца не толькі дасягненні, аналізуюцца і цяжкасці, якія ўзнікаюць у ходзе работы. Бацькоў, напрыклад, заўсёды складана запрасіць да адкрытага дыялогу. Многія баяцца выказваць свой пункт гледжання, адчуваюць сябе няўпэўнена і больш схільны да выканання практычных практыкаванняў, напрыклад, нешта намаляваць ці прыклеіць. Ім не хочацца раскрываць свае эмацыянальныя адносіны да праблемы. Поспех трэнінгаў, зразумела, залежыць ад майстэрства настаўнікаў, якія кіруюць працэсам, ад таго, наколькі глыбока яны самі вывучылі праблему, ці могуць даступна данесці інфармацыю да слухачоў і адказаць на мудрагелістыя пытанні. Хочацца адзначыць, што пры падрыхтоўцы трэнінгаў педагогі гаварылі і аб недахопе матэрыялаў па тэме інклюзіўнай адукацыі.

“На працягу мінулага навучальнага года мы дзяліліся інфармацыяй і ўражаннямі з калегамі аб тым, як у нашай школе рэалізоўваецца эксперыментальны праект, — адзначыла Надзея Пятроўна. — Так, дырэктар школы Сяргей Валер’евіч Пузікаў выступаў на семінарах перад начальнікамі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму Брэсцкай вобласці, перад кіраўнікамі ўстаноў спецыяльнай адукацыі вобласці, на майскай гарадской педагагічнай канферэнцыі работнікаў адукацыі. Наша настаўніца пачатковых класаў Кацярына Іванаўна Булыга дзялілася вопытам работы на I Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, якая праходзіла ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце, а таксама ў школе педагагічнага майстэрства для намеснікаў дырэктараў па вучэбнай рабоце на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

Нядаўна да нас звярнуліся з просьбай правесці майстар-клас па тэме інклюзіі педагогі сярэдняй школы № 12 Жлобіна. Запланаваны таксама семінар для дырэктараў школ Баранавіч, дзе мы будзем расказваць аб рэалізацыі праекта ў нашай установе. З верасня 2016 года на базе школы ўпершыню адкрыецца філіял кафедры педагогікі БарДУ, а значыць, у нас будуць весціся навуковыя даследаванні і працягвацца педагагічныя эксперыменты. Супрацоўнікі ўніверсітэта плануюць запрашаць настаўнікаў — удзельнікаў праекта ў якасці кансультантаў-практыкаў на свае лекцыі і семінары, што будуць праводзіцца ва ўстанове”.

***

Гартаючы дзённікі назіранняў і справаздачы педагогаў, прачытала водзыў адной маці. Яна напісала, што пасля трэнінгаў стала па-іншаму ўспрымаць людзей з асаблівасцямі ў развіцці. Раней адчувала толькі боль і жаль у адносінах да іх, а зараз бачыць у іх звычайных людзей, роўных сабе. Некаторыя бацькі выказалі меркаванне, што такія трэнінгі неабходна праводзіць не толькі ў школах, але і ў дзіцячых садах, і на прадпрыемствах, каб наша грамадства адэкватна прымала дзяцей, якія маюць асаблівыя адукацыйныя патрэбы.

Эксперымент працягваецца. Спадзяёмся, што работа па яго ажыццяўленні прынясе свой плён і ў далейшым. І карабель, на якім ёсць месца для кожнага чалавека, незалежна ад яго асаблівасцей, нарэшце адплыве ў адкрытае мора.

Надзея ЦЕРАХАВА.