Педагагічная алімпіяда

- 10:53Адукацыйная прастора

Падтрымаць прафесійнае самавызначэнне навучэнцаў дапамагла “Педагагіяда”, якую арганізавалі ў Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Удзельнікамі яе сталі школьнікі, якія вучацца ў педагагічных класах ці наведваюць факультатыў “Увядзенне ў педагагічную прафесію”, і іх настаўнікі.

— Да ўдзелу ў гэтым мерапрыемстве запрасілі навучэнцаў 10 класаў і іх настаўнікаў, — расказвае рэктар ГрАІРА Святлана Сяргейка. — Школьнікі ўдзельнічалі ў навуковай алімпіядзе па педагогіцы, а для настаўнікаў была арганізавана педагагічная акадэмія. Выкладчыкі інстытута арганізавалі круглы стол “Праектаванне ў дзейнасці педагога”, правялі практычныя заняткі “Мой прафесійны выбар” і “Развіццё здольнасцей да вырашэння канфліктаў”.

Навучэнцы ж у гэты час праходзілі чатыры выпрабаванні алімпіяды. Першым было прадстаўленне дамашняга задання. Удзельнікам трэба было прадэманстраваць візітку “Педагог вачыма вучня” і эсэ “Я — у прафесіі педагога”. Так, Ірына Краскоўская з сярэдняй школы № 1 Карэліч расказала аб тым, што паспрабавала ўжо сябе ў ролі настаўніцы (падчас дня школьнага самакіравання выкладала ў 2 класе), а Лізавета Піваварчык са свіслацкай сярэдняй школы № 3 прадставіла вобраз сучаснага педагога і падкрэсліла, што дзяцей павінен вучыць не камп’ютар, а настаўнік, а камп’ютар — гэта толькі адзін са сродкаў навучання.

Потым было тэсціраванне “Педагагічная дыягностыка прафесійнага станаўлення”, мадэляванне і аналіз педагагічнай сітуацыі. Завяршаючым заданнем стала творчае выступленне, прысвечанае Дню ведаў.

Па выніках усіх этапаў былі вызначаны пераможцы — навучэнка сярэдняй школы № 5 Мастоў Лізавета Ламека і навучэнка сярэдняй школы № 3 Свіслачы Лізавета Піваварчык. На другім месцы — Дзіяна Кірбай з гімназіі № 5 Гродна і Валерыя Раманчук з сярэдняй школы № 12 Гродна. Навучэнкі гродзенскай школы № 38 Лізавета Барташэвіч і карэліцкай школы № 1 Ірына Краскоўская паказалі трэці вынік.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.