Педагагічная майстэрня. Метадычныя лайфхакі ад настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства Святланы Дземідовіч

- 12:18Образование, Портфолио

Праз эмоцыі мы спазнаём свет. Жывыя, яркія, эмацыянальныя ўрокі настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства Уздзенскай раённай гімназіі Святланы Дземідовіч, ініцыятыўнай, крэатыўнай, здольнай зарадзіць сваёй энергетыкай іншых, дазваляюць навучэнцам адчуваць радасць, спазнаваць новае, атрымліваць каштоўны сацыяльны вопыт. Пра бонусы настаўніцкай прафесіі і пра тое, як педагогу ўдаецца зацікавіць навучэнцаў сваімі прадметамі, Святлана Мікалаеўна расказала чытачам “Настаўніцкай газеты”.

Пра жыццёвы выбар

— Стаж маёй педагагічнай дзейнасці складае 38 гадоў. На выбар прафесіі аказалі ўплыў два фактары: захопленасць кнігамі і фільмамі на гістарычную тэматыку і, як вынік, любоў да прадмета і адносіны да настаўніка. Мая настаўніца гісторыі стала для мяне кумірам: інтэлігентная, цікавая ў зносінах, яна ўмела захапіць, заціка­віць, калі трэба — падказаць, дапамагчы. Я з нецярпеннем чакала яе ўрокаў, грунтоўна рыхтавалася і сур’ёзна захаплялася гісторыяй. У старшых класах з’явілася грамадазнаўчая дысцыпліна і я зразумела, што гэтыя навукі трывала ўвайшлі ў маё жыццё. Я вельмі камунікатыўны чалавек, люб­лю ўзаемадзейнічаць, працаваць у камандзе, у мяне заўсёды шмат ідэй і прапаноў. Так з’явілася ўсведамленне, што прафесія маёй мары — гэта настаўнік (скончыла БДУ па спецыяльнасці “Выкладчык са­цыяльна-палітычных дысцыплін”). Менавіта ў ёй я магу праявіць свае лепшыя якасці. Мой жыццёвы прынцып сугучны залатому правілу маралі: стаўся да людзей так, як хочаш, каб яны ставіліся да цябе. Лічу, што кожны чалавек, незалежна ад узросту, мае права на павагу і разуменне.

Пра плюсы работы

— Настаўніка заўсёды акружаюць дзеці, а значыць, радасць, смех, беганіна, здароўе. Працуючы ў такой абстаноўцы, сам зараджаешся пазітывам і заўсёды адчуваеш сябе маладым. Работа настаўніка вельмі цікавая, і кожны дзень не падобны на папярэдні: настаўніка ўвесь час чака­юць новыя “здарэнні”, новыя клопаты, новыя справы. Камусьці гэта можа здацца невыносным: сёння ты праводзіш семінар, заўтра арганізоўваеш свята і рэпеціруеш сцэнкі, паслязаўтра ідзеш з дзецьмі ў паход, а на чацвёрты дзень праводзіш бацькоўскі сход. Але мне гэта даспадобы. Работа ў школе дае магчымасць праявіць свае таленты, здольнасці і крэатыўна падыходзіць да кожнай справы.

Пра прынцыпы дзейнасці

— Галоўны прынцып маёй педагагічнай дзейнасці — гэта супрацоўніцтва і гуманізацыя міжасобасных узаемаадносін з навучэнцамі. Падчас вучэбнага пра­цэсу імкнуся адносіцца да дзяцей з поўным даверам, мы знахо­дзімся з імі на роўных. Я заўсёды ім гавару: ніколі не бойцеся выказаць сваю думку, любое меркаванне мае права на існаванне. Праўда, гэта павінна быць аргументаваная пазіцыя. Няхай яна будзе суб’ектыўнай, але вы яе даказалі і прадэманстравалі, што ўмееце аналізаваць, крытычна ўспры­маць тую ці іншую інфармацыю. Выступаю для навучэнцаў у якасці крыніцы разнастайнага вопыту, з’яўляюся для іх тым, да каго заўсёды можна звярнуцца па дапамогу, сутыкнуўшыся з цяжкасцямі ў вырашэнні той ці іншай задачы. Заўсёды зыходжу з таго, што ў навучэнцаў ёсць унутраная матывацыя да навучання, але яе неабходна пастаянна падсілкоўваць і развіваць. Важнае значэнне мае і прынцып свабоды выбару і адкрытасці: не толькі даваць веды, але яшчэ і паказ­ваць іх межы, сутыкаць вучня з праблемамі, рашэнні якіх ля­жаць за межамі курса, які вывучаецца. Вучні самастойна вызначаюць міні-групы, самі размяркоўваюць пытанні згодна са сваімі магчымасцямі. Прытрымліваюся таксама прынцыпу дзейнасці і зваротнай сувязі: арганізоўваю засваенне вучнямі вучэбнага матэрыялу пераважна ў форме самастойнай дзейнасці і рэгулярна кантралюю пра­цэс навучання, выкарыстоўваючы сістэму прыёмаў зваротнай сувязі. І, як бы гэта высакамоўна ні гучала, адзін з прынцыпаў маёй дзей­насці — прынцып ідэальнасці, гэта значыць высокага КПД: максімальна выкарыстоўваць магчымасці, веды, інтарэсы навучэнцаў з мэтай павышэння выніковасці вучэбнай дзейнасці.

Пра дасканалы ўрок

— Каб урок прыносіў задавальненне і настаўніку, і вучням, ён павінен быць эфект­ным і эфектыўным, а таксама быць цікавым і прыносіць максімальную ка­рысць для інтэ­лектуальнага развіцця вучняў.

Сёння паспяховасць выпускніка школы залежыць не толькі і не столькі ад сумы набытых ведаў, колькі ад умення знахо­дзіць аптымальныя спосабы вырашэння праб­лем, якія ўзнікаюць, арыентавацца ў патоку сацыяльнай інфармацыі, валодаць камунікатыўнай культурай і быць кантактным у розных грамадскіх групах, умець мысліць і быць сацыяльна актыўным. Зыходзячы з гэтага, я вызначыла два складнікі вырашэння гэтай задачы. Па-першае, склала формулу паспяховасці навучэнца, дзе прапісала дамінуючыя кампетэнцыі выпускніка (яны пачынаюцца словамі “вывучаць”, “шу­каць”, “думаць”, “супрацоўні­чаць”, “адаптавацца”, “прымацца за справу”). Па-другое, вызначыла тры складнікі паспяховага ўрока: форма правядзення, прыёмы і метады навучання, тыпы заданняў.

Мае ўрокі ў большасці сваёй накіраваны на самастойную работу навучэнцаў (яна займае каля 90% вучэбнага часу). А настаўнік як цьютар, трэнер, памочнік накіроўвае дзяцей у патрэбнае рэчышча.

Святлана Дземідовіч — настаўнік-метадыст, паспяхова рыхтуе навучэнцаў да рэспубліканскіх алімпіяд па гісторыі і грамадазнаўстве, чытае лекцыі, праводзіць семінары і майстар-класы для калег у Мінскім абласным ІРА, з’яўляецца рэцэнзентам вучэбнай літаратуры для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, аўтарам дапаможніка для настаўнікаў “Педагагічныя ўмовы рэалізацыі стратэгіі інтэрактыўнага навучання”.

Пра методыку навучання

— Усё цячэ, усё мяняецца вельмі хутка. Каб ісці ў нагу з часам, імкнуся спраба­ваць усё цікавае. Планую сваю педагагічную дзейнасць і вучэбна-пазнавальную дзей­насць навучэнцаў з улікам іх узроставых і асобасных здольнасцей. Для развіцця прадметных і метапрадметных кампетэнцый навучэнцаў выкарыстоўваю інтэрактыўныя метады і прыёмы навучання. Іх можна падзяліць на два віды: метады, накіраваныя на пераўтварэнне вопыту навучэнцаў па тэме, што абмяркоўваецца, і яго карэкціроўку з культурным вопытам, і метады, у якіх набываецца канкрэтны вопыт падчас прымянення самога метаду, а потым адбываецца яго аналіз. Большасць гэтых метадаў і прыёмаў універсальныя, яны могуць прымяняцца пры рабоце з любой тэматыкай (інфаграфіка, мазгавы штурм і інш.). Напрыклад, прыём “Сторытэлінг” (у перакладзе з англійскай — расказванне гісторый, працэс пабудовы, прыклады, парады поспеху) выкарыстоўваецца для таго, каб зацікавіць і ўтрымаць увагу навучэнцаў на ўроку. Альбо прыём “Кросенс” прымяняецца на этапе праверкі дамашняга задання: з яго дапамогай навучэнцы могуць раска­заць пра матэрыял мінулага ўрока (ён выконвае функцыю апорнай вобразнай схемы). Кросенс дапамагае вызначыць тэму ўрока і сфармуляваць яго мэты праз сувязі паміж малюнкамі, а таксама знайсці ключавое паняцце. Пры раскрыцці інфармацыйнага блока тэмы кросенс адлюстроўвае віды, прычыны, рысы, наступствы чаго-небудзь у вобразах і сімвалах. Пры замацаванні і абагульненні матэрыялу кросенс можа складацца з малюнкаў, якія з’яўляліся падчас урока на розных яго этапах, вучні на іх аснове абагульняюць матэрыял. Складанне кросенса можа быць зададзена ў якасці творчага дамашняга задання.

На практыцы актыўна выкарыстоўваю інфармацыйна-камунікацыйныя, гульнявыя тэхналогіі, праектнае навучанне. Аддаю перавагу візуалізацыі, праблемнаму навучанню, эфектыўнай з’яўляецца і кейс-тэхналогія.

Пра інтарэсы і захапленні

— Прафесія педагога — гэта лад жыцця, яна з табой заўсёды. У вольны час люблю чытаць. Любімыя пісьменнікі — Харукі Муракамі і Валянцін Пікуль. Захапляюся філасофскім і гістарычным жанрамі. Люблю падарожнічаць, знаёміцца з новымі людзьмі.

Пра перспектывы

— У планах — стварэнне і напаўненне сайта, на якім хачу дзяліцца вопытам з калегамі (калі ёсць зваротная сувязь, узнікае жаданне працаваць далей), а таксама стварэнне інтэрактыўнага каталога практыкаванняў і заданняў па гісторыі і грамадазнаўстве.

Метадычныя лайфхакі

 На думку Святланы Дземідовіч, гісторыя і грамадазнаўства — самыя сацыялізаваныя прадметы, якія вучаць жыццю, фарміруюць асобу, даюць магчымасць развіць тыя якасці, якія дапамагаюць чалавеку існаваць у грамадстве. Дзеці павінны пражыць тую ці іншую праблемную сітуацыю, прапусціць яе праз сябе, паспрабаваць вырашыць.

На ўроку па тэме “Вырашэнне міжасобасных супярэчнасцей” настаўніца прапаноўвае навучэнцам кейс з заданнямі, які складаецца з трох блокаў.

І блок. Прачытайце апавяданне І.А.Буніна “Лічбы”. (Навучэнцам даецца інфармацыйная даведка пра гісторыю стварэння твора, год публікацыі.)

Старшакласнікам прапаноўваецца адказаць на пытанні:

— У чым сутнасць аўтарскай пазіцыі? (Ідэі і праблемы, узнятыя аўтарам.)

— Ці ёсць адрозненні ва ўспрыняцці свету дзіцем і дарослым? Калі так, то ў чым гэта праяўляецца?

— Вашы адносіны да канф­ліктнай сітуацыі (сфармуляваць уласную пазіцыю).

Далей праводзіцца мазгавы штурм па пытанні “Урэгуляванне канфлікту магчыма заўсёды?” і выслухоўваюцца прапановы вучняў па правілах канструктыўных зносін.

ІІ блок. Дадзена сітуацыя: “Работа менеджара складаная і напружаная. Фізічныя і псіхаэма­цыянальныя перагрузкі правакуюць стрэс, што цягне за сабой зніжэнне працаздольнасці, апатыю, павышаную раздражняльнасць і часта правакуе канфлікты з калегамі. Прычыны стрэсу: вельмі вялікі аб’ём работы, адчуванне, што вас недаацэньваюць; топ-менеджар — аўтарытарны кіраўнік”.

Заданне: прапануйце шляхі вырашэння гэтай праблемы.

ІІІ блок. Разгледзьце карцінкі (вучням прапаноўваюцца карцінкі з выявамі жывёл і апісваюцца варыянты і стылі паво­дзін у канфлікце: медзведзяня — прыс­тасавальніцтва, уступчывасць; чарапаха — пазбяганне, ухіленне; ліса — кампраміс; сава — супрацоўніцтва; акула — дамінаванне, спаборніцтва, канкурэнцыя).

Заданні:

  1. Патлумачце выбар стратэгіі паводзін у канфліктнай сітуа­цыі і паразважайце, ад чаго ён залежыць.
  2. Знайдзіце карціны рускіх і замежных мастакоў на тэму “Канф­лікт” і пракаменціруйце па наступным плане: канфліктуючыя бакі, спрэчнае пытанне, прычына ўзнікнення канфлікту, стратэгіі і метады яго вырашэння, наступствы канфлікту.

Падчас вывучэння тэмы “Асновы працоўнага права” адзінаццацікласнікам Святлана Мікалаеўна прапаноўвае ролевую гульню. Клас дзеліцца на міні-групы па некалькі чалавек: малады спецыяліст, работадавец, стыліст, бацькі, сябры, псіхолаг. Вынікам гульні павінна стаць працаўладкаванне маладога спецыяліста.

Спачатку праводзіцца сац­апытанне “Самая патрэбная прафесія”. Калі прафесія вызначана, групы атрымліваюць заданні: маладому спецыялісту — падрыхтавацца да субяседавання, работадаўцу — падрыхтавацца да сустрэчы і гутаркі з маладым спецыялістам. Астатнія групы фармулююць парады маладому спецыялісту (стылісты — па знешнім выглядзе; бацькі — што расказаць пра сябе і як адказваць на пытанні; сябры — якія якасці прадэманстраваць; псіхолаг — як стварыць уражанне ўпэўненага ў сабе чалавека). Пасля парад маладому спецыялісту пачынаецца гульня “Субяседаванне”. Усе групы, акрамя маладога спецыя­ліста і работадаўца, становяцца назіральнікамі. Субяседаванне праводзіцца ў форме дыялогу: работадавец задае пытанні, а малады спецыяліст на іх адказвае. Пасля заканчэння субяседавання праводзіцца рэфлексія (прыём “Адкрыты мікрафон”). Кожны жадаючы можа выказацца наконт таго, наколькі былі ўлічаны парады, што ўдалося, а што не атрымалася.

“Выкарыстанне сучасных тэхналогій, інтэрактыўных метадаў і прыёмаў навучання не толькі забяспечвае назапашванне ведаў, уменняў і навыкаў, спосабаў дзейнасці і камунікацыі, але і з’яўляецца важным сродкам уключэння ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу ў асэнсаваную індывідуальную і калектыўную дзейнасць для назапашвання сацыяльнага вопыту, фарміравання ў іх прадметных і асобасных кампетэнцый”, — адзначае Святлана Дземідовіч.

Прынцып свабоды выбару рэалізоўваецца на прыкладзе выкарыстання прыёму “Лайф­хак” (лайфхак — хітрык ці карысная парада, якая дапамагае эфектыўна вырашыць тую ці іншую праблему). Так, у 11 класе па тэме “Беларуская мадэль сацыяльна-эканамічнага развіцця і яе рэалізацыя ва ўмовах дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь” навучэнцам даюцца заданні на выбар: распрацаваць рэкамендацыі “Вядзіце канспекты правільна” (лікбез); скласці карту памяці тэрмінаў, якія характарызуюць сацыяльна-эканамічнае развіццё нашай краіны (фотаконкурс); прапанаваць ідэю арыгінальнай шпаргалкі па тэме; падрыхтаваць гексы для гульні ў гістарычную мазаіку “Эканамічная інтэграцыя Рэспублікі Беларусь з Расіяй і краінамі СНД”.

Настаўнік — не проста прафесія, а частка жыцця кожнага чалавека. І гэтая частка павінна быць самай лепшай. Таму маё педагагічнае крэда — тварыць, спрабаваць, шукаць і развівацца.

Падабаецца навучэнцам С.М.Дземідовіч і прыём “Кошык ідэй”. Напрыклад, у 10 класе падчас вывучэння тэмы “Адукацыя” навучэнцам прапаноўваецца ідэнтыфікаваць сябе з пэўнай сацыяльнай роллю, прафесіяй і завяршыць фразу “Калі б я быў…, то…”. На гэта адводзіцца 5 мінут (кожны працуе індывідуальна).

Вучням неабходна адказаць на пытанні: 1. Наколькі важная гэтая прафесія ў сучасным грамадстве? 2. Ці ёсць у гэтай прафесіі будучыня? 3. Што ў ёй вас прываблівае, а што адштурхоўвае? 4. Якія ўменні і навыкі неабходны для авалодання гэтай прафесіяй? 5. Ці атаясамліваеце вы сябе з наз­ванай прафесіяй?

Пасля выступлення ўсіх можна зрабіць выснову, выканаўшы заданне: скласці спіс прафесій будучыні па ступені важнасці, прыцягальнасці і матэрыяльным складніку.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара