Педагагічная сям’я

- 9:16Людзі адукацыі

Яны пазнаёміліся ў кабінеце дырэктара сярэдняй школы № 24 Брэста, куды былі накіраваны па размеркаванні пасля заканчэння БрДУ імя А.С.Пушкіна. Праз 4 гады пажаніліся. За 17 гадоў педагагічнай дзейнасці ніводны з іх не расчараваўся ў выбранай прафесіі.

— Стаць педагогам марыла з дзяцінства, — расказвае настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Мікалаеўна Ткачык. — Ужо ў 4 класе адчувала ўстойлівае жаданне працаваць менавіта настаўніцай роднай мовы. На гэта паўплываў не столькі беларускамоўны статус Альшанскай сярэдняй школы Столінскага раёна, дзе я вучылася, колькі педагог Марыя Сцяпанаўна Быба, якая цікава выкладала прадмет, чытала на памяць шмат вершаў, цудоўна спявала. У школе я актыўна наведвала розныя факультатывы, удзельнічала ў творчых мерапрыемствах. Не бачыла сябе нікім, акрамя як настаўніцай. І сёння бачу сябе толькі ёй. Гэтая прафесія прыносіць вялікую радасць і задавальненне, асабліва ад добрых і наіўных вачэй дзяцей, якія глядзяць на цябе з любоўю і павагай.

Н.М.Ткачык працуе над тым, каб стварыць належныя ўмовы для развіцця і выхавання высокадухоўнай і інтэлектуальна развітой асобы вучня, падрыхтаванай да стваральнай працоўнай дзейнасці і самарэалізацыі, з трывалым запасам практычных ведаў і даследчымі ўменнямі. З гэтай мэтай Наталля Мікалаеўна звяртаецца да розных педагагічных тэхналогій, але перавагу аддае ўсё ж традыцыйнаму ўроку. У сваёй дзейнасці педагог выкарыстоўвае элементы камп’ютарных, здароўезберагальных, гульнявых і тэставых тэхналогій. Не абыходзіць увагай тэхналогіі даследчай дзейнасці вучняў, развіцця крытычнага мыслення праз чытанне і пісьмо, французскіх майстэрань, навучання ў супрацоўніцтве, адкрыцця ведаў, праблемнага навучання. Настаўніца любіць праводзіць урокі-падарожжы, урокі-экскурсіі, урокі-гульні, урокі-святы і ўрокі-сустрэчы.

— Для інтэнсіфікацыі і аптымізацыі адукацыйнага працэсу складаю правілы ў схемах, разумныя карткі, рознаўзроўневыя трэніровачныя практыкаванні і кластары да некаторых тэм па літаратуры, — гаворыць Наталля Мікалаеўна. — Лічу, што правіла, пададзенае ў схеме, больш лаканічнае і прасцей запамінаецца. Да тэм, якія вывучаюцца цяжэй, складаю разумныя карткі, якія дапамагаюць дзецям лепш засвоіць вучэбны матэрыял, дазваляюць хутка паўтарыць тэорыю пры падрыхтоўцы да ўрокаў ці кантрольных работ, а таксама абагульніць і сістэматызаваць матэрыял пры падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання. Шырока выкарыстоўваю графічны прыём сістэматызацыі матэрыялу “Кластар”, асабліва пры рабоце над характарыстыкай вобразаў літаратурных твораў ці пры вывучэнні аглядных тэм. Кластары могуць быць простымі, а могуць быць больш складанымі і падрабязнымі (у залежнасці ад узросту дзяцей). На ўроках літаратуры часта звяртаюся да такога прыёму, як “Сінквейн”, які дапамагае працаваць з тэкстам у цэлым (на ўзроўні ідэі і праблематыкі). Гэтыя прыёмы дазваляюць не толькі пазбегнуць адназначнага тлумачэння падзей, учынкаў і характараў герояў, але і вучаць дзяцей паважаць чужое меркаванне.

Для задавальнення пазнавальнай матывацыі вучняў і развіцця іх творчых здольнасцей Н.М.Ткачык выкарыстоўвае элементы гульнявой (“Чацвёрты лішні”, “Карэктар”) і інфармацыйна-камунікацыйнай (рознаўзроўневыя тэсты і прэзентацыі) тэхналогій.

— Задача настаўніка — зрабіць паспяховым кожнае дзіця, — упэўнена Наталля Мікалаеўна. — Для гэтага імкнуся падтрымліваць на высокім узроўні творчую і пазнавальную актыўнасць вучняў, выяўляць і развіваць іх творчыя і рэфлексіўныя здольнасці, прычым не толькі на ўроках, але і ў пазакласнай дзейнасці. Працую над тым, каб дзеці ўмелі самі ацаніць вынікі ўласнай работы, спланаваць яе, самаарганізавацца, правесці самааналіз ведаў, самакантроль і самакарэкцыю.

Вялікую ўвагу Н.М.Ткачык удзяляе павышэнню матывацыі школьнікаў да вывучэння роднай мовы і культуры, найперш праз краязнаўства. Пад кіраўніцтвам педагога дзеці збіраюць этнаграфічныя матэрыялы і фальклорныя творы, якія выкарыстоўваюцца на ўроках і ў пазакласнай рабоце. Вучні Наталлі Мікалаеўны актыўна ўдзельнічаюць у творчых конкурсах, навукова-практычных канферэнцыях, алімпіядах, віктарынах, акцыях, тэматычных тыднях, экскурсіях, сустрэчах з пісьменнікамі, культурных мерапрыемствах і тэатральных інсцэніроўках. Важна, што да гэтай работы далучаюцца і бацькі вучняў. У бягучым навучальным годзе Н.М.Ткачык уваходзіць у склад групы па рэалізацыі праекта “Укараненне мадэлі рэфлексіўнай дыягностыкі прафесійнай дзейнасці як сродку праектавання індывідуальнай адукацыйнай траекторыі педагога”.

— Каб павысіць матывацыю дзяцей да чытання, расказваю ім у цікавай форме пачатак мастацкага твора, узятага не са школьнай праграмы, — дзеліцца сакрэтам педагог. — Творы падбіраю такім чынам, каб яны мелі выразны выхаваўчы эфект, абапіраліся на краязнаўчы матэрыял, творчасць мясцовых аўтараў, былі на падлеткавую тэматыку.

Н.М.Ткачык лічыць, што педагог павінен быць чалавечным. З такім настаўнікам дзеці могуць смела абмяркоўваць любыя праблемы. Перад такім педагогам вучні не адчуваюць страху.

— Калі сам зацікаўлена і захоплена адносішся да работы, то і вучні будуць гэтак жа зацікаўлена і захоплена вывучаць твой прадмет, — упэўнена Наталля Мікалаеўна.

У адрозненне ад жонкі, Анатолю Васільевічу ў школе вельмі падабаліся матэматыка і фізіка. Ён любіў рашаць закавырыстыя задачы, праводзіць лабараторныя доследы, удзельнічаць у алімпіядах. Настаўніца матэматыкі Валянціна Іванаўна Гарбачык і настаўніца фізікі Алена Васільеўна Лубнік з Опальскай сярэдняй школы Іванаўскага раёна падтрымлівалі цікавасць вучня да сваіх прадметаў і ўсяляк стымулявалі яго да далейшага атрымання ведаў. А.В.Ткачык прызнаецца, што яму, сённяшняму настаўніку фізікі і астраноміі са ступенню бакалаўра, заўсёды падабалася вучыцца. Хаця ён спачатку планаваў звязаць прафесійную дзейнасць з навукай, ніколі не шкадаваў, што затрымаўся ў школе.

— Займаюся тым, што вельмі падабаецца, — гаворыць Анатоль Васільевіч. — Больш за ўсё люблю даваць новыя веды дзецям і бачыць у іх вынікі сваёй дзейнасці. З вучнямі профільных і няпрофільных класаў выкарыстоўваю розныя формы і метады работы. Калі сямі-, васьмікласнікаў матывую да вывучэння прадмета праз доследы і эксперыменты, то старшакласнікаў — праз практычнае прымяненне фізічных ведаў і прафарыентацыю. У бягучым навучальным годзе працую над тэмай па самаадукацыі “Актывізацыя мысліцельнай дзейнасці вучняў”. У рабоце абапіраюся на ўласны вопыт і дасягненні сучаснай педагогікі. На ўроках выкарыстоўваю розныя дыдактычныя матэрыялы, тэсты, табліцы, дэманстрацыі, лабараторныя доследы і камп’ютарныя тэхналогіі. Абавязкова ўлічваю індывідуальныя асаблівасці дзяцей. Павышаную ўвагу ўдзяляю слабапаспяховым вучням. На дадатковых занятках рыхтую дзяцей да прадметных алімпіяд і цэнтралізаванага тэсціравання. Прапаноўваю навучэнцам дамашнія творчыя і эксперыментальныя заданні. Дзеці актыўна рыхтуюць тэматычныя рэфераты і даклады, прысвечаныя практычнаму выкарыстанню набытых ведаў. Вучні выпускаюць школьную насценгазету па фізіцы і астраноміі.

На думку А.В.Ткачыка, педагог павінен быць адначасова патрабавальным і разумеючым. Анатоль Васільевіч любіць дысцыпліну, але лічыць, што і без жарту на ўроку не абысціся.

— Самы лепшы ўрок — традыцыйны, дапоўнены элементамі розных тэхналогій, — падкрэсліваюць педагогі. — А тое, што ў сям’і муж і жонка з’яўляюцца настаўнікамі, дапамагае большаму ўзаемаразуменню і большай узаемападтрымцы.

Сціплая, працавітая, актыўная, неабыякавая, творчая… Такая яна, дружная педагагічная сям’я Ткачык.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.