Педагагічны наватар

Міжнародным бібліяграфічным цэнтрам (Кембрыдж, Англія) доктар педагагічных навук, прафесар, загадчык кафедры педагогікі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Іван Іванавіч Цыркун уключаны ў спіс выбітных вучоных XX стагоддзя.

Сёлета Іван Іванавіч разам з калегамі і студэнтамі святкуе 100-годдзе нараджэння галоўнай педагагічнай ВНУ Беларусі, а праз тры гады ў прафесара будзе асабісты 50-гадовы юбілей з установай. Спачатку педагагічны інстытут імя А.М.Горкага прыняў Івана Іванавіча ў якасці студэнта фізічнага факультэта, а затым як аспіранта, асістэнта, старшага выкладчыка, дацэнта, загадчыка кафедры, прарэктара па навуковай рабоце. Апошнія 15 гадоў І.І.Цыркун узначальвае кафедру педагогікі БДПУ імя Максіма Танка.
Задавальненне пазнавальнай цікаўнасці для Івана Іванавіча было і застаецца галоўным рухаючым фактарам па жыцці. Педагагічная навука, якой І.І.Цыркун служыць ужо шмат гадоў, стымулюе да мыслення, развіцця, самаўдасканалення, дорыць дадатковую энергію, якая дапамагае адчуваць сябе бадзёрым і шчаслівым.
Іван Іванавіч вырас у школе. Іншага выбару ў дзяцей педагогаў, напэўна, і не бывае. Маці выкладала беларускую і рускую мовы, працавала намеснікам дырэктара, бацька вучыў дзяцей матэматыцы. Многа часу бацькі праводзілі ў школе, і іх сын быў побач. Ужо ў 7 класе ён далучыўся да педагагічнага працэсу: стаў праводзіць выхаваўчыя заняткі з пачаткоўцамі. Таму пытанне “Кім быць?” нават і не стаяла перад юнаком Іванам. Ён хацеў быць падобным да сваіх самаахвярных настаўнікаў Навасёлкаўскай сярэдняй школы Дзяржынскага раёна. Яны навучылі яго працаваць самааддана і вынікова, прывілі імкненне да здаровага ладу жыцця — Іван Іванавіч займаўся баскетболам, валейболам, мае разрад па лёгкай атлетыцы, ды і сёння можна ўбачыць прафесара на веласіпедзе. А яшчэ заразілі паэзіяй.
— У нашу школу прыслалі новага настаўніка рускай мовы і літаратуры, — узгадвае Іван Іванавіч. — Нехта сказаў, што ён піша вершы. Мне стала цікава: як жа ён гэта робіць? Аднойчы я зазірнуў у акно яго жылля, убачыў шмат кніжак і слоўнікаў, раскладзеных на мэблі, і задуменнага настаўніка, які сядзеў за сталом. Мяне гэтая карціна вельмі ўразіла. Я стаў спрабаваць ствараць сваю паэзію. Вершы нараджаюцца спецыфічным чынам, ты нібыта адчуваеш інсайт.
Пяць гадоў назад свет убачыў першы зборнік вершаў Івана Іванавіча Цыркуна. На сёння яшчэ на адну кніжку назбіралася рыфмаваных тэкстаў.
Іван Іванавіч лічыць, што галоўная функцыя настаўніка — выхаваўчая. Каб вучні, узаемадзейнічаючы з ім як на ўроках, так і пасля іх, праз прадмет, які ён выкладае, атрымлівалі імпульс да пошуку сябе, да развіцця.
Пра сваё студэнцкае жыццё Іван Іванавіч узгадвае з пачуццём вялікай удзячнасці: “З першага па выпускны курс нам пашчасціла на высакакласных выкладчыкаў. Яны выкарыстоўвалі ў сваёй рабоце сучасныя педагагічныя тэхналогіі, прываблівалі нас да навукі. Навуковымі даследаваннямі я стаў займацца на трэцім курсе”.
У сваёй кандыдацкай дысертацыі Іван Іванавіч разглядаў фізічны эксперымент як фактар павышэння якасці прафесійнай падрыхтоўкі студэнтаў-фізікаў педагагічнага інстытута. Тэма доктарскай работы гучала наступным чынам: “Дыдактычныя асновы генезісу спецыяльнай інавацыйнай падрыхтоўкі студэнтаў педагагічнай ВНУ ва ўмовах шматузроўневай адукацыі”. У выніку гэтага даследавання ўтварыўся новы навуковы напрамак — мадэляванне і арганізацыя інавацыйнай прафесійнай адукацыі, што з’яўляецца асновай распрацоўкі новай вобласці педагагічнай навукі — інавацыйнай педагогікі.
Шмат гадоў Іван Іванавіч разам са сваімі калегамі вырошчвае педагогаў-наватараў. Дарэчы, вобраз педагога-наватара з’яўляецца дамінуючым у падрыхтоўцы спецыяліста ў БДПУ.
— Калі некалькі гадоў назад аб’ём інфармацыі ў нейкай галіне падвойваўся на працягу 10 гадоў, то сёлета ўжо за 3—5 гадоў, а ў галіне інфармацыйных тэхналогій — яшчэ хутчэй. Атрымліваецца, што адукацыя адстае ад развіцця цывілізацыі, а раней была наперадзе. Малады спецыяліст прыходзіць на работу і там сустракаецца з тэхналогіямі, з якімі не знаёміўся ў ВНУ. Як вырашыць праблему? Інавацыйная адукацыя дапамагае адказаць на пытанне, як ствараецца новае. Яна навучае чалавека метадалогіі і тэхналогіі стварэння новага ў сваёй галіне, — гаворыць прафесар.
Зразумела, што здольных да эксперыментальна-даследчай дзейнасці людзей няшмат. Падрыхтоўка да інавацыйнай работы ў педагагічнай ВНУ мае тры ўзроўні: азнаямленне (для ўсіх студэнтаў), інавацыйная школа (для тых, хто жадае займацца навукай, мае добрую падрыхтоўку), інавацыйнае тварэнне (для магістраў, аспірантаў). Таксама ў БДПУ створана вучэбная лабараторыя “Педагогіка і інавацыі”, дзе збіраецца банк інавацыйных распрацовак выкладчыкаў і магістрантаў ВНУ.
— Педагог павінен імкнуцца быць ідэальнай асобай, — перакананы І.І.Цыркун. — Ён павінен быць як інтравертам, так і экстравертам, як сенсорыкам, так і інтуітывістам, мысліцелем, павінен адчуваць, вырашаць і ўспрымаць, праяўляць сябе ў розных іпастасях, бо місія ў яго вельмі адказная. Ён закладвае будучае. Часта кажуць, што дзіця — гэта факел, які трэба запаліць. І на гэтым ставяць кропку, але ж там ёсць яшчэ такі працяг: “Але пры гэтым настаўнік павінен сам гарэць”.
Іван Іванавіч — чалавек, які заходзіцца ў пастаянным пошуку. Многія пытанні ён адрасуе сваім магістрантам: чаму час цячэ ў адным кірунку, дзе знаходзіцца памяць чалавека? Альбо: які праект сучаснага цывілізаванага чалавека? Без гэтага праекта цяжка вызначыць мадэлі выхавання і адукацыі.

Святлана КІРСАНАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.