Педагагічныя “манеўры” для практыкі ведаў

- 11:46Якасць адукацыі

Адна з актуальных тэм, якая сёння абмяркоўваецца сярод настаўнікаў, — гэта апублікаваныя вынікі Міжнароднай праграмы па ацэнцы адукацыйных дасягненняў вучняў (PISA) за 2015 год. Незвычайнае тэсціраванне школьных сістэм розных краін паказвае, наколькі вучні могуць прымяняць атрыманыя веды ў рэальным жыцці. Тое, што ў 2018 годзе ўдзельнічаць у такім тэсціраванні плануе Беларусь, настаўнікаў не палохае, а наадварот, прымушае задумацца, ці ўсё мы зрабілі так, каб вынікі гэтага тэсціравання былі паспяховымі. Адным з напрамкаў PISA ў тэсціраванні вучняў з’яўляецца праверка навыкаў па прыродазнаўчых прадметах.

Для таго каб навучыць дзяцей прымяняць веды на практыцы, настаўніку неабходна выкарыстоўваць розныя педагагічныя “манеўры”, выдзяляць дастаткова часу для творчых эксперыментаў вучняў, навучыць іх практычным навыкам, якаснаму лагічнаму мысленню. З вопыту работы магу адзначыць, што імкненне і жаданне вучыцца ў дзяцей значна ўзрастае, калі бацькі неабыякавыя да вучобы сваіх дзяцей, калі турбуюцца пра іх прафесійную будучыню.

Зацікаўленасць вучняў прыродазнаўчымі навукамі на­прамую звязана з якасцю іх выкладання. Ці будуць прымяняць вучні атрыманыя веды на практыцы — залежыць ад настаўніка, ад яго ўмення і жадання гэта рабіць. На ўроках біялогіі, факультатыўных занятках, пазакласных мера­прыемствах у старшых класах выкарыстоўваю задачы, якія цікавы сельскім вучням і маюць сувязь з жыццём. Вось некаторыя з такіх задач.

Задача 1. Як змагацца з заразіхай?

У экстрэмальных умовах выжываюць самыя моцныя расліны, але яны чамусьці называюцца пустазеллем.

Заразіхі — расліны-паразіты, якія наносяць шкоду сельскай гаспадарцы. Яны шкодзяць пасевам не толькі кармавых траў (канюшыны або люцэрны), але і сланечніку, гарбузоў, агуркоў, таматаў… Насенне заразіхі прарастае — толькі на каранях пэўных раслін пад уплы­вам іх каранёвых выдзяленняў. Калі расліны-гаспадара няма, то насенне гадамі можа ляжаць у глебе, не прарастаючы, але пры гэтым захоўваючы ўсходжасць.

Як жа абараніць будучы ўра­джай агародніны, калі вядома, што поле заражана насеннем заразіхі?

Адказ. На забруджаных заразіхай участках ужываюць правакацыйныя пасевы аднагадовых траў: канюшыны, люцэрны і г.д. Яны сваімі каранёвымі выдзяленнямі стымулююць масавае прарастанне насення заразіхі. Затым травы скошваюць, не чакаючы, пакуль паразіт дас ць кветкі і новае насенне. Пасля гэтага на вычышчанае ад заразіхі поле высаджваюць каштоўныя агароднінныя і высяваюць збожжавыя культуры.

Дарэчы. Існуе і біялагічны метад барацьбы з заразіхай: размнажаюць заразіхавую мушку, якая знішчае траву-паразіт.

Задача 2. Трэба выманіць ворага, калі бульба дарагая

Вясна. Калгаснікі рых­туюць бульбу для пасадкі, а на полі яшчэ з мінулага года стаіўся вораг — нематода, чарвякі-шкоднікі. У сваіх коканах яны могуць ча­каць не адзін год, а па-за коканамі жывуць толькі ў клубнях бульбы, інакш яны загінуць. Як толькі чарвякі адчуваюць пах бульбы з пашкоджаных пры пасадцы клубняў, яны тут жа вылазяць з коканаў і залазяць як мага хутчэй у клубні, прасвідроўваючы іх. Узнікае дылема: бульба павінна быць на полі, каб выманіць паразітаў з коканаў, але разам з тым яе не павінна быць, каб шкоднікі не маглі пасяліцца ў ёй. Канечне, існуюць хімічныя метады барацьбы, але яны небяспечны не толькі для шкоднікаў, але і для людзей, якія будуць есці гэтую бульбу.

Як жа абараніць будучы ўра­джай ад нематоды?

Адказ. За некалькі дзён да пасадкі бульбы поле паліваюць вадой, настоенай на лушпінах ад бульбы. Адчуўшы бульбяны пах, нематоды выпаўзаюць з коканаў і неўзабаве гінуць без ежы. А ўжо потым можна смела высаджваць насенныя клубні.

Задача 3. Можна сеяць хоць зімой

Аграномы ледзь не чаруюць, вызначаючы, ці пара пачынаць сяўбу, ці дастаткова прагрэлася глеба. Нават калі яны адгадалі з пачаткам сяўбы, ёсць і іншы клопат: пры самых спрыяльных умовах пасеяць трэба за кароткі час. Усё гэта пакідае хлебаробам мала магчымасцей для манеўру.

Ці ёсць рэальная магчымасць істотна пашырыць часавыя рамкі сяўбы?

Адказ. Створана насенне, якое можна сеяць хоць у мароз. Хітрасць — у спецыяльным палімерным пакрыцці. Яно не дае замерзнуць пры нізкіх тэмпературах, адштурхоўваючы вільгаць, але рассмоктваецца ў цяпле. Прычым пакрыццё можна наладзіць на пэўную тэмпературу і сея ць хоць зімой. Насенне будзе чакаць. Калі пацяплее, яно само вызваліцца і ўзыдзе. Гэтую задачу вырашыла кампанія Landec Ag з Каліфорніі і ўжо выпрабавала разумнае пакрыццё на 8 тысячах гектараў. У некаторых раёнах яно дазволіла збіраць па два ўраджаі з адных і тых жа плошчаў. Павысілася і ўраджайнасць.

Задача 4. Пчолы не любяць канюшыну

Натуральныя апыляльнікі канюшыны — чмялі. Але часам чмялі не жывуць у раёне пасеву канюшыны. Ёсць пчолы. Аднак хатняя пчала не ляціць на канюшыну, бо ёй з яе кароткім хабатком складана дастаць нектар, размешчаны ў канюшыне ў глыбіні кветак. Да таго ж вакол шмат іншых кветак, з якімі ў пчол няма такіх цяжкасцей.

Як прымусіць пчол апыляць канюшыну?

Адказ. Пчол папярэдне кор­мяць цукровым сіропам, настоеным на кветках канюшыны. Пчолы пачынаюць лётаць на канюшыну і спрабуюць дастаць нектар, адначасова апыляюць кветкі канюшыны, што і трэба паляводам.

Дарэчы. Калі еўрапейцы перасяліліся ў Паўднёвую Аўстралію і Новую Зеландыю, клімат якіх нагадвае еўрапейскі, яны сталі вырошчваць для жывёлы чырвоную канюшыну. Яна давала багатыя ўкосы, цудоўна цвіла, але насення не было. Высветлілася, што ні ў Аўстраліі, ні ў Новай Зеландыі няма чмялёў, якія ў Еўропе і Паўночнай Амерыцы апыляюць гэтую расліну. Тады завезлі з Еўропы два віды чмялёў. Яны акліматызаваліся, і канюшына стала даваць багатыя ўраджаі насення.

Падумайце. Чмялі — адны з самых холадаўстойлівых насякомых. Яны добра прыстасаваліся да жыцця ў суровых умовах поўначы, дзе іншыя апыляльнікі або не могуць жыць, або лётаюць кароткі час. Чмялі сустракаюцца на поўначы аж да Грэнландыі, Новай Зямлі, Чукоткі і Аляскі. Калі сталі вымяраць тэмпературу цела чмялёў на Эльбрусе і ў Хібінах, то аказалася, што яна роўная ў сярэднім 40°С і можа перавышаць тэмпературу навакольнага асяроддзя на 20—30°С.

Як халаднакроўныя насякомыя падтрымліваюць такую высокую тэмпературу цела?

Адказ. Такое награванне выклікана работай грудных мышцаў. Як толькі насякомае перастае рухацца, яно пачынае астываць. Калі чмель пачынае гудзець (хутка скарачаць мышцы грудзей, не рухаючы крыламі), тэмпература пачынае павольна падымацца.

Задача 5. Паляганне пшаніцы

Бура не толькі “мглою небо кроет”, але і згінае сцёблы пшаніцы. Паляганне пшаніцы пагражала б сур’ёзнымі стратамі сельскай гаспадарцы, калі б не вялікі запас трываласці сцёблаў травы. Калі сцёблы пшаніцы яшчэ здольны расці, то яны падымаюцца, як казачныя волаты. Галоўную ролю ў гэтым працэсе выконваюць вузлы на сцябле травы.

Здагадайцеся, як менавіта пры дапамозе вузлоў сцябло палеглай пшаніцы можа падымацца?

Адказ. Сцябло можа расці не толькі верхавінай (як у двухдольных), але і ў раёнах вузлоў. Пры гэтым клеткі вузла пачынаюць дзяліцца з ніжняга боку хутчэй, чым з верхняга. Вузел выгінаецца і падымае сцябло.

Дарэчы. Інжынерам вядома, што полая труба мае на выгіб практычна такую ж трываласць, як і суцэльны стрыжань, а матэрыялу на выраб трубы патрабуецца значна менш. Калісьці гэта было важным тэхнічным вынаходствам. Але прырода зрабіла гэта вынаходства намнога раней — сцябло травы.

Падумайце. Чаму клеткі вузла дзеляцца з ніжняга боку хутчэй, чым з верхняга?

Дарэчы. Суквецце сланечніку заўсёды павернута да сонца. Гармон росту назапашваецца ў той частцы расліны, якая знаходзіцца ў цяні, і гэтая частка расце хутчэй, чым на сонцы. Гэтая розніца ў хуткасці росту прымушае сцябло пастаянна выгінацца і выстаўляць кветку да сонца.

Рашэнне такіх задач карысна для трэніроўкі вынаходніцкіх і даследчых навыкаў мыслення, а галоўнае, трэніруе ўменне выкарыстоўваць веды на практыцы.

Вольга ЯНЧУК,
настаўніца біялогіі Уселюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.