Педагог — гэта прызванне

Менавіта пад такой назвай “Прызванне — педагог” у Гродне прайшоў фестываль педагагічных ідэй, які сёлета быў прысвечаны Году малой радзімы.

Сем гадоў запар Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі і сярэдняя школа № 26 Гродна пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, Гродзенскага абласнога камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, абласнога клуба “Крыштальны жураўлік” праводзяць форум маладых педагогаў. У гэтым годзе ўдзел у фестывалі, акрамя 17 каманд з Гродзенскай вобласці, прынялі каманды маладых педагогаў са школы № 29 Смаленска з Расійскай Федэрацыі і Брэста.

— Фестываль пашырае межы, штогод напаўняецца новым зместам, становіцца сапраўднай пляцоўкай абмену вопытам, атрымання новых кампетэнцый маладых настаўнікаў, — гаворыць прарэктар па навукова-метадычнай рабоце ГрАІРА Вольга Пішчык. — А мэта яго — павышэнне прэстыжу педагагічнай прафесіі, метадычная падтрымка маладых педагогаў, уключэнне іх у навукова-даследчую дзейнасць, распаўсюджванне перадавога педагагічнага вопыту.

Дзеляцца сваім вопытам з маладымі педагогамі лепшыя настаўнікі краіны — члены рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель”. Як сказала дырэктар сярэдняй школы № 26 Гродна Таццяна Даўгун, старшыня клуба “Крыштальны жураўлік” Гродзенскай вобласці, дзе традыцыйна праходзіць другі дзень фестывалю і адбываюцца майстар-класы членаў рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель”, у гэтым годзе адбыліся майстар-класы па кейс-тэхналогіях, дыстанцыйным навучанні, старытэлінгу, перавернутым навучанні, сацыяльным навучанні і каворкінгу, мікранавучанні, кампетэнтнасна-арыентаваным падыходзе ў навучанні і іншых актуальных напрамках адукацыі. З лекцыямі выступілі таксама супрацоўнікі Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.

А пачынаўся фестываль з прадстаўлення каманд. Былі вершы, песні, танцы, а галоўнае, усё гэта расказвала аб адным — аб стаўленні маладых педагогаў да прафесіі і свайго месца ў ёй.

Каманду Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці ў складзе шасці маладых настаўнікаў узначаліў Сяргей Мармыш. Сяргей Генадзьевіч трэці раз прымае ўдзел у фестывалі. За тры гады работы ў гудзевіцкай школе настаўнік фізікі ўзняўся па кар’ерных прыступках і сёння з’яўляецца намеснікам дырэктара школы па вучэбнай рабоце.

— Фестываль педагагічных ідэй дае магчымасць убачыць і пачуць прафесіяналаў, атрымаць вялікі метадычны вопыт, пазнаёміцца са сваімі калегамі з іншых рэгіёнаў, абмеркаваць хвалюючыя нас пытанні, — гаворыць Сяргей Мармыш. — Я з задавальненнем прымаў удзел у гэтым мерапрыемстве. Сёлета вельмі насычаная праграма, адным з першых пунктаў для мяне будзе лекцыя “Прафесійнае станаўленне маладога педагога”.

А вось настаўніца фізічнай культуры з сярэдняй школы № 10 Брэста Дар’я Несцярук пасля прадстаўлення каманд затрымалася на інтэрактыўным перапынку. Тут разгарнуліся майстар-класы па вырабе сувеніраў. У педагога дадатковай адукацыі Гродзенскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці Алы Пікаловіч дзяўчына вучылася рабіць васількі. А калі ў апошні дзень спыталіся ў дзяўчыны аб уражаннях, што ёй спадабалася, то пачулі ў адказ: “Усё!”

Маладыя настаўнікі былі не пасіўнымі ўдзельнікамі, а вельмі актыўнымі, што і прадэманстравалі пры выкананні дамашняга задання на тэму “Добра быць у дарозе, якую ты сам сабе выбіраеш”. На актыве і пазітыве, як спела каманда Слонімскага раёна (у яе склад уваходзілі шэсць прадстаўнікоў сярэдняй школы № 8), паказалі, што прафесія настаўніка, якую яны выбралі, гэта іх жыццёвы шлях.

У гэтым годзе фестываль аб’яднаў 120 маладых педагогаў. Як адзначыла старшыня Гродзенскага абкама Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Вера Грышэчка, вельмі станоўчы момант, што з кожным годам расце колькасць педагогаў-мужчын. Сёлета яны склалі чацвёртую частку ўдзельнікаў.

А яшчэ ў гэтым годзе на фестывалі з’явіўся свой гімн, які спелі на адкрыцці і закрыцці. Упершыню самыя актыўныя і крэатыўныя каманды былі адзначаны памятнымі знакамі. Іх атрымалі маладыя настаўнікі са Смаленска, Кастрычніцкага раёна Гродна, Астравецкага, Ваўкавыскага, Мастоўскага і Слонімскага раёнаў Гродзенскай вобласці.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.