Ад гульняў у школу на балконе да 20-гадовай кар’еры настаўніка замежнай мовы. Пра свой шлях і класнае кіраўніцтва карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала педагог сярэдняй школы № 6 Рэчыцы імя С.У.Сыча Вольга Віктараўна Сташук.
Вытокі
Вольга Віктараўна добра памятае свой першы школьны дзень. У 1985 годзе яна прыйшла ў 1 клас у сярэднюю школу № 6. Першакласніцы вельмі спадабалася пісаць крэйдай на дошцы. Гэта і стала галоўнай прычынай, па якой яна вырашыла стаць настаўніцай. Да гэтага дадаўся аўтарытэт першага педагога Алены Мікалаеўны Астапенка: для Вольгі Віктараўны яна была і застаецца ідэалам і прыкладам.
— У Алены Мікалаеўны ўсе планы былі запісаны ў сшыткі з вокладкай у грэчаскія сімвалы, — успамінае Вольга Віктараўна. — Я папрасіла бацькоў купіць такі ж сшытак і пісала там свае задачы на дзень, мары і мэты. Вельмі хацела быць настаўніцай. Тата на балконе зрабіў мне дошку, купіў крэйду — і там для сваіх сяброў я ў ролі настаўніцы праводзіла ўрокі.
У 5 класе Вольга Віктараўна сур’ёзна зацікавілася гісторыяй і англійскай мовай. Яе класны кіраўнік давярала ёй правяраць сшыткі малодшых класаў. І кожны раз для Вольгі Віктараўны гэта ператваралася ў рытуал: дома пасля ўрокаў яна завязвала гульку, апранала пуховую хустку, уключала настольную лямпу і правярала сшыткі. Цяпер, вядома, пуховую хустку Вольга Віктараўна не завязвае, але дагэтуль ганарыцца гэтымі гісторыямі з дзяцінства.
— Я падала дакументы ў Рэчыцкі педагагічны каледж праз дарогу ад маёй сярэдняй школы № 6. І паступіла на аддзяленне “Замежная мова”, скончыла яго ў 1999 годзе з чырвоным дыпломам. А пасля паступіла на 3 курс завочнага аддзялення Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Адтуль мяне размеркавалі ў Хойнікі ў сярэднюю школу № 4, — прызнаецца яна.
У Хойніках дзяўчыне далі месца ў інтэрнаце і самыя, са слоў педагога, “непатрэбныя” класы: тых вучняў, чые настаўнікі сышлі ў дэкрэтны водпуск.
— Было складана, — расказвае Вольга Віктараўна. — Памятаю, як натхнёная я прыйшла на ўрок з дакладным планам, карткамі з заданнямі, а вучні мне з парога кажуць, што я ў іх ужо не першая настаўніца, а па-англійску яны амаль не ўмеюць чытаць. Я, мякка кажучы, здзівілася. Але не страціла надзеі, а проста пачала з азоў.
За два гады работы Вольга Віктараўна пераканалася, што з выбарам прафесіі не памылілася. Класнага кіраўніцтва яшчэ не было, але, нягледзячы на гэта, з кожным вучнем яна знайшла агульную мову і шчыра старалася навучыць. Прадаўжаць кантракт з гэтай школай педагог не стала: сэрца прасілася ў родныя рэчыцкія краі. Спачатку Вольга Віктараўна працавала на замене настаўніка ў дэкрэтным водпуску, а праз год ёй прапанавалі месца ў сваёй жа сярэдняй школе № 6 Рэчыцы. Так і завяршылася падарожжа ў пошуках свайго месца.
(Не)цяжкі ўзрост
Уладкаваўшыся ў 2002 годзе як настаўніца англійскай мовы, Вольга Віктараўна стала класным кіраўніком 25 вучняў.
— З першага дня і дагэтуль я з вучнямі сябрую, — расказвае Вольга Віктараўна. — Калі дзеці мяне не разумеюць і патрэбна дапамога бацькоў, я гавару ім пра гэта. Тэлефаную бацькам вельмі рэдка, таму што з дзіцем амаль заўсёды можна і трэба дамаўляцца. Са сваім першым класам я працавала чатыры гады, а пасля пайшла ў дэкрэтны водпуск. У 2012 годзе вярнулася з другога дэкрэтнага — і мне адразу ж далі класнае кіраўніцтва ў 5 “А”, з якім мы прайшлі займальны шлях да 11 класа.
Памятаю, як усе 25 чалавек майго класа прыйшлі да мяне дадому: я не ведала, куды іх пасадзіць. Зараз гэтым дзецям па 29—30 гадоў, яны скончылі школу ў 2009 годзе, а сувязь мы падтрымліваем да гэтага часу.
За гады работы педагогам Вольга Віктараўна сутыкалася з многімі цяжкасцямі, але не пераставала гаварыць сваім вучням “Я вас люблю”. І працягвае рабіць гэта. Педагог упэўнена: дзеці павінны ведаць, што іх любяць проста так, не толькі за поспехі. Дзеці адчуваюць гэта і праяўляюць лепшыя якасці.
— У мяне быў вучань, які кожны ўрок стараўся вывесці мяне на негатыўныя эмоцыі, — з усмешкай расказвае Вольга Віктараўна. — Але я разумела, што яму проста мала ўвагі. Тады я пайшла ад адваротнага: прызначала яго вядучым сваіх інтэрактыўных хвілінак, часцей выклікала да дошкі — і ён супакоіўся, пачаў дапамагаць, пасябраваў са мной. Такіх дзяцей, якіх любяць называць цяжкімі, у мяне зараз некалькі. І кожны не адыходзіць ад мяне ні на крок. Мы знайшлі агульную мову, яны ведаюць, што я заўсёды дапамагу, ад маёй падтрымкі ім хочацца выпраўляцца, лепш вучыцца, актыўнічаць у школе. Вера ў дзіця творыць цуды!
Агульная справа
Сумесная дзейнасць таксама робіць цуды. Гэта даказвае праект па грамадзянска-патрыятычным выхаванні “Мы памятаем! Мы ганарымся!”, які Вольга Віктараўна пачала разам з 5 “А” класам у 2012 годзе. Праект прысвечаны земляку-герою Сяргею Уладзіміравічу Сычу.
— Ідэя праекта нарадзілася выпадкова, — успамінае Вольга Віктараўна. — Журналіст газеты “СБ: Беларусь сёння” Раман Рудзь, з якім мы знаёмы з 2012 года, зацікавіўся падзеямі трагедыі на таджыкска-афганскай граніцы 13 ліпеня 1993 года. І сярод прозвішчаў абаронцаў граніцы ён знайшоў нашага земляка, высветліў, што вучыўся ён у рэчыцкай сярэдняй школе № 6. У выніку 27 мая 2013 года нашай школе прысвоілі імя Сяргея Уладзіміравіча Сыча, а мне як актывістцы па натуры і аматару гісторыі прапанавалі курыраваць праект, прысвечаны герою. Я, не раздумваючы, пагадзілася.
Удзельнікі праекта добраўпарадкоўвалі магілу героя С.У.Сыча, арганізоўвалі экскурсіі і ўрачыстыя мерапрыемствы, наведвалі пагранічныя атрады ў Лоеве і Краўцоўцы, пашыралі музейную экспазіцыю, праводзілі даследаванні і прымалі гасцей. У сярэднюю школу № 6 рэгулярна прыязджалі пагранічнікі — калегі Сяргея Уладзіміравіча, а ў 2019 годзе школу наведаў на той час генерал-маёр Федэральнай службы бяспекі Расійскай Федэрацыі Андрэй Віктаравіч Мярзлікін.
Са стартам праекта ў яго ўдзельнікаў пачалося насычанае жыццё, якое працягваецца да гэтага часу. Вольга Віктараўна ўзяла новы клас і працягнула работу па праслаўленні і даследаванні подзвігаў Сяргея Уладзіміравіча Сыча, дадаючы новыя традыцыі. Летась у Дзень пагранічніка ў школу прыязджалі ваеннаслужачыя. Дэманстравалі навучэнцам затрыманне пры ўдзеле аўчарак, давалі прымераць форму і рыштунак, каталі на службовай машыне. У планах — паўтарыць сустрэчу зноў.
— Што параіце маладым педагогам, якія ўпершыню сутыкаюцца з класным кіраўніцтвам?
— Не ўпадаць у паніку, — адказвае Вольга Віктараўна. — Першыя гады работы поўныя перажыванняў і страхаў, але гэта часова. Трэба набрацца цярпення. Я люблю гаварыць практыкантам, ды і вучням таксама: не бойцеся памыляцца, любіце свае памылкі. Не можа быць усё ідэальна. Будуць і слёзы, і спрэчкі — з дзецьмі, з бацькамі. Але гэта бясцэнны вопыт.
— Класны кіраўнік — гэта…
— Кругласутачная праца, — гаворыць Вольга Віктараўна. — Гэта мадэратар, адміністратар, сябар, мама, псіхолаг. Мне здаецца, я ўсе гэтыя гады пакуль нядрэнна спраўляюся, мяркуючы па нашай шматгадовай дружбе з выпускнікамі і даверных адносінах з іх бацькамі.
Соф’я ЦЫКУНОВА
Фота аўтара