Педагог Уладзімір Гімбут прадстаўляе свае ідэі і напрацоўкі па ваенна-патрыятычным выхаванні навучэнцаў

- 11:07Образование

Ключы ад шчасця — гэта мары, якія ўвасобіліся ў жыццё. Мара настаўніка гісторыі, кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні з Мазыра Уладзіміра Гімбута споўнілася праз 25 гадоў, калі ў сярэдняй школе № 16 адкрыўся музейны пакой, прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Знаёмства з героем публікацыі Уладзімірам Гімбутам адбылося на І Рэспубліканскім конкурсе “Выхаваць чалавека” памяці Героя Беларусі мітрапаліта Філарэта, у якім калектыў установы яскрава заявіў пра сябе. Педагогі мазырскай школы ўкладва­юць душу ў рэалізацыю праектаў па духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення. А дзякуючы шматграннай асобе настаўніка гісторыі і кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні Уладзіміра Віктаравіча, навучэнцы актыўна далучаюцца да пошукавай работы, удзельнічаюць у здымках фільмаў пра герояў, якія ёсць у кожнай беларускай сям’і. Стоячы на сцэне ў ваеннай форме (педагог ужо 15 гадоў займаецца ваенна-гістарычнай рэканструкцыяй), ён зазначыў: “Толькі дасканалы чалавек можа ствараць нешта дасканалае. Вядома, няма нічога ідэальнага і ніхто не ідэальны, але настаўнік павінен увесь час працаваць над сабой, удасканальвацца. Бо настаўнік, як вядома, сее разумнае, добрае, вечнае, нясе ідэі веры, дабра, на­дзеі сваім навучэнцам”.

За плячыма педагога работа выкладчыкам Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна, напісанне дысертацыі па гісторыі адукацыі. Дарэчы, вопыт шматгадовай работы з архіўнымі дакументамі запатрабаваны ў школьнай музейнай дзейнасці. Сёння ўдзельнік калінкавіцка-мазырскага ваенна-гістарычнага клуба “Пошук” актыўна ­займаецца са школьнікамі не толькі як кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні, але і вучыць дзяцей дабру і міласэрнасці.

— Пасля школы паступаў у БДУ, але не прайшоў па конкурсе. І тады, у далёкім 1989 годзе, мая прафесійная дзейнасць пачалася ў вясковай школе Рэчыцкага раёна, дзе я вёў музычныя заняткі і фотагурток. Пасля паступіў у Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф.Скарыны на гістарычны факультэт, — расказвае пра свой шлях у педагогіку суразмоўнік. — Калі вучыўся на 5 курсе, выкладаў гісторыю і англійскую мову ў сярэдняй школе № 6 Гомеля. Пасля размеркавання працаваў ў Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя І.П.Шамякіна, скончыў аспірантуру, напісаў дысертацыю. Па волі лёсу быў запрошаны працаваць у дружны калектыў сярэдняй школы № 16 Мазыра. Я выкладаю тут ужо 10 гадоў, з якіх 2 гады з’яўляюся кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні.

Пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны расказваюць экспанаты школьнага музея. На ­стэ­лажах размяшчаецца ваеннае абмун­дзіраванне, прадметы побыту. Усяго тут 112 экспанатаў асноўнага фонду і 7 — дапаможнага, якія былі знойдзены калінкавіцка-мазырскім клубам “Пошук”, а таксама 52 — асобным вайсковым баталь­ёнам. Ёсць экспанаты, якія патрабуюць дэталёвага вывучэння і апрацоўкі.

Прадметы ваеннага часу прыцягваюць увагу. У іх ліку маленькі дзіцячы сандалік, які быў зной­дзены ў Азарычах ля рас­стрэль­най ямы ў адной з экспедыцый…

— Падчас экскурсій расказ­ваю дзецям, што вайна не шкадавала ні дарослых, ні дзяцей і як жа гэта страшна, калі на родную зямлю прыходзяць захопнікі, — працягвае педагог. — Паказваю каску, якая ўся ў дзірках ад куль, і спадзяюся, што салдату нейкім цудам усё ж удалося выратавацца і ён дайшоў да Берліна. Шмат расказваю пра побыт, медыцыну, узбраенне, форму, паказваю школьнікам, як намотваць анучы і скручваць шынель, што і ў якой паслядоўнасці салдат складваў у рэчмяшок. Усё гэта выклікае непадробленую цікавасць.

Аднак педагог прыдумаў куды больш цікавы спосаб знаёмства з экспанатамі. Любы школьнік можа падрабязней даведацца пра лёс прадмета, і для гэтага дастаткова толькі ўзяць яго ў рукі, бо кожная дэталь мае сваё значэнне і можа многае расказаць і задаволіць цікаўнасць дзіцяці. Што ж, метад, несумненна, эфектыўны. Каб даведацца крыху больш пра музейныя рарытэты, бяру ў рукі два пнеўматычныя пісталеты (муляжы). Цікава, пра што раскажуць гэтыя экспанаты?

— Афіцэрскі пісталет P08, ці, як яго яшчэ называюць, пісталет Люгера, — мадэль часоў Першай сусветнай вайны, была на ўзбраенні ў нямецкіх афіцэраў, — тлума­чыць Уладзімір Віктаравіч. — Гэты пісталет яшчэ называюць парабелумам па двух апошніх словах лацінскай фразы Si vis pacem, para bellum, якая літаральна перакладаецца, як “Хочаш міру — рыхтуйся да вайны”. Галоўная асаб­лівасць парабелума — у вельмі высокай дакладнасці стральбы, якая дасягаецца за кошт зручнай анатамічнай ручкі і лёгкага спуску. Другая пнеўматычная зброя — амерыканская Beretta. Гэтая зброя ўніверсальная дзякуючы размешчанаму па абодва бакі засцерагальніку, таму да пісталета мог прызвычаіцца як праўша, так і ляўша. Акрамя таго, у музеі прадстаўлены макет вучэбнага аўтамата Калашнікава, дзеці вучацца збіраць і разбіраць яго на час. Пакуль лепшым вынікам можа пахваліцца дзе­сяцікласнік Ягор Цыб­ліенка, ён робіць поўную зборку і разборку за 24 секунды. Навучэнцы 4 класа таксама заўсёды спяшаюцца ў музей, бо тут можна прымераць ваенную форму і на некалькі мінут уявіць сябе ў ролі адважнага салдата.

Экспазіцыйная і выставачная дзейнасць вядзецца не толькі ў сценах установы, але і за яе межамі. Навучэнцы разам з педагогам выязджаюць у сельскія школы, каб расказаць аднагодкам як мага больш гістарычных фактаў аб Вялікай Айчыннай вайне. У гэтым дапамагае праект “Музей у чамадане”. Акрамя таго, дзеці становяцца частымі ўдзельнікамі ваенна-гістарычных рэканструкцый, якія праводзяцца ў сельскай мясцовасці. Некалькі хлопцаў сталі назіральнікамі раскопак 52-га асобнага вайсковага спецыялізаванага батальёна, у тым ліку вывучалі архіўныя матэрыялы. Школьнікі прымалі ўдзел у вахтах Памяці, а таксама ў розных праектах, напрыклад, у стварэнні аматарскіх кінастужак, відэазамалёвак аб лёсах людзей у ваенны перыяд. Фільмы здымаюцца ў школьнай кінастудыі, сцэнарый пішам разам з настаўнікам, у якасці акцёраў выступаюць вучні. Касцюмы, дэкарацыі — усё прадумана да дробязей.

— У гэтым годзе вырашылі стварыць праект, сутнасць якога — паказаць, што ў вайны не жаночае аблічча, і прымеркаваць яго да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — дадае Уладзімір Гімбут. — Галоўная ідэя — зрабіць 80 фатаграфій з удзелам вучаніц 9—11-х класаў у розных кутках краіны, дзе вяліся баявыя дзеянні, напрыклад, у Мазырскім, Калінкавіцкім, Петрыкаўскім раёнах. Вучаніцы справіліся з задачай, ужыліся ў трагічныя вобразы, прымяраючы на сябе шынялі, боты і шапкі-вушанкі. У фотапраекце асаблівая ўвага ўдзелена эмоцыям беларусак, напрыклад, падчас перавязкі раненага салдата або ў час провадаў на фронт.

Пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі школьнікі працуюць з дакументамі ў архіве, збіраюць факты, звязаныя з Мазырскім раёнам, і спрабуюць экранізаваць гісторыі землякоў. Часта здымаюць у жанры ігравога кіно. Ёсць фільмы, знятыя пры супрацоўніцтве з расійскімі спецыялістамі.

— Створана больш за 10 фільмаў, — удакладняе Ула­дзімір Віктаравіч. — З іх хочацца адзначыць экранізаваную гісторыю пра Рыму Шаршнёву, якая ў свае 17 гадоў здзейсніла подзвіг, кінуўшыся на амбразуру дзота і тым самым выратаваўшы многіх баявых сяброў. Наш фільм перададзены сталічнай гімназіі № 25, у якой вучылася Рыма Шаршнёва і якая зараз носіць імя героя. Пры цікавых абставінах праходзілі здымкі фільма “Лёс батальёна невядомы”. У ваенны час каля вёскі Града (Калінкавіцкі раён) загінуў наш батальён, які быў акружаны немцамі, і “матор” адбываўся якраз на тым месцы, дзе захаваліся варонкі ад снарадаў і мін, выкапаны траншэі, а калі абсыпаюцца акопы, сустракаюцца ржавыя гільзы. Па сцэнарыі, немцы перапраўляюцца праз Прыпяць на ваеннай лодцы. Уявіце: раніца, на гадзінніку прыкладна 4 гадзіны, туман — і немцы высаджваюцца на бераг. Памятаю, прыйшлося зрабіць шмат дубляў. І вось у адным з кадраў з туману раптам насустрач нашай здымачнай камандзе, апранутай у нямецкую форму і са зброяй у руках, выплываюць мясцовыя рыбакі з вудамі. У іх вачах быў бачны ўвесь спектр эмоцый, калі яны заўважылі варожых узброеных “салдат”. Хоць гэта і былі макеты, але ўсё ж… Страшна ўявіць такую карціну: на беразе — два кулямёты, у лодцы — восем немцаў, якія нешта камандуюць. Рыбакі хутка змянілі траекторыю свайго маршруту і імгненна схаваліся ў тумане. Хутчэй за ўсё, мужчыны запомняць гэтае рыбалоўства надоўга. На пазакласныя заняткі з вучнямі старшых класаў выязджаем у лясы Лельчыцкага, Ельскага, Петрыкаўскага, Калінкавіцкага раёнаў. Асаблівая цікавасць — да ўнікальных падземных дотаў. Таксама вакол Мазыра ёсць умацаваны раён, частка лініі Сталіна, шмат захавалася дотаў, якія сталі месцам чарговай здымачнай гісторыі ваеннага часу пад назвай “Мазырскі ўмацаваны раён”. Некалі і мне давялося сыграць ролю немца ў беларускай кінастужцы. А ў цыкле мастацка-публіцыстычных фільмаў “1418 дзён. Гісторыя Перамогі”, які быў паказаны на тэлеканале “Беларусь 1” напярэдадні 75-й гадавіны Перамогі, у эпізодзе, які здымаўся ў Брэсцкай крэпасці, я паўстаў у вобразе нямецкага афіцэра. Сваім вопытам гістарычных здымак, палявой пошукавай работы дзялюся з вучнямі — удзель­нікамі школьнага аб’яднання па інтарэсах “Пошук”.

Вялікай папулярнасцю сярод выхаванцаў карыстаюцца кінаўрокі. Педагог упэўнены, што яны выконваюць вялікую ролю ў духоўна-маральным выхаванні.

— Тэматыка кінаўрокаў розная, але ў асноўным арыенцірам становяцца царкоўныя святы. Размаўляем з дзецьмі пра дабро, сяброўства, спагаду, — удакладняе ён. — Для малодшых навучэнцаў падбіраю дзіцячыя мультфільмы або кароткаметражныя фільмы, якія вучаць дабру. Ёсць мульцікі пра святых, напрыклад, пра Еўфрасінню Полацкую, Кірылу Тураўскага. Дзецям вельмі падабаецца такая форма асветніцкай работы, яны заўсёды спяшаюцца на заняткі. Выхаваць дастойнае пад­растаючае пакаленне — гэта мастацтва, і вынік ёсць тады, калі выбудавана ўзаемасувязь з дзецьмі, наладжана ўзаемадзеянне з бацькамі. Часта чую словы ўдзячнасці ад бацькоў выхаванцаў, якія радуюцца, што іх дзеці знахо­дзяць сваё прызванне і ўпэўнена ідуць па выбраным шляху. Некалькі маіх вучняў, як і я, скончылі гістарычныя факультэты і зараз працуюць у адукацыі. Прыемна, што пасля мэтанакіраванай прафарыентацыйнай работы навучэнцы становяцца больш сур’ёзнымі, нават іх адносіны да вучобы мяняюцца ў лепшы бок: яны задумваюцца над сэнсам жыцця, а пры паступленні перавагу аддаюць педагагічным або ведамасным УВА краіны. Яны становяцца сапраўднымі грамадзянамі і патрыётамі Беларусі.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара і з архіва педагога