Педагог з агеньчыкам у вачах

- 9:48Людзі адукацыі, Рознае

Мала каму шанцуе выбраць сабе прафесію адзін раз і на ўсё жыццё. Гэта сапраўды вялікае шчасце — ніколі не “ўзважваць” свой прафесійны выбар на вагах няўпэўненасці. Пра настаўніцу пачатковых класаў Івацэвіцкай сярэдняй школы № 3 Алу Антонаўну Агароднік можна з упэўненасцю сказаць, што яна не толькі знайшла сябе ў педагогіцы, але і ні разу не пашкадавала аб сваім выборы.

— Аднойчы, калі я ляжала ў бальніцы, у суседнюю палату паклалі маленькую дзяўчынку, якая ўвесь час плакала. А супакойваць асабліва не было каму: матулі не было, толькі старэнькая бабуля. І мяне цягнула да гэтай дзяўчынкі, я ўвесь час яе весяліла, старалася адцягнуць увагу ад кропельніц — “настаўнічала”, расказвала казкі. Не магла інакш, — расказвае настаўніца. — Прайшло паўгода або нават больш, і тут выпадкова я сустракаю тую дзяўчынку на вуліцы. Убачыўшы сваю бальнічную “настаўніцу”, малышка вырывае сваю руку з бабулінай, падбягае да мяне і з усёй сваёй пяцігадовай сілы абдымае.

Тую дзіцячую падзяку Ала Антонаўна ўспамінае і зараз, і менавіта гэты выпадак праз многа гадоў яна пачала лічыць адным са штуршкоў для выбару прафесіі. Да таго ж Ала Антонаўна працягнула настаўніцкую дынастыю, распачатую матуляй і старэйшай сястрой.

А.А.Агароднік стала студэнткай Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна і вучылася на спецыяльнасці “Педагогіка і методыка пачатковага навучання”. Першае месца працы — сельская школа ў вёсцы Бакуны Пружанскага раёна. Пасля былі Ружанская сярэдняя школа, дзе настаўніца, маючы яшчэ і музычную адукацыю, займалася з дзецьмі музыкай, а таксама івацэвіцкая сэрядняя школа № 3, у якой Ала Антонаўна працуе да сённяшняга часу.

Прафесійны дэвіз педагога пачатковых класаў, стаж працы якога складае ўжо больш за 33 гады, просты: “Каб вучыцца паспяхова, трэба вучыцца з задавальненнем”. Кіруючыся ім, яна ніколі не баялася спрабаваць самыя розныя методыкі выкладання — асобасна арыентаванае, развіццёвае навучанне, развіццё творчага мыслення, праблемнае навучанне — і фарміраваць на іх аснове ўласны стыль выкладання. Настаўніца пераканана: сучасны ўрок у пачатковай школе павінен будавацца на актыўных метадах навучання, мець пошукавы характар.

— Мой вучань ініцыятыўны, з агеньчыкам цікаўнасці ў вачах. Педагог пачатковых класаў павінен умець не толькі запаліць гэты агеньчык, матываваць, але і падтрымліваць яго ўсе чатыры гады, а потым перадаць эстафету старшай школе. На маю думку, матывацыя для паспяховай вучобы не менш важная, чым інтэлект навучэнца, — адзначае Ала Антонаўна.

Каб быць запатрабаваным настаўнікам, трэба ісці ў нагу з часам, таму на сваіх занятках педагог карыстаецца электроннымі сродкамі навучання, больш за тое, сама распрацоўвае метадычныя электронныя дапаможнікі.
— Сёння ў настаўніка пачатковых класаў ёсть шырокі арсенал электронных сродкаў, якімі ён можа карыстацца на ўроку. Гэта сродкі, створаныя прафесійнымі распрацоўшчыкамі-метадыстамі. Але ў кожнага настаўніка рана ці позна ўзнікае неабходнасць стварэння аўтарскіх матэрыялаў — трэнажораў, інтэлектуальных гульняў. У маім выпадку я хацела праявіць творчую ініцыятыву, стварыць свой электронны прадукт, а таксама праверыць свой узровень валодання ІКТ, — тлумачыць настаўніца.

Не застаюцца без увагі даследчая дзейнасць і алімпіядны рух малодшых школьнікаў. Навучэнцы Алы Антонаўны заваёўваюць першыя месцы на раённых этапах алімпіяд і навукова-практычных канферэнцыях.

У сваёй педагагічнай скарбонцы яна мае дыплом ІІІ ступені за ўдзел у абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу навукова-метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту “Выхоўваем грамадзяніна Беларусі”.

А вопыт па ідэйна-патрыятычным выхаванні праз праектную дзейнасць асвятляўся на старонках часопіса “Пачатковае навучанне”.

Педагог актыўна дзеліцца з калегамі сваімі напрацоўкамі падчас адкрытых урокаў, семінараў і канферэнцый. У 2014/2015 навучальным годзе Ала Антонаўна ўзначальвала праблемную групу настаўнікаў раёна па складанні метадычнага дапаможніка па грамадска-патрыятычным выхаванні.

Безумоўна, за 33 гады ў прафесіі грамат у Алы Антонаўны назбіралася шмат — школьных, раённых, абласных, а ў мінулым годзе настаўніцы была ўручана грамата Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Аднак самая высокая ацэнка работы для настаўніка не мноства ўзнагарод, а радасць у вачах маленькіх вучняў пры сустрэчы. Напэўна, гэта найвышэйшая прыступка, на якую можа падняцца прафесіянал.

Алёна КРЫВЯНКОВА.