Педагогі дзіцячага сада № 5 Жыткавіч стварылі інтэрактыўна-гульнявы дапаможнік «Пункт на карце — Жыткаўшчына»

- 9:50Образование

Карціну для дзяцей малююць дарослыя. І менавіта ад нас залежыць, што будуць ведаць нашы дзеці пра гераічны подзвіг беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Кожны педагог задаваўся пытаннем, як такую цяжкую тэму данесці да дзіцяці да­школьнага ўзросту. Перад педагогамі стаіць складаная задача: сфарміраваць уяўленне аб гістарычным мінулым краіны на зразумелай для сучаснага да­школьніка мове. Сёння дзіця ўжо не здзівіш традыцыйнай падачай матэрыялу.

Цікавасць дзяцей да гаджэтаў і неабходнасць фарміравання асноў грамадзянс­ка-патрыятычнай культуры натхніла на ідэю стварэння інтэрактыўнага гульнявога дапаможніка “Пункт на карте — Жыткаўшчына”.

Для стварэння гэтага праекта былі вывучаны летапісы вёсак і аграгарадкоў раё­на. Праве­дзена даследчая работа па вывучэнні гісторыі роднага краю. Педагогамі створаны картатэкі патрыятычных гульняў з улікам рэгіянальнага кампанента. Праведзены шэраг заняткаў і гутарак з дзецьмі па маральна-патрыятычным выхаванні.

Каб наладзіць больш цеснае супрацоўніцтва з бацькамі, правялі прадметнае  анкетаванне, па выніках якога планавалі ўзаема­дзеянне з сем’ямі выхаванцаў. Сумесна з бацькамі вывучаліся змяненні ў гісторыі станаўлення раёна, абапіраючыся не толькі на летапіс, але і на апавяданні бабуль і дзядуляў. Было арганізавана наведванне выстаў, музеяў, экскурсій да гістарычных мясцін, прысвечаных Вялікай Перамозе. Арганізаваны выставы фотагазет, патрыятычных альбомаў, плакатаў.

Зыходзячы з набытай інфармацыі, створаны зборнік “Гісторыя вёсак і гарадоў Жыткавіцкага раёна”, што і лягло ў аснову стварэння інтэрактыўна-гульнявога дапаможніка “Пункт на карце — Жыткаўшчына”.

Інтэрактыўны гульнявы дапаможнік складаецца з дзвюх частак: металічная асно­ва з магнітнымі пазламі ў выглядзе карты Жыткавіцкага раёна і мультымедыйная ўстаноўка. На металічнай аснове размешчаны магнітныя пазлы, з якіх дзіцяці неабходна саб­раць карту Жыткавіцкага раёна (14 пазлаў).

На кожным пазле размешчана кнопка. Пры ўстаноўцы па­з­ла па ўзоры і націску на кнопку пазл пачынае “размаўляць”. І дзіця атрымлівае інфармацыю аб падзеях, якія адбываліся падчас ВАВ на гэтай мясцовасці, яе паходжанні, славутасцях. Таксама на макеце ёсць кнопка, з дапамогай якой агуч­ваецца заданне. Такое інтэрактыўнае ўзаемадзеянне з пазламі стала магчымым дзякуючы выкарыстанню платформы Arduino і флэш-карты. Функцыі флэш-карты дазваляюць змя­няць інфармацыю ў залежнасці ад мэты і задач заняткаў, гульні. Візуалізаваць інфармацыю дапамагае падключэнне да камп’ютарнага манітора.

У будучыні плануецца сінхранізаваць манітор з пазлам, што дазволіць візуалізаваць аўдыязапісы. У такім выпадку гэта будуць невялікія мультфільмы, створаныя дзецьмі.

Дзеля распаўсюджвання набытага вопыту ў астатнія дашкольныя ўстановы праект быў прадстаўлены на абласным этапе рэспубліканскага маладзёжнага інавацыйнага праекта “100 ідэй для Беларусі”. Там паступіла прапанова распраца­ваць інструкцыю па зборцы інтэр­актыўных гульнявых дапаможнікаў і часткова запусціць у вытворчасць неабходныя дэталі.

Стварэнне такога роду дапаможнікаў дазволіць расказаць дзецям дашкольнага ўзросту аб гісторыі свайго народа ў даступнай, сучаснай форме. А педагогам будзе добрым памочнікам для арганізацыі адукацыйнага працэсу.

Працягам праекта “Пункт на карце — Жыткаўшчына” стаў абласны праект “Пунк­та на карце”, дзе прадстаўлены маршруты выхаднога дня ў якасці відэаролікаў, на якіх самі дзеці запрашаюць наведаць славутасці Гомельскай вобласці, у тым ліку славутас­ці Тураўскай зямлі Жыткавіцкага раёна.

 Алена АЎДЗЕЙЧЫК,
загадчыца дзіцячага сада № 5 Жыткавіч