Педагогі і вучні Мікашэвіцкай гімназіі беражліва захоўваюць памяць пра пісьменніка Уладзіслава Нядзведскага, чыё імя носіць установа адукацыі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Пра жыццёвы і творчы шлях таленавітага ўраджэнца Лунінеччыны, якому б сёлета споўнілася 85 гадоў, расказвае музейная экспазіцыя, створаная руплівымі намаганнямі мясцовых настаўнікаў-энтузіястаў. Але яна не абмяжоўваецца толькі асобай У.І.Нядзведскага і расказвае таксама пра іншых знакамітых землякоў, якія з’яўляюцца прыкладам мужнасці, гераізму і працавітасці для маладых мікашэвічан.
— Гісторыя музея, створанага яшчэ да адкрыцця гімназіі, звязана з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны Уладзімірам Круковічам, Іванам Гарошкам і Іванам Булатам, якія ў сярэдзіне 1990-х гадоў звярнуліся да тагачаснага старшыні пасялковага Савета былога партызана Мікалая Сцешыца з адпаведнай прапановай, — расказвае дырэктар гімназіі Наталля Стральчэня. — Пасля вялікай пошукавай работы гісторыка-краязнаўчы музей быў урачыста адкрыты 9 мая 1996 года ў адным з будынкаў сярэдняй школы № 3, а ў 2005-м перанесены ў гімназію.
Сёння гэта комплексны музей, экспазіцыя якога складае 225 прадметаў. На яго базе арганізавана пошукава-даследчая і навукова-практычная работа, працуе група юных экскурсаводаў, праводзяцца адукацыйныя экскурсіі. Вучні актыўна падарожнічаюць па малой радзіме, удзельнічаюць у конкурсах і праектах, збіраюць новыя экспанаты і афармляюць выставы, перапісваюцца і сустракаюцца з цікавымі людзьмі, працуюць з бібліятэчна-архіўнымі фондамі, рыхтуюць публікацыі для СМІ, вядуць летапіс гімназіі і горада.
— Экспазіцыя, прысвечаная Уладзіславу Нядзведскаму, займае адно з цэнтральных месцаў у музеі, — працягвае яго кіраўнік Ірына Шэўчык. — Будучы пісьменнік нарадзіўся на Рахавіцкіх хутарах тагачаснага Лунінецкага павета (цяпер вёска Рахавічы Салігорскага раёна Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і. Да Вялікай Айчыннай вайны ён скончыў два класы польскай школы і адзін беларускай.
Я помню ўсё…
Я стаў дарослым рана —
У дваццаць год на скронях сівізна.
Зноў у грудзях занылі моцна раны,
І праклінаю я цябе, вайна!
Я помню ўсё…
Магілы на ўзгорку,
Дзе плача вечна ссохлая сасна
І лезе ў вочы дым пажараў горкі:
Праклён табе, пачварная вайна!
У час вайны Рахавіцкія хутары ўвайшлі ў партызанскую зону, якую ў лютым 1943 года фашысты абклалі блакадай і пачалі аблавы. Людзі хаваліся ад карнікаў у лясах, але схавацца ад іх было цяжка. За час блакады загінула каля 300 чалавек (больш за палову жыхароў Рахавіч), у тым ліку бацькі, брат і сяcтра Уладзіслава, якому разам з другой сястрой удалося ўратавацца. Часовы прытулак сіротам далі сваякі.
А ў памяці — сорак трэці:
Дагарала сяло,
І, глытаючы снег счырванелы,
Я ўцякаў з-пад расстрэлу…
Поўз між старых ялін,
Бога аб нечым маліў…
І немец мо пяць хвілін
Усё рагатаў — калі,
Дабраўшыся ў гушчар,
Схаваў я ў мурашнік твар.
Немец сказаў: “Капут!”
А мо не было тых пакут,
Што заснуць не даюць і цяпер?
Пасля вызвалення Лунінеччыны ад фашыстаў 15-гадовы Уладзіслаў падаўся на вучобу ў Мікашэвічы, дзе была фабрычна-заводская школа. Потым юнака накіравалі ў Мікашэвіцкі дзіцячы дом, дзе ён спачатку ўзначальваў камсамольскую арганізацыю, а пасля заканчэння 8 класа працаваў піянерважатым і адначасова вучыўся ў старшых класах.
На музейным стэндзе — вокладка дзённіка будучага пісьменніка, а таксама ведамасць за 6 клас, якая сведчыць, што ён быў добрым вучнем.
На выбар будучай прафесіі Уладзіслава Нядзведскага паўплывала яго выпадковая сустрэча з пісьменнікам Якубам Коласам, які прыязджаў у Мікашэвічы як дэпутат Вярхоўнага Савета БССР. Пасля заканчэння філфака БДУ імя У.І.Леніна малады чалавек некалькі гадоў настаўнічаў на Лагойшчыне. Затым перабраўся ў Мінск, дзе працаваў на Беларускім тэлебачанні, у часопісе “Маладосць” і выдавецтве “Мастацкая літаратура”. На жаль, жыццёвы шлях пісьменніка аказаўся нядоўгім: ён трагічна загінуў у аўтакатастрофе ў кастрычніку 1973 года.
На музейных стэндах — фотаздымкі У.І.Нядзведскага з яго роднымі, вокладкі кніг аўтара, членскі білет Саюза пісьменнікаў СССР, куды ён уваходзіў, ілюстрацыі да аповесці “Хлопцы з другога корпуса” і нават апошні верш.
Адна з вуліц у Мікашэвічах названа ў гонар вядомага земляка, а рашэннем Брэсцкага аблвыканкама Мікашэвіцкай гімназіі было нададзена імя У.І.Нядзведскага, чым педагогі вельмі ганарацца. У 2013 годзе ва ўстанове ўрачыста адкрылі яго бюст. Штогод тут праходзяць літаратурна-музычныя сустрэчы. Ушанаваць памяць Уладзіслава Іосіфавіча прыязджаюць вядомыя пісьменнікі. Сёлета ўстанову наведалі ўнучка Якуба Коласа і Янкі Маўра Марыя Міцкевіч і ўнучка Якуба Коласа Вера Міцкевіч.
Адна з музейных залаў расказвае пра гісторыю ўзнікнення і развіцця Мікашэвіч, заснаваных амаль 240 гадоў назад Радзівіламі. Назва паселішча ўтварылася ад яго першага жыхара Мікаша. Хутчэй за ўсё, Мікашэвічы засталіся б глухой вёскай, каб не будаўніцтва чыгункі напрыканцы ХІХ стагоддзя. У лістападзе 1911 года тут пабываў будучы народны паэт Беларусі Якуб Колас, які ў той час настаўнічаў на Лунінеччыне. Мемарыяльная дошка ў яго гонар усталявана на будынку мясцовага чыгуначнага вакзала.
Асобная зала прысвечана дзейнасці Пінскага партызанскага злучэння на чале з В.З.Каржом, якое налічвала 8,5 тысячы лясных мсціўцаў і 15 тысяч рэзервістаў. Не пакідаюць раўнадушнымі спісы і фотаздымкі землякоў, якія ваявалі з фашыстамі.
Можна даведацца ў музеі і пра гісторыю адукацыі горада, якая пачалася ў 1907 годзе.
Сёння ў Мікашэвічах, акрамя гімназіі, дзейнічаюць 2 сярэднія школы і 4 дзіцячыя сады. Асаблівая гордасць — заслужаныя настаўнікі БССР Іван Забабуха, Аркадзь Чаша, Лідзія Мартыненка і Людміла Антонава.
Першым дырэктарам гімназіі, створанай 25 гадоў назад, стаў Сяргей Высоцкі, які шмат зрабіў для станаўлення ўстановы і пайшоў на заслужаны адпачынак толькі летась. Справу таленавітага папярэдніка і традыцыі, закладзеныя ім, працягвае Наталля Стральчэня:
— Наш дэвіз: “Вучыцца, каб ведаць, — ведаць, каб ствараць”. Гэтымі словамі кіруюцца ў рабоце 30 педагогаў, з якіх амаль 87% маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю, і каля 280 іх выхаванцаў. Вучні вынікова ўдзельнічаюць у алімпіядным руху і конкурсах даследчых работ. На рахунку педкалектыву 10 рэалізаваных інавацыйных праектаў, якія тычыліся бесперапыннай эканамічнай адукацыі, апрабацыі аўтарскіх тэхналогій і методык, укаранення розных выхаваўчых, вучэбных, кампетэнтнасных і кіраўніцкіх мадэлей работы.
***
Першы верш Уладзіслаў Нядзведскі надрукаваў у 1949 годзе ў пінскай абласной газеце “Палеская праўда”, а яго першы паэтычны зборнік убачыў свет у 1958 годзе. У гэтай і наступных кнігах вершаў (“Запрашэнне”, “У лясной старане”, “Размова з адсутнымі”) аўтар распрацоўваў тэму вайны, гераізму беларускага народа ў барацьбе з фашысцкімі акупантамі і пасляваеннага дзяцінства. Актыўна працаваў Уладзіслаў Іосіфавіч і ў прозе. У аўтабіяграфічнай аповесці “Хлопцы з другога корпуса”, якая вытрымала некалькі выданняў, без прыхарошвання паказана жыццё людзей у першыя пасляваенныя гады, у тым ліку дзяцей-сірот. Трагедыя ўласнай сям’і і свайго пасляваеннага ранняга юнацтва, успаміны пра дзіцячы дом і Мікашэвічы адлюстраваны ў творах “Балада пра дзве рукі”, “Дома”, “Кінамеханік”. Па ўспамінах сяброў, ён быў чалавекам самабытнага таленту і шырокіх здольнасцей, удумлівым і патрабавальным рэдактарам, надзейным таварышам.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ