Педагогі, якія працуюць у кірунку народнай культуры, атрымалі прафесійныя парады ад эксперта ў мастацтвазнаўстве

- 14:06Хранители традиций

Удасканаліць сваё майстэрства ў сферы мастацкай народнай культуры педагогі краіны мелі магчымасць падчас IV Рэспубліканскага педагагічнага форуму. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Старшыню Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, доктара мастацтвазнаўства, этнолага, прафесара Яўгена Сахуту добра ведае кожны педагог дадатковай адукацыі, які развівае разам са сваімі навучэнцамі народную мастацкую творчасць. Ён часта ўзначальвае журы на мастацкіх конкурсах сярод дзяцей і моладзі, а камісія пад яго кіраўніцтвам праводзіць пацвярджэнне званняў сталічных студый і аб’яднанняў па інтарэсах, якія з’яўляюцца народнымі і ўзорнымі. Па выніках нядаўняй такой пераатэстацыі ён па­дзя­ліўся сваімі заўвагамі наконт самых папулярных недахопаў у іх дзейнасці, даўшы слушныя парады кіраўнікам мастацкіх калектываў устаноў дадатковай адукацыі краіны падчас педагагічнага форуму.

— Традыцыйная народная мастацкая культура — гэта тое, што вылучае нас сярод іншых народаў. Яна не горшая і не лепшая, чым у суседзяў — яна наша. І далучэнне да яе дзяцей і ёсць патрыятычнае выхаванне. З гэтым добра спраўляецца большасць педагогаў. Вынікі работы калектываў выдатныя, асабліва тых, дзе кіраўнікі водзяць сваіх выхаванцаў на выставы, ездзяць з імі ў экспедыцыі і г.д. Але адначасова заўважаю і негатыўныя праявы. Калі людзі працуюць, памылкі — гэта натуральная рэч. І я хацеў бы ім дапамагчы іх выправіць, — адзначыў Яўген Міхайлавіч.

Нядаўна беларускае саломапляценне стала пятым аб’ектам нашага нацыянальнага набытку ў спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Цяпер вырашаецца пытанне аб уключэнні
ў гэты спіс і беларускай выцінанкі.

Вышыўка: матывы супраць копій

Што тычыцца работы з тэкстылем, то Я.М.Сахута адзначыў: у гэтым кірунку не заўсёды атрымліваецца знайсці тыя шляхі, якія могуць вывесці гэтыя работы ў сучасную культурную сферу. Асабліва гэта тычыцца вышыўкі. Але ён падкрэсліў, што часам сустракаюцца добрыя ўзоры. У прыватнасці, сярод сталічных калектываў, дзе ведаюць каштоўнасць традыцыйнай вышыўкі, Яўген Міхайлавіч адзначыў тыя, што працуюць у Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі і ў Палацы дзяцей і моладзі “Золак”.

— У традыцыі вышыўка — гэта чырвоныя ромбагеаметрычныя ўзоры на белым фоне, — працягнуў прафесар. — Калі гавару пра гэта з некаторымі педагогамі, яны спасылаюцца на тое, што такая вышыўка “старая”, а сёння неабходна прапаноўваць дзецям “нешта яркае, дэкаратыўнае”. І пры гэтым у іх руках дапаможнік “Современная художественная вышивка”, куплены ў кіёску. І коцікаў, і пейзажы, і рэпрадукцыі карцін дзеці вышываюць, механічна паўтараючы схему, а потым ра­зам са сваім кіраўніком радуюцца, што на іх вышыўцы тры мядзве­дзі Шышкіна атрымаліся нават лепшымі, чым на карціне самога Шышкіна. Кажаце, што традыцыйнай вышыўкай сучаснае дзіця не зацікавіш? Ды вазьміце вы проста кавалачак белай тканіны, разбэрсайце яе на мохрыкі па краях, а ў куточку пасадзіце васьміканцовую разетачку! І сурвэтка гатова! Калі дзіця маме падорыць яе ці цэлы набор такіх, яна ніколі не папракне сына ці дачку, што гэта несучасна. Асабліва, калі гэта будзе зроблена якасна.

Яўген Сахута падзякаваў усім педагогам, якія працуюць у кірунку традыцыйнага мастацтва, і дадаў:

— Традыцыйная мастацкая культура дапамагае педагогам выконваць не толькі творчыя задачы, але і выхаваўчыя. І перш за ўсё дапамагае выхаваць у дзецях пашану і любоў да роднага краю, да яго культурных традыцый — багатых, адметных і, на вялікае шчасце, захаваных да сённяшняга дня, а часам вернутых з нябыту, у тым ліку і вашымі рукамі і намаганнямі.

Саломапляценне: супадзенне практычнасці з эстэтычнасцю

Я.М.Сахута падкрэсліў: ён рады таму, што сярод кірункаў, якія паспяхова развіваюцца ва ўстановах дадатковай адукацыі, адзін з самых папулярных — саломапляценне:

— Гэта наш нацыянальны феномен. Мы ганарымся тым, што нядаўна беларус­кае саломапляценне было ўключана ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Салома — гэта такі матэрыял, з якога нават пры жаданні нічога дрэннага не зробіш. Яна сама дыктуе тыя віды творчасці, якімі мы і ганарымся перад усім светам. Праўда, некаторыя педагогі яшчэ, відаць, на стадыі пошуку, таму і з’яўляюцца на выставах іх саламяныя самавары, скрыпкі і падобныя рэчы. У народнай творчасці няма рэчаў, якія не ма­юць практычнага сэнсу. Вы ж у такі самавар вады не нальяце і на скрыпцы не сыграеце. Супадзенне практычнага і эстэтычнага — асноўная якасць народнай мастацкай творчасці, у тым ліку прадметнай. Таму пазбягайце такіх рэчаў.

Роспіс па шкле: памятайце пра спецыфіку!

Па словах мастака, роспіс па шкле найменш прадстаўлены ў цэнтрах творчасці. Сціпла ён прадстаўлены і на выставе народных і ўзорных студый выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Тэрыторыя творчасці”, якая цяпер прахо­дзіць у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Магчыма, гэта звязана з тым, што педагогі перажываюць за бяспеку на занятках пры рабоце са шклом. Мастак раіць вырашыць гэтую праблему простым абклейваннем паперай тарцоў шкла па перыметры перад работай. Што да тэхнікі, ён тлумачыць:

— Тут галоўнае за­своіць, што шкло — гэта не проста паверхня, на якой можна ствараць свой твор, як на палатне ці на аркушы. Роспіс па шкле — арыгінальны від творчасці, і выконваецца роспіс толькі з адваротнага боку лакальнымі колерамі па контуры, які робіцца чорнай фарбай ці тушшу і наносіцца звычайным пэндзлем. Па традыцыі пад незафарбаваныя ўчасткі можна падкладваць мятую фольгу. Некаторыя, не ведаючы гэтай спецыфікі, робяць цэлыя кампазіцыі, пейзажы зверху шкляной пласціны.

Выцінанка: фантазія і эксперыменты

Выцінанка — сучасны від творчасці. Ён нараўне з саломапляценнем выдатна развіты ў цэнтрах творчасці. І не толькі таму, што гэта нацыянальна-адметны від народнай творчасці, але і таму, што даступны ўсім катэгорыям і ўзростам лю­дзей.

Яўген Сахута гаворыць:

— Для работы дастаткова аркуша паперы і нажніц. Таму выцінанка і пачала трыумфальнае шэсце па сферы дадатковай і нават дашкольнай адукацыі. Толькі нагадаю, што выцінанка — гэта выразанне не проста з паперы, а з паперы, скла­дзенай у некалькі столак. Сюжэт ці ўзор паўтараецца столькі разоў, у колькі разоў складзены аркуш. І тут у мяне просьба: калі ласка, не капіруйце работы іншых майстроў! На першых этапах, калі дзеткі толькі асвойваюць гэтае мастацтва, дапушчальна асновам кампазіцыі, малюнка, стылізацыі павучыцца, капіруючы работы вядомых майстроў. Толькі не выдавайце потым гэтыя работы за свае! Я добра ведаю работы нашых майстроў, таму адразу бачу іх копіі. Вы можаце і не ведаць, што навучэнец паўтарыў работу з таго ж інтэрнэту. І гэта дарэмна. У дзяцей хопіць фантазіі прыдумаць свой твор самастойна.

А што ж можна прыдумаць у выцінанцы? Па словах выступоўцы, што заўгодна! І арнаментальныя кампазіцыі, і сюжэтна-тэматычныя, і іншыя. Узятыя ў рамку пад шкло, яны выдатна пады­дуць для аздаблення любога, нават самага сучаснага, інтэр’ера.

Вяртаючыся да пытання практычнасці, Я.М.Сахута прапаноўвае педагогам варыянт стварэння віншавальных паштовак:

— Па-першае, гэта выдатны мастацкі твор, а па-другое — цудоўны падарунак, які не параўнаецца з масавай прадукцыяй, якая прадаецца ў магазінах. Такія работы будуць выглядаць унікальна, прыгожа, нацыянальна-адметна і патрыятычна.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара і з архіва Я.М.Сахуты і НЦМТДіМ