Педагогіка духоўнасці і творчасці

- 12:12Людзі адукацыі

Мікалай Міхайлавіч Іваненка — педагог душэўны і ўнікальны. У свой час скончыў Мінскі інстытут культуры па спецыяльнасці “Метадыст-арганізатар”, але ўсё сваё прафесійнае жыццё прысвяціў школе і дзецям, якім служыць шчыра і аддана амаль трыццаць гадоў. Апошнія 14 гадоў Мікалай Міхайлавіч працуе ў гімназіі № 2 Вілейкі. Ён намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, актыўна ўключаны ў інавацыйную дзейнасць гімназіі, дбае пра духоўна-маральнае выхаванне гімназістаў, шмат гадоў курыруе культурна-эстэтычны цыкл, які для яго як жывая вада, бо творчасць дае сілы жыць і працаваць.

***

Культурна-эстэтычны цыкл у гімназіі прадстаўлены факультатыўнымі заняткамі музычнай, мастацкай, тэатральнай і харэаграфічнай накіраванасці. Гэта цэлая палітра вучнёўскіх творчых калектываў, многія з якіх вядомы не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы. Толькі ў мінулым навучальным годзе творчасцю былі захоплены 311 навучэнцаў гімназіі.

Не першы год гонар гімназіі на раённых і абласных аглядах мастацкай творчасці абараняюць танцавальны калектыў “Карагод” (мастацкі кіраўнік Ірына Генадзьеўна Новік); фальклорны калектыў “Чабарок” (мастацкі кіраўнік Таццяна Валер’еўна Каркотка); студыя патрыятычнай песні “Спадчына” (мастацкі кіраўнік Аляксандр Вячаслававіч Жук); студыя эстраднай песні “Вясёлка” (мастацкі кіраўнік Святлана Давыдаўна Ляшкевіч); хор “Вясёлыя ноткі” (мастацкі кіраўнік Марына Эдуардаўна Апралянская, канцэрт-майстар Кацярына Уладзіміраўна Літвіновіч); польскамоўны тэатральны калектыў “Пшэдвёснэк” (мастацкі кіраўнік Людміла Вячаславаўна Сяргей); студыя мастацкага чытання “Ветразь” (мастацкі кіраўнік Мікалай Міхайлавіч Іваненка); танцавальны калектыў “Вільяна” (мастацкі кіраўнік Кацярына Сяргееўна Ракецкая); студыя выяўленчага мастацтва “Залатая палітра” (кіраўнік Святлана Геранімаўна Чабатар); студыя дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Майстар” (кіраўнік Наталля Генадзьеўна Гулецкая).

У гімназіі працуюць вядомыя музыканты, лаўрэаты шматлікіх міжнародных конкурсаў: Барыс Пятровіч Харэвіч, Сяргей Рыгоравіч Скаражонак, Уладзімір Аляксеевіч Версан. Мікалай Міхайлавіч не без гонару пералічыў імёны настаўнікаў, мастацкіх кіраўнікоў і творчыя дасягненні за мінулы навучальны год.

“Усе значныя гарадскія і раённыя мерапрыемствы, паказы, канцэрты і акцыі праходзяць з удзелам нашага танцавальнага калектыву, студый патрыятычнай песні, мастацкага чытання, эстраднай песні. Гімназія даўно і сістэмна супрацоўнічае з цэнтрам эстэтычнага выхавання, Палацам культуры, дзіцячай школай мастацтваў, гістарычным музеем, бібліятэкамі, Вілейскім каледжам, музейным комплексам Першай сусветнай вайны ў вёсцы Заброддзе. Стала добрай традыцыяй правядзенне дабрачынных мерапрыемстваў, удзел у акцыях, канцэртах разам з сацыяльнымі службамі і іншымі арганізацыямі.

У гімназіі аформлены этнаграфічны куток, працягваецца збор матэрыялаў для стварэння музея этнаграфіі і фальклору. Рэгулярна арганізуюцца фальклорныя фестывалі і святы, вечары народнага танца з удзелам фалькларыстаў і музыкантаў Вілейшчыны, Маладзечна і Мінска. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца майстар-класы па народным танцы і народных спевах, якія праводзяць Зінаіда Васільеўна Крупская і Таццяна Валер’еўна Каркотка ў суправаджэнні прафесійнага ансамбля настаўнікаў культурна-эстэтычнага цыкла, цымбаліста Івана Віктаравіча Валынца, музыкантаў-гасцей. На такія святы запрашаюцца ўдзельнікі клуба ветэранаў Вілейскага палаца культуры, ветэраны педагагічнай працы, танцавальныя калектывы гімназіі, усе жадаючыя гімназісты, бацькі, педагогі, жыхары горада”, — працягваў Мікалай Міхайлавіч.

***

Мяне ж вельмі ўразіў творчы праект “Вясельная лялька “Неразлучнікі”, які быў прадстаўлены на гімназічнай і раённай канферэнцыях вучнёўскіх работ даследчага характару (дыплом І ступені), на рэгіянальнай канферэнцыі (дыплом ІІ ступені), студэнцкай навуковай канферэнцыі ў БДПУ імя Максіма Танка (дыплом і падзяка). Даклад па тэме праекта быў прадстаўлены Мікалаем Міхайлавічам на Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Аўтэнтычны фальклор: праблемы захавання, вывучэння, успрымання” і надрукаваны ў зборніку навуковых работ, які выйшаў у маі 2017 года.

У гімназіі № 2 Вілейкі аднавілі мясцовую традыцыю вырабу вясельнай лялькі “Неразлучнікі”. Такая лялька апошні раз выкарыстоўвалася ў вясельных рытуалах амаль сто гадоў назад! “Традыцыя была страчана, і ніхто на Вілейшчыне ўжо не памятае пра яе. Выраб такіх лялек стаў магчымы дзякуючы апрацоўцы запісаў этнаграфічных экспедыцый амаль дваццацігадовай даўнасці. У аснову даследчай работы былі пакладзены звесткі, атрыманыя ад Любові Іванаўны Высоцкай з вёскі Багданава, Аляксандры Міхайлаўны Харэўка з вёскі Хамянцы, Дзіны Карлаўны Квяткевіч з вёскі Талуці.

У некаторых вёсках на Вілейшчыне рабілі да вяселля з нітак саламяных лялек у якасці абярэгаў: “Ён і Яна”, “Манька і Іванька”. А яшчэ ў каравай уторквалі ляльку “Малады і Маладая”, умацаваную на рагульцы (разгалінаванай на дзве часткі галінцы). Гэта і ёсць прыклады вясельнай лялькі “Неразлучнікі”, якую яшчэ называлі “Адзінаручка”. Адну з разнавіднасцей лялькі рабілі не больш за 15—20 сантыметраў у вышыню. Калі маладых везлі вянчацца, то ў вясельнай вупражы яе мацавалі на дугу над цэнтральным канём (калі была тройка). Верылі, што лялька аберагае маладых ад сурокаў і адганяе злыя сілы. Пасля вяселля ляльку захоўвалі ў сям’і.

“Як і ў даўніну, мы пачалі рыхтавацца да вырабу вясельнай лялькі “Неразлучнікі” загадзя. Спачатку падрыхтавалі ўсе неабходныя матэрыялы і спланавалі работу, раздзяліўшы яе на тры асноўныя этапы: выраб каркаса, шыццё адзення і выраб абутку, апрананне і аздабленне лялькі.

Па сведчаннях жыхароў вёсак, амаль кожны рух у рабоце над лялькай мае рытуальнае значэнне. А гэта значыць, што калі штосьці зробіш не так (парушыш паслядоўнасць дзеянняў або не тыя словы ці думкі дапусціш), то магічная абарончая сіла лялькі будзе страчана часткова ці поўнасцю. Мы, канечне, не язычнікі, таму на магічныя акалічнасці не звярталі ўвагі. Сама работа над вырабам лялькі ў эстэтычным плане цікавая і вельмі прыцягальная. Мы стараліся рабіць усё так, як бы рабіла колішняя маці для сваёй дачкі, каб атрымалася сапраўдная вясельная лялька, на якую было б не сорамна самім паглядзець і людзям паказаць.

Для вырабу каркаса лялькі можна выкарыстоўваць дрэўкі або галінкі з любой ліставой пароды, акрамя асіны. Па народных павер’ях, асіна лічылася нядобрым дрэвам. Нават на дровы яе стараліся не выкарыстоўваць, бо асінавае паленне моцна трашчыць, адшчэплівае вугольчыкі і выкідае іх з печы, што можа стаць прычынай пажару. У нашым выпадку мы выкарысталі бярозавыя дрэўкі даўжынёй 60 сантыметраў на агульную руку і па 25 сантыметраў на перакрыжаванні. Раней дрэўкі не збівалі цвікамі — яны мацаваліся ніткамі, наматанымі накрыж. Звязаныя галінкі ці дрэўкі абмотвалі суцэльнай ніткай, спрадзенай з лёну ці канапель. Канцы ніткі хаваліся, каб іх не было відаць, што сімвалізуе схаванасць ад чужых вачэй сямейных таямніц. Спачатку драўляную аснову змазвалі смолкай з вішні ці слівы, мёдам або салодкай вадой. Пачынаючы з галавы “мужа” (у сям’і ўсё залежыць ад яго розуму), маскіруючы канец ніткі, аснову шчыльна ўкручвалі да перакрыжавання (грудзей), затым ішлі па суцэльнай руцэ да правай рукі “жонкі” (ад яе працавітасці залежыць дабрабыт у хаце). Затым вярталіся (уся аснова павінна быць абкручана ўдвая) да грудзей “жонкі”, ішлі далей, да галавы, і зваротна да самага нізу, потым зноў да грудзей і праз суцэльную руку да левай рукі “мужа”. Такім чынам, першым бывае абкручаны каркас жаночы, што сімвалізуе клопат і ахову яе з боку мужа. З левай рукі мужчыны вярталіся да нізу і падымаліся да галавы, што зноў жа сімвалічна сцвярджае: апошняе слова ў сям’і заўсёды належыць мужу. Край ніткі не адразалі, а адкусвалі і маскіравалі. Абвіваючы каркас, майстрыха ўвесь час прыгаворвала: “Каб галоўка светлай была, душы не страдалі, ручкі стомы не зналі, утроба не балела, дзетак нараджала і ў шчасці спявала”. Нітка прыставала да змазанага дрэўка, і праз некалькі гадзін яе немагчыма ўжо было адарваць.

Наш каркас для лялькі мы абкручвалі ніткай па ўсіх правілах, толькі без прыгаворак. Ён атрымаўся моцным, як таго і патрабуе адпрацаваная народам тэхналогія вырабу вясельнай лялькі. Пасля завяршэння работы над каркасам мы прыступілі да шыцця і аздаблення адзення жаночага і мужчынскага, стараючыся прытрымлівацца вядомых нам правіл адносна народнага касцюма вілейскага строю. Хаця адзенне не з’яўляецца застылай катэгорыяй і з развіццём грамадства пастаянна мяняецца, аднак яго крой, характар упрыгажэнняў, тэрміналогія вельмі ўстойлівыя. Поўны ансамбль вілейскага строю і кожная з яго частак — гэта сапраўдныя творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

У рабоце над адзеннем і абуткам нам спатрэбіліся ранейшыя напрацоўкі. Некалькі гадоў назад у гімназіі быў адноўлены рэгіянальны святочны касцюм, таму без асаблівых цяжкасцей змаглі вырабіць святочную вопратку для вясельнай лялькі, блізкую да арыгінала. Абуваць ляльку можна было і ў чобаты ці чаравікі, але мы наўмысна выбралі лапці. Гэта, бадай, адзін з самых цікавых атрыбутаў сялянскага вобраза. Белыя анучкі, ільняныя аборы — сціпла і вельмі прыгожа. Да таго ж лапці — гэта самы натуральны і самы экалагічны абутак”, — падзяліўся сваім досведам Мікалай Міхайлавіч Іваненка.

Магчыма, для спецыялістаў-этнографаў такая інфармацыя з’яўляецца працоўнай. Для мяне яна стала сапраўдным адкрыццём, своеасаблівай рытуальнай казкай. Мікалай Міхайлавіч перакананы, што такія даследчыя праекты дапамагаюць будаваць каштоўнасныя арыенціры маладых людзей. Не сумняваюся, што ўсе, хто працаваў над лялькай “Неразлучнікі”, перагледзелі і пераасэнсавалі сваё ўяўленне пра сям’ю.

***

Партрэт майго сённяшняга суразмоўніка, напэўна, будзе няпоўным, калі не згадаць пра яшчэ адну сферу яго дзейнасці. У пачатку артыкула я адзначыла, што Мікалай Міхайлавіч дбае пра духоўна-маральнае выхаванне гімназістаў. Падчас нашай размовы ён падкрэсліваў значнасць чалавечай маральнасці, гаварыў, што ў кожнага з нас павінен быць духоўны стрыжань. У гімназіі працуе раённы рэсурсны цэнтр па духоўна-маральным выхаванні, які з’яўляецца базай для класных гадзін і гутарак на розныя тэмы. Уся літаратура ў рэсурсным цэнтры знаходзіцца ў вольным доступе. Дарэчы, усе кнігі — з асабістай бібліятэкі Мікалая Міхайлавіча, і ён не забараняе вучням або іх бацькам, калегам браць іх дадому. Калі нешта трапіла на вочы і захацелася пачытаць — калі ласка, бярыце і чытайце.

З 2011 па 2014 год у гімназіі рэалізоўваўся інавацыйны праект “Укараненне мадэлі ўзаемадзеяння сям’і і агульнаадукацыйнай установы ў сучасным сацыякультурным асяроддзі”. Асноўнай ідэяй інавацыйнага праекта стала развіццё і ўдасканаленне форм і метадаў узаемадзеяння сям’і і школы ў сучасных умовах. Удзельнікі праекта распрацавалі методыку ўзаемадзеяння настаўнікаў і бацькоў у працэсе розных напрамкаў краязнаўчай работы, адрадзілі сямейныя традыцыі праз праграму дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Падарунак да свята”, была арганізавана работа бацькоўскіх аб’яднанняў (клуб “Давер” са школамі бацькоўства і мацярынства, клуб выхаднога дня), выкарыстаны новыя формы работы з бацькамі (канферэнцыя бацькоў), маральны патэнцыял хрысціянства ў сістэме выхавання і падрыхтоўкі вучняў да будучага сямейнага жыцця.

З 2014 па 2017 год педагагічны калектыў рэалізоўваў новы інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання каштоўнасна-сэнсавых кампетэнцый удзельнікаў адукацыйнага працэсу праз духоўна-асветніцкую работу”. Кіраўніком праекта ў гімназіі быў Мікалай Міхайлавіч Іваненка, які змог сінтэзаваць творчасць, хрысціянства і народную педагогіку:

“Мэта любой выхаваўчай сістэмы — падрыхтоўка чалавека да жыцця як сем’яніна, працаўніка, творцы, грамадзяніна. У аснове выхавання — клопат пра прадаўжэнне роду і вялікая любоў да нашчадкаў. Добра разумелі нашы продкі сэнс евангельскага папярэджання, што дом, пабудаваны на пяску, не ўстаіць. Таму спрадвеку падмуркам сямейнага ладу, сістэмы выхавання і падрыхтоўкі моладзі да будучага сямейнага жыцця з’яўляліся шэсць непахісных асноў: вера і глыбокая пашана да святыні; аўтарытэт бацькоў і падкрэсленая павага да дарослых; цнатлівасць як аснова здароўя сям’і, сапраўднага кахання і шчасця; працавітасць, адносіны да працы як да найвялікшай вартасці; дысцыпліна жыцця, у аснове якой — размераная цыклічнасць дня, тыдня, года; радасць жыцця (працы і свята) з цудоўнай сямейнай і каляндарнай абраднасцю, сугучнай гадавому колу хрысціянскага календара.

Першай і галоўнай выхаваўчай кнігай для кожнага чалавека з’яўляецца кніга жыцця яго бацькоў. І тут вельмі важна, якімі каштоўнасцямі жыве сям’я, што пакладзена ў аснову яе жыццядзейнасці і ўзаемаадносін, ці змогуць бацька і маці сваім прыкладам падарыць дзецям здольнасць быць шчаслівымі. Спрадвеку нашы продкі добра разумелі гэта. Можа, таму і не перакладвалі адказнасці за выхаванне дзяцей ні на царкву, ні на школу, ні на кагосьці з родзічаў. Як гаварылася ў народзе: “Якое дрэва, такі і клін — які бацька, такі і сын”, “Яблык ад яблыні далёка не коціцца”, “Які род, такі і плод”, — адзначыў Мікалай Міхайлавіч.

Напрыканцы хачу адзначыць, што Мікалай Міхайлавіч разам з намеснікам дырэктара Хрысцінай Іванаўнай Гардынец распрацавалі аўтарскія курсы лекцый па праблемах духоўна-маральнага выхавання, народнай педагогікі, хрысціянскіх асноў наладжвання сямейнага жыцця і сямейнага выхавання з прэзентацыямі. Лекцыі чытаюцца на курсах павышэння кваліфікацыі для педагогаў у МАІРА.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.